У Докшыцах звароты грамадзян прыняты да ўвагі

У панядзелак, 12 снежня, старшыня райвыканкама  Алег Леанідавіч Пінчук правёў чарговую “прамую лінію”. За гадзіну, адведзеную на яе, да кіраўніка раёна звярнулася 5 чалавек. Пытанні паступілі самыя розныя, і ніводнае не засталося па-за ўвагай.

Першай патэлефанавала жыхарка  г.п. Бягомль В.П. Краско. Спачатку Валянціна Пятроўна выказала падзяку за пракладку водаправода. А потым паскардзілася на тое, што  не асвятляецца вуліца Набярэжная, дзе яна пражывае. “Нам хаця б адзін ліхтар”, – гаварыла жанчына. 

Як аказалася, непаладкі здарыліся на лініі, у выніку  чаго перагарэлі адразу ўсе лямпачкі. Разбірацца ў сітуацыі і прымаць меры па аднаўленні асвятлення вуліцы будуць жыллёва-камунальная гаспадарка, раён электрычных сетак і райсавет.

З аграгарадка вёскі Сітцы паступіў тэлефонны званок ад Францішкі Аляксандраўны Сушко.  Жанчына паведаміла пра недарэчную сітуацыю, у якой сама апынулася. Тэлефонны апарат, які яна купіла ў магазіне, пасля падключэння да лініі не запрацаваў. Лінію перад гэтым сувязісты праверылі, і яна была ў спраўнасці. Жанчына аднесла апарат у магазін. Прайшло тры месяцы, аднак да гэтага часу ні грошай, ні спраўнага тэлефоннага апарата не вярнулі. Разабрацца ў даным пытанні даручана адпаведным службам.

Ад Вольгі Віктараўны Жынгель, якая пражывае ў аграгарадку Порплішча, паступіў тэлефонны званок з просьбай аказаць ёй матэрыяльную дапамогу, паколькі памер пенсіі ў яе малы.

Аднак у гэтым годзе  яе просьба задаволена не будзе па той прычыне, што матэрыяльную дапамогу сёлета грамадзянка ўжо атрымлівала. Па законе, матэрыяльная дапамога можа быць аказана на працягу года толькі адзін раз. Жанчыне растлумачана, што атрымаць яе яна можа толькі ў наступным годзе.

Зварот на «прамую лінію» жыхаркі вёскі Крыпулі Вольгі Анатольеўны Раманоўскай тычыўся забеспячэння палівам. Як паведаміла жанчына, яна стаіць у чарзе на торфабрыкет з 11 лютага, але да сённяшняга дня яго яшчэ не атрымала.

В.А. Раманоўскай растлумачана, што ў першую чаргу торфабрыкетам забяспечваецца льготная катэгорыя насельніцтва. Яе зварот абавязкова разгледзяць, і  паліва будзе  завезена.

Завяршылася “прамая лінія” прыемным тэлефонным званком, які паступіў з вёскі Станіслаўцы Валкалацкага сельсавета. Таццяна Мікалаеўна Шабан  выказвала ўдзячнасць дырэктару Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марыі Аляксееўне Курдзека за тое, што яна прызначыла па доглядзе за ёй вельмі добрага сацыяльнага работніка: Людмілу Альфонсаўну Маланкову. ”Дзякуй вам за тое, што вы пра нас клапоціцеся”, – шчыра гаварыла жанчына.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *