Представители власти Докшицкого района ответили на вопросы жителей

У аўторак, 18 кастрычніка, прайшоў дзень Тумілавіцкага сельсавета. Ва ўсіх яго населеных пунктах былі праведзены сустрэчы прадстаўнікоў раённай улады, кіраўнікоў службаў раёна з мясцовым насельніцтвам, у час якіх жыхарамі ўзняты надзённыя пытанні, на якія яны атрымалі канкрэтныя адказы.

У цэнтры сельсавета – вёсцы Тумілавічы – прыём грамадзян вёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук.
З пытаннем наконт правядзення рамонту вуліцы Новай, якая была пакінута ў непрыглядным стане пасля работ па пракладцы водаправода, звярнулася жыхарка гэтай вёскі Алена Міхайлаўна Кукуля. Кіраўнікам ДРБУ-180 і РУП ЖКГ старшыня райвыканкама вызначыў двухтыднёвы тэрмін для навядзення парадку.

Жыхарка вёскі Таргуны Лілія Анатольеўна Новікава папрасіла дазволу і дапамогі ў стварэнні музея царкоўных святароў. Гэта пытанне даручана разгледзець аддзелу ідэалагічнай работы райвыканкама.

Пытанне аб газіфікацыі вуліцы Камсамольскай узняла жыхарка гэтай жа вёскі Галіна Анатольеўна Казлова і атрымала адказ, што работа пачалася ўжо.

Жыхар вёскі Несцераўшчына Іван Іванавіч Крупо, які ўтрымлівае каня на ўласным падворку, прасіў забяспечыць жывёліну сенам. Яму дадзены адказ такі: калі конскай сілай карыстаюцца і іншыя вяскоўцы, то сена трэба выдзеліць; у адваротным выпадку гаспадар каня павінен назапашваць корм самастойна.

Ад насельніцтва вёскі Вецяра паступіла калектыўная просьба правесці ямачны рамонт дарогі. Пытанне будзе вырашаць кіраўніцтва РУП ЖКГ, на балансе якога знаходзяцца дарогі.

А вось скарга Марыі Піліпаўны Есіпенка на тое, што з чэрвеня месяца не працуе радыёсувязь, выклікае здзіўленне. Навошта жанчына чакала да кастрычніка, а не звярнулася на вузел сувязі раней, або не паведаміла пра гэта, напрыклад, паштальёну. Канечне ж, няспраўнасць была ліквідавана.

Жыхары вёскі Дзедзіна прасілі правесці падсыпку дарогі да новых могілак. Па даручэнні старшыні райвыканкама гэта работа будзе арганізавана старшынёй Тумілавіцкага сельвыканкама, а ўдзел у ёй прымуць арганізацыі, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета (лясніцтва, школа), старэйшыны.

Ад насельніцтва вёсак Рачныя і Плітніца паступіла просьба аказаць дапамогу ў спілоўванні старых аварыйных дрэў.
Софія Дзмітрыеўна Падбярэзка з Рачных звярнулася з просьбай адрамантаваць калодзеж і падпаветку для дроў. Але ж, як высветлілася, у жанчыны ёсць дзеці, унукі. Ці ж не іх абавязак дапамагаць састарэлым бацькам?

Уладзімір Кірылавіч Васілевіч са Стараселля цікавіўся пытаннем забеспячэння дрывамі да ацяпляльнага сезона. Атрымаў адказ, што дровы будуць завозіцца па меры неабходнасці.

Пра тэрмін дастаўкі шчапаных дроў пыталася жыхарка вёскі Першамайск Ніна Паўлаўна Карніловіч. Жанчыне растлумачана, што спачатку гэтым палівам будуць забяспечвацца тыя, хто мае льготы, а затым па чарзе ўсе астатнія.

Ад насельніцтва вёсак Бірулі, Шалашы, Гічанцы ў дзень сельсавета пытанняў не паступіла. Людзі выказвалі ўдзячнасць за ўважлівыя да іх адносіны з боку кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, органаў мясцовай улады, хвалілі за добрую работу медыкаў, прадаўцоў, паштальёнаў.

Вынікі мерапрыемства па прыёме грамадзян на дні сельсавета падвёў на агульным пасяджэнні Алег Леанідавіч Пінчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *