Малевіч – прозвішча гучнае

Святлана Малевіч

Мабыць, кожны ведае, што мастак пад такім прозвішчам, які намаляваў чорны квадрат, вядомы ва ўсім свеце. Наша Малевіч, якая доіць кароў, менш вядомая, але сваёй працай заслужыла вялікую пашану і працягвае славіць на прасторах краіны родную гаспадарку – ААТ “Таргуны”. Па выніках мінулага года яна выйшла ў лідары раённага спаборніцтва, надаіўшы ад кожнай каровы ў сярэднім 7015 кілаграмаў малака. Між тым, у свой час была ў ліку першых даярак-пяцітысячніц, затым даярак-шасцітысячніц. Дайшла і да ўзроўню сямітысячніц.

– Сакрэт просты, – гаворыць Cвятлана, – трэба добра накарміць жывёлу, своечасова падаіць, а работу сваю – любіць.

Святлана родам з Вецяры. Школу закончыла з высокім балам атэстата і магла пайсці вучыцца за настаўніцу, напрыклад, ці медработніка. Але напрыканцы навучальнага года ў школу прыехалі з Лужаснянскага саўгаса-тэхнікума агітаваць паступаць да іх. Святлане вельмі спадабаўся расказ пра навучальную ўстанову, пра тое, чым займаюцца там навучэнцы, як арганізавана для іх практыка, дзе адпачываюць і г.д. Мабыць, падштурхнула да выбару прафесіі заатэхніка-селекцыянера і тое, што маці яе працавала ў жывёлагадоўлі: лабаранткай, аператарам машыннага даення. Яшчэ маленькай Святлана любіла дапамагаць маці, а бутэлечкі, у якія бралі малако на аналіз, яна мыла сама. Іншыя дзяўчынкі гушкалі лялек, Святлана – рабіла аналізы.

Пачатак яе працоўнай дзейнасці — Лёзненскі раён.Затым была маленькая радзіма і праца аператарам машыннага даення. Тагачасны старшыня калгаса, а было гэта 20 гадоў таму, сказаў Святлане:

– Месца заатэхніка ў гаспадарцы няма. Магу прапанаваць працу даяркі, а там – пабачым.

Жанчына пагадзілася. І не пашкадавала. У іншай ролі сябе ўжо і не ўяўляе. Па яе меркаванні, даярка – гэта  адукаваная і дастойная вясковая жыхарка, якая за шчасце лічыць жыць і працаваць у сельскай гаспадарцы. Важна толькі, каб для гэтага былі створаны належныя ўмовы. На ферме “Вецяра” ёсць усё неабходнае. А новы малочнатаварны комплекс, які будуецца побач і, як плануецца, будзе ўведзены ў дзеянне сёлета, разлічаны на тое, каб у разы аблегчыць працу аператараў машыннага даення, стварыць камфортныя ўмовы для  работы і адпачынку.

Іншы раз разважаю: шкада, што не арганізавалі конкурс прыгажосці сярод аператараў машыннага даення. Але, мабыць, хутка і да гэтага дойдзе чарга, бо спаборнічалі ж у раёне маладыя спецыялісты сельскай гаспадаркі. Бясспрэчна, выйшлі б на п’едэстал жанчыны-жывёлаводы і замілавалася б чалавецтва  прыгажосцю нашых працаўніц. Вось дзе ўжо сапраўды правільнае выказванне: “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца!”

Святлана нагадвае зорку блакітнага экрана, якая ступіла сваёй зграбнай ножкай на газон, каб усхваляваць моцную палову чалавецтва. Стройная, элегантная, па-моднаму апранутая, далікатная ў паводзінах і размове. Сціплая па характары і завадная, як у справе, так і ў час актыўнага адпачынку. Яна спявае, танцуе і, як сама гаворыць, любіць даць жару.

У час чарговага водпуску Святлана адпачыла, набралася сіл. Зараз ад кожнай каровы ў сярэднім доіць па 23 кілаграмы малака. Каровы маладыя – толькі летась раздаіла іх умелая даярка. А значыць, перыяд вялікага малака  наперадзе. І, як любіць гаварыць Малевіч, спыняцца на дасягнутым не ў яе характары. Было 6 тысяч кілаграмаў ад каровы – стала сем. А там, дзе сем…

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота аўтара. 

Один комментарий для “Малевіч – прозвішча гучнае

  • 16.02.2012 в 5:21 дп
    Permalink

    угу… доярка и художник..
    ну очень элегантная доярка Светлана и художник-авангардист, педагог, теоретик искусства, философ. Основоположник супрематизма — направления в абстрактном искусстве, Казими́р Севери́нович Мале́вич.
    причем «наша Малевіч, якая доіць кароў, менш вядомая,» да кто это вообще? )
    ну вы даете…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *