Гісторыя подзвігу ў экспанатах

У 1968-м годзе было вырашана стварыць Музей народнай славы, дзе можна было б сабраць усе экспанаты, што сведчылі б аб неўміручым подзвігу партызан, салдат, мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля падрыхтоўчай работы, якая доўжылася два гады, 8 мая 1970 года музей у Бягомлі быў адкрыты. Яго першым дырэктарам быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Пятровіч Марозаў. Навуковым супрацоўнікам працаваў партызан брыгады “Жалязняк” Пётр Мікалаевіч Добыш. Жалезнякоўцам быў і Фёдар Міхайлавіч Літвінок, які працаваў дырэктарам з 1973-га па 1985-ы год. Вельмі шмат для вывучэння гісторыі раёна зрабіў гісторык Дзмітрый Іванавіч Грабоўскі. У музеі дырэктарствавалі У.К. Герасімёнак, Г.М. Аўтушка і іншыя. Спачатку яго экспазіцыі размяшчаліся ў аднапавярховым будынку былой канторы саўгаса “Бягомльскі”. У снежні 1985-га музей быў пераведзены ў двухпавярховы мураваны будынак, узведзены ў 1890-м годзе. Агульная плошча экспазіцый, што былі размешчаны ў музеі, складае 474 квадратныя метры. Налічваецца больш за 17 тысяч экспанатаў, з іх 13,5 тысячы – гэта асноўны фонд.
Экспазіцыі музея размешчаны ў васьмі залах. З гэтай колькасці шэсць прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Яны расказваюць аб стварэнні антыфашысцкіх падпольных груп, партызанскай барацьбе, абароне Ленінграда, Масквы, Брэсцкай крэпасці і Сталінграда. Ёсць шмат дакументальных матэрыялаў аб дзейнасці брыгады “Жалязняк”, партызанскага аэрадрома ў Бягомлі, вызваленні гарпасёлка ў снежні 1942-га года. Сярод экспанатаў цікавасць уяўляюць медыцынскія інструменты, друкарскі станок, наборная каса друкарні, дзе выдавалася падпольная газета “Савецкі патрыёт”, партызанскія лістоўкі. У музеі сабраны таксама звесткі пра Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў раёна. Створаны дзве дыярамы: “Партызанская пераправа на рацэ Бярэзіна” і “Падземны партызанскі шпіталь” (мастакі К.М. Саломка і С.С. Шафрановіч).

У 1989 годзе была адкрыта экспазіцыя, якая адлюстроўвае жыццё і побыт мясцовага насельніцтва. Экспануюцца таксама творы жывапісу, скульптуры, матэрыялы пра пісьменнікаў-землякоў, ураджэнцаў Бягомльшчыны: Ю. Свірку, А. Ставера, Л. Чарняўскую, кампазітара Н. Сакалоўскага. Супрацоўнікі музея перыядычна ствараюць часовыя экспазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам падзей, якія адбываліся на тэрыторыі раёна. У апошні час папулярнасцю ў наведвальнікаў карысталася выстава, прысвечаная Хрышчэнню Русі, а таксама выстава, прысвечаная воінам-афганцам. Экспанаваліся работы мастакоў А. Вішнеўскага і І. Плыгаўкі, вышыўкі сям’і Бабакаў, малюнкі дзяцей, прысвечаныя маці, работы выхаванцаў Бягомльскай школы-інтэрната.

Музей садзейнічае патрыятычнаму выхаванню моладзі раёна, падтрымлівае сувязі з ветэранамі вайны і працы, школамі і працоўнымі калектывамі. Напярэдадні 9 Мая ў памяшканні музея вучняў школ раёна прымаюць у піянеры. Адбылася такая падзея і сёлета. Некалькі дзесяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўрачыстай абстаноўцы, прасякнутай духам подзвігу іх прадзедаў, сталі піянерамі.

Ала КАРАЛЕВІЧ,
в.а. дырэктара
Бягомльскага музея народнай славы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *