Бібліятэкар са Станіслаўцаў

Бібліятэкар Станіслаўскай сельскай бібліятэкі Валянціна Раманоўская карыстаецца павагай і любоўю ў вяскоўцаў. Заўсёды ветлівая, сардэчная, яна ўмее знаходзіць агульную мову з кожным чытачом, ведае, чым яго зацікавіць, што параіць пачытаць.

Калі 17 год таму яна развіталася з прафесіяй прадаўца, бо прыйшлося вярнуцца дадому  даглядаць нямоглых бацькоў, то не думала, што выпадковае месца працы (у бібліятэцы якраз з’явілася вакансія) стане для яе любімай справай на ўсё жыццё. Да бібліятэкі яна прыкіпела сэрцам і душой, зрабіла гэту ўстанову культуры ўзорнай, хаця Станіслаўцы ўжо вёска нешматлюдная і жыццё тут не віруе.

Адметнасць работы Валянціны Баляславаўны ў тым, што яна не абмяжоўваецца толькі выдачай літаратуры, а вельмі шмат праводзіць з чытачамі масавай работы. Сама піша сцэнарыі, складае віктарыны, падбірае літаратуру, праводзіць гутаркі. Галоўныя і самыя дарагія яе чытачы – дзеці. Для іх маляўніча аформіла кніжны фонд. Напрыклад, каб прыцягнуць увагу да цікавых кніг, выставу-водгук “Мне цікава. А табе?” зрабіла ў выглядзе грузавіка-трэйлера, які вязе кніжкі, што спадабаліся чытачам. Вельмі шмат праводзіць з дзецьмі самых розных мерапрыемстваў: конкурсаў, падарожжаў, этнаграфічна-гістарычных гадзін і іншых. Шмат год пры бібліятэцы працаваў дзіцячы клуб “Пралесачка”. Спыніў сваё існаванне пасля таго, як закрылася мясцовая школа.

З дзетак Валянціна Баляславаўна пераключылася на жанчын, якіх большасць сярод яе чытачоў. Для іх яна арганізавала клуб “Дабрадзея”, які працуе ўжо трэці год. Чытачак рознага ўзросту аб’ядноўвае ў ім любоў да кнігі, да сваёй малой радзімы, да мастацтва. Яны з вялікім задавальненнем збіраюцца ва ўтульным памяшканні бібліятэкі на своеасаблівыя вячоркі, тэмы якіх —  «Скарбы бабулінага куфэрка», «Папрадухі», «Калейдаскоп гаспадарчых прамудрасцяў», «Самавар мой кіпіць на дубовым стале» — ім блізкія і цікавыя (на здымку).

Памятае бібліятэкар пра тых вяскоўцаў, якім па стане здароўя цяжка наведаць кніжчын дом. Ім яна кніжкі носіць дамоў.

Разам з загадчыцай сельскага клуба Тамарай Русаковіч бібліятэкар часта выязджае ў маленькія далёкія вёсачкі. Там культработнікі да розных каляндарных свят арганізоўваюць з жыхарамі сустрэчы.

У Валянціны Баляславаўны на ўсё хапае часу. Яе бібліятэка – гэта ўтульны, прыгожы, з густам аформлены дом, у якім прыемна знаходзіцца. Сярод жывых кветак, кампазіцый з сухаквецця, іншых прыродных матэрыялаў утульна адчуваюць сябе кнігі. Зараз востра стаіць пытанне прапаганды добрай, цікавай, якаснай літаратуры. Каб прыцягнуць увагу чытачоў да выданняў, кніжных навінак, свежых публікацый у перыёдыцы, у бібліятэцы пастаянна абнаўляюцца кніжныя выставы. Кожная з іх аформлена па-свойму цікава, у залежнасці ад погляду бібліятэкара на дадзеную тэму. Пры афармленні выстаў, як творчы чалавек, Валянціна Браніславаўна побач з традыцыйнымі формамі выкарыстоўвае новыя, сугучныя часу. Напрыклад, побач з кнігамі на рэлігійную тэму знаходзіцца міні-экспазіцыя “Нараджэнне Ісуса Хрыста” з мініяцюрным хлявом і яселькамі з сенам. Міжволі позірк спыняецца на выставе-прэзентацыі майстрыхі бісерапляцення Веранікі Раманоўскай. Работы дзяўчыны ўражваюць сваёй яркай прыгажосцю.

Непаўторнасць інтэр’еру надае і этнаграфічны пакой. Усе мерапрыемствы краязнаўчага кірунку праводзяцца менавіта ў ім, бо дзе яшчэ можа адбывацца размова пра беларускую культуру і літаратуру, як не побач з рэчамі ўжытку беларуса. Наогул, краязнаўства з’яўляецца прыярытэтным кірункам у рабоце бібліятэкі. За дасягненні ў гэтай вобласці  ў 1995 годзе Станіслаўская сельская бібліятэка стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Яна з’яўляецца лідарам сярод устаноў культуры па добраўпарадкаванні тэрыторыі. У 2004 годзе атрымала званне “Установа ўзорнага парадку і высокай санітарнай культуры”.

За працавітасць, творчасць, сумленне і прыстойнасць у зносінах з людзьмі жыхары вёскі Вішнёўцы выбралі В.Б. Раманоўскую старэйшынай. На гэтай пасадзе яна знаходзіцца ўжо 10 год, але грамадскія абавязкі не перашкаджаюць Валянціне Баляславаўне па-ранейшаму знаходзіцца наперадзе ўсіх бібліятэчных спраў.

Валянціна ШАУРА,
загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *