В Докшицкой больнице работает молодой психолог

Сваім выступленнем перад татамі на бацькоўскім сходзе ў Докшыцкай школе № 1 Валянціна Каляда нарабіла шуміхі. “Што за дзяўчына?”, “Дзе працуе?”, “Гэта ж трэба! Так валодае нюансамі праблемы і трымае аўдыторыю!” – доўга абмяркоўвалі таты змястоўнае разважанне маладога псіхолага на тэму тыповых памылак бацькоў у выхаванні дзяцей. Валянціна расказвае проста, цікава, не стамляе залішняй тэрміналогіяй, прыводзіць шмат прыкладаў, імправізуе. Разам з тым яе довады пераканаўчыя і абгрунтаваныя. Многія здзіўляюцца таму, што, нібы загіпнатызаваныя, слухаюць яе.
 

 

НА СНИМКЕ: психолог Валентина Коляда готовится к проведению субтеста Векслера для определения коэффициента интеллекта.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

– Адкуль такое ўменне завалодваць аўдыторыяй?- першае ж пытанне да Валянціны было небеспадстаўным.

– Не ведаю, – усміхаецца дзяўчына. – Калі вучылася ў школе, Докшыцкай № 2, часта мяне абіралі вядучай на розныя мерапрыемствы. Ды і ва ўніверсітэце ў нас было шмат практычных заняткаў, накіраваных на пераадольванне страху перад аўдыторыяй. Мае настаўнікі заўсёды раілі мне абіраць прафесію, звязаную з камунікацыяй. Ды я і сама з 10 класа была ўпэўнена, што хачу стаць псіхолагам. Не адмаўляю, я заўсёды лёгка сыходзілася з людзьмі. Некалькі разоў упэўнівалася ў тым, што, у адрозненні ад навучэнцаў іншых, не псіхалагічных факультэтаў, заўважаю ў людзях нашмат больш. Улоўліваю іх міміку, жэсты, позірк, інтанацыю. Пасля некалькіх хвілін зносін у мяне нават несвядома складваецца ўражанне аб настроі чалавека, яго ўнутраным свеце. Калі ты адчуваеш субяседніка, прасцей выклікаць у яго прыхільнасць да сябе.

У цэнтральнай раённай бальніцы Валянціна Каляда працуе псіхолагам адносна нядаўна: крыху больш за паўгода. Сама сябе яна называе памочнікам псіхіятра-нарколага. У асноўным, яна займаецца псіхадыягностыкай і праводзіць кансультацыі для людзей з псіхасаматычнымі расстройствамі, дэпрэсіямі, стрэсамі, трывогамі. Да яе ўрачы накіроўваюць пацыентаў, калі заўважаюць у іх нервовыя напружанні, страх, раздражняльнасць. Абавязкова ў псіхолага атрымліваюць ацэнку свайго псіхаэмацыянальнага стану цяжарныя жанчыны. Некаторыя пацыенты прыходзяць да Валянціны самі без накіравання. У большасці, гэта жанчыны з рознымі бытавымі і сямейнымі праблемамі. Некаторым хапае аднаго сеанса. Іншым – патрабуецца некалькі. Працягласць кансультацыі, па словах спецыяліста, бывае рознай, у залежнасці ад таго, як хутка наладжваецца давяральная размова, наколькі сур’ёзнае псіхічнае расстройства.

– Я нікога сілай не прымушаю да “споведзі”, – тлумачыць псіхолаг. – Проста ацэньваю чалавека па яго паводзінах, праводжу нескладаны тэст ці методыку – і часцей за ўсё чалавек раскрываецца. Ва ўсялякім разе, пакуль што “непрабівальных” мне не сустрэлася. Парад я таксама не даю, не прыпісваю ніякіх медыцынскіх лекаў, ды і не маю на гэта права. Мой абавязак – выслухаць чалавека, зразумець яго, вызначыць прычыну праблемы, накіраваць на пазітыў, падвесці да таго, каб ён сам прыняў рашэнне аб выпраўленні некамфортнай для яго сітуацыі.

– Ці ёсць плённыя вынікі работы?

– Так. Многія дзякуюць за размову. Кажуць, што ім стала лягчэй. Гэта і ёсць мэта маёй працы. Я задаволена.

– А ўмовамі працы, калектывам задаволены?

– У мяне асобны кабінет. Усё, што патрэбна, у ім ёсць. Калектыў спагадлівы, вопытны. Асабістага жылля пакуль што не маю: з мужам мы здымаем кватэру, але вялікай праблемы ў гэтым не адчуваем. Я рада, што пасля вучобы вярнулася ў родны горад, і лічу ўдачай, што ўладкавалася на працу ў раённую бальніцу.

У бліжэйшы час Валянціна Пятроўна хоча прайсці спецыяльную падрыхтоўку па медыцынскай псіхалогіі. Атрыманы ў БДУ чырвоны дыплом не лічыць вяршыняй адукацыі. Пастаянна чытае спецыяльную літаратуру, найбольш цікавіцца тэорыямі З. Фрэйда і А. Маслоў. Самастойна вывучае разнастайныя псіхадыягнастычныя методыкі. Увогуле, да літаратуры і кіно адносіцца вельмі выбіральна, аддае перавагу толькі сюжэтам з глыбокім сэнсам. Да таго, што людзі, асабліва ўражлівыя, акунаюцца ў сучасную нястрыманую інфармацыйную плынь, што прапануе інтэрнэт: карыстаюцца разнастайнымі форумамі ці, напрыклад, ненавуковымі псіхалагічнымі тэстамі – ставіцца негатыўна. Гаворыць, што вынікі многіх он-лайнавых рэплік, напрыклад, наконт сімптомаў і наступстваў хвароб, бываюць адмоўнымі і даволі сур’ёзнымі. “Сцерці” іх з падсвядомасці чалавека потым вельмі складана.

У Валянціны заўсёды шмат працоўных планаў і ідэй. У бліжэйшы час яна рыхтуе даклад для медыцынскай канферэнцыі ўрачоў пра выпрацоўку эфектыўных камунікатыўных навыкаў. Потым, па запрашэнні адміністрацыі школы, хоча правесці гутарку са старшакласнікамі з мэтай дапамагчы ім перасягнуць ці папярэдзіць страх і трывогу перад экзаменамі. Сваіх пацыентаў яна сустракае заўсёды з радасцю і цікавасцю. Часта пачынае гутарку з пытання: якога колеру ваш настрой?

Сустракаючы яе прыгожы твар, адкрыты спачувальны позірк, прыемную ўсмешку, упадаеш у стан рэлаксацыі і адказваеш: «Якога б колеру ні быў настрой да гэтага, зараз ён, адназначна, святлее».

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *