Экалогія з прадпрымальніцкім ухілам

Як вядома, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 43 ад 3 лютага 2011 год аб’яўлены Годам прадпрымальнасці. Сёння перад грамадствам стаіць маштабная задача – зрабіць ва ўсіх галінах і сферах дзейнасці рашучы рывок. Асноўнай рухаючай сілай якога і з’яўляецца прадпрымальнасць, ініцыятыва і актыўнасць. Дзе б мы сёння ні працавалі, павінны быць не проста выканаўцамі, якія кіруюцца шаблонам, а сапраўднымі гаспадарамі сваёй дзейнасці. Ад кожнага спецыяліста патрабуецца творчы падыход, уменне бачыць перспектыву і запаліць наватарскай ідэяй іншых. Асабліва гэта тычыцца кіраўнікоў. Незадоўга да Дня аховы навакольнага асяроддзя карэспандэнт газеты пацікавілася ў кіраўнікоў самых буйнейшых прыродаахоўных інспекцый і лясной гаспадаркі нашага раёна, як яны разумеюць дадзены дакумент і як прымяняюць яго ў сваёй прафесійнай дзейнасці.

Віктар Ільіч Апанасевіч, начальнік Докшыцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

– Галоўная наша задача – забяспечваць кантроль за выкананнем нормаў экалагічнай бяспекі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Інспекцыя павінна сачыць за правільным выкарыстаннем і аховай зямель, паверхневых і падземных вод, атмасфернага паветра, расліннага і жывёльнага свету, рыбных запасаў, асабліва ахоўных тэрыторый і аб’ектаў. Зыходзячы з гэтага, сваю прадпрымальнасць бачу ў тым, каб знаходзіць эфектыўныя метады работы для зніжэння колькасці парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Паказчыкам маёй работы і работы інспекцыі павінна быць не найбольшая колькасць выяўленых парушэнняў, аформленых пратаколаў і штрафаў, а, наадварот, – іх адсутнасць. Эфектыўнай лічу ў гэтым кірунку прафілактычную работу, таму надаю ёй вялікую ўвагу. Людзі павінны быць своечасова праінфармаваны пра разнастайныя прыродаахоўныя забароны і патрабаванні. Для гэтага перыядычна праводжу “прамыя лініі”, выязныя прыёмы, гутаркі з кіраўнікамі арганізацый, прадпрымальнікамі і ўласнікамі прыродных тэрыторый, даю інфармацыю ў раённыя сродкі масавай інфармацыі. Мая задача – папярэдзіць і не дапусціць адмоўнага ўздзеяння на акаляючае наваколле – гэта і азначае прадпрымальнасць для мяне і работнікаў інспекцыі.

Аляксей Іванавіч Пракопаў, дырэктар ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”:

– Прадпрымальнасць я разумею як дзелавую якасць чалавека, якая праяўляецца ў яго энергічнасці, знаходлівасці, вынаходніцтве, упэўненасці ў рашэнні задач. Прадпрымальнасць з’яўляецца неабходнай рысай кіраўніка, без яе немагчымы поспех і развіццё ў любой дзейнасці, у тым ліку і гаспадарчай. Наша мэта – рухацца наперад, у нагу з сучаснасцю. Таму мы ўдзяляем вялікую ўвагу ўвядзенню новых тэхналогій у лясной гаспадарцы, пошуку новых рынкаў збыту прадукцыі як у нашай рэспубліцы, так і за мяжой. Імкнёмся прыцягваць замежныя інвестыцыі, рэалізоўваць інавацыйныя праекты.

Для гэтага стварылі новую сушыльную вытворчасць, набылі новую лесанарыхтоўчую тэхніку, якая дазваляе павялічыць аб’ём лесанарыхтовак, апрабавалі новую вытворчасць па выпуску піламатэрыялаў і паганажных вырабаў. У цяперашні час праводзім мантаж абсталявання для вытворчасці драўняных паліўных гранул (ПЕЛЕТ), каб у далейшым наладзіць экспарт гэтай прадукцыі ў Еўропу. Рэканструюем гадавальнік для таго, каб павялічыць яго плошчу і мець магчымасць вырошчваць больш пасадачнага матэрыялу і рэалізоўваць яго на ўнутраным рынку. Будуем паляўнічы комплекс для павелічэння валютных паступленняў ад замежнага турызму. Закупляем лесанарыхтоўчую тэхніку тыпу “Харвестер” і “Форвардер”, якая дазволіць павялічыць аб’ёмы нарыхтоўкі і вывазкі драўніны.

Сяргей Ягоравіч Захарэвіч, начальнік Бягомльскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету:

– Прэзідэнтам пастаўлены канкрэтныя задачы па дзейнасці інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету: калі чалавек здзейсніў нязначнае правапарушэнне, то яму трэба на яго паказаць і папярэдзіць аб недапушчальнасці такіх паводзінаў, калі ж правапарушэнне сур’ёзнае, то адказаць парушальнік павінен па ўсёй строгасці закона. Акрамя кантролю за аховай прыроды, у абавязкі інспекцыі ўваходзіць своечасовае данясенне да насельніцтва інфармацыі аб правілах вядзення палявання, рыбалоўства, збору грыбоў і ягад, аб карыстанні іншымі прыроднымі рэсурсамі. Выкананне гэтых патрабаванняў, каб яны далі добры эфект – зніжэнне колькасці правапарушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, – і ёсць прадпрымальнасць у сферы нашай дзейнасці. Мы павінны прадумваць новыя формы кантролю і прафілактычнай работы, павінны наладжваць супрацоўніцтва з кіраўнікамі арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, шукаць аднадумцаў і памочнікаў. Чым больш у свеце будзе нераўнадушных да прыродаахоўнай справы людзей, тым багацей і прыгажэй будзе наша прырода. Асновы прадпрымальніцтва ў рабоце інспекцыі заключаюцца ў тым, каб захаваць і прымножыць прыродныя багацці, пакінуць нашым нашчадкам не “пустыню”, а зямлю, напоўненую раслінамі, жывёламі, рыбамі і птушкамі. Ад гэтага ў многім будзе залежаць і прыбытак гаспадарак, якія займаюцца паляваннем і рыбалоўствам.

Для дасягнення жадаемых вынікаў многа патрэбна зрабіць. Найперш патрэбна аб’яднаць намаганні ўсіх раённых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Кожнаму кіраўніку трэба падумаць, як яго прафесійная дзейнасць адгукаецца на прыродзе і ці не парушае ён закон. Трэба наладзіць узаемапаразуменне з насельніцтвам і разам змагацца за ахову прыроды.

Пыталася Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *