Дзень Параф’янаўскага сельсавета

Традыцыйна ў дзень сельсавета па ўсіх населеных пунктах таго ці іншага савета адбываюцца прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях. Жыхарам нават самых аддаленых вёсак сельсавета ёсць магчымасць звярнуцца са сваімі запытамі да прадстаўнікоў раённай улады.

Так адбылося і ў дзень Параф’янаўскага сельсавета. У 18 яго вёсках, акрамя вёскі Мураўшчына, дзе людзі не пражываюць, прайшлі сустрэчы з жыхарамі. Былі выслуханы не толькі звароты грамадзян, але і вывучаны ўмовы пражывання і ўзровень абслугоўвання насельніцтва гэтых вёсак. Змястоўныя, зацікаўленыя размовы знайшлі водгук у сэрцах вяскоўцаў. Яны разумеюць, што раённая ўлада цікавіцца станам спраў на тэрыторыі сельсавета і рэальна дапамагае вяскоўцам вырашыць іх праблемы. А праблемы з цягам часу, канечне, узнікаюць.

На выніковым пасяджэнні падрабязна былі разабраны ўсе звароты грамадзян і прыняты канкрэтныя рашэнні. Так, будзе агароджаны парк ля школы ў Параф’янаве. У Юркаўшчыне плануецца пачысціць водаадводныя канавы, а то вада пасля дажджоў затапляе прысядзібныя ўчасткі. У вёсках Юркаўшчына і Целяшы патрабуе рамонту воданапорная вежа. Жыхары Грынеўшчыны і Вазноўшчыны звярнуліся з просьбай змяніць на больш зручны для іх расклад руху аўтобуса з Докшыц. Рамонт дарогі патрэбны ў Свірках. Адрамантаваць калодзежы патрэбна ў Лібараўшчыне, калонкі ў Свірках. Наогул няма вады, якая б была прыдатная для ўжывання, у Лайкове. Аварыйныя дрэвы будуць спілаваны ў Целяшах.

Таксама паступалі звароты грамадзян і па іншых пытаннях. Як падкрэсліў падчас падвядзення вынікаў дня сельсавета старшыня райвыканкома А.Л. Пінчук, у ходзе дня савета былі ўзняты элементарныя жыццёва важныя пытанні, якія патрабуюць штодзённай зацікаўленасці з боку старшыні сельскага Савета праблемамі людзей. Вырашэнне гэтых пытанняў узята на кантроль адказнымі работнікамі райвыканкома.

Людміла ГІЛЬНІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *