Ситцевские труженики

Да сяўбы ў ДП “АграСітцы” сёлета прыступілі яшчэ ў канцы лютага. Менавіта тады пачаўся падсеў азімых збожжавых шматгадовымі травамі. Як гаворыць адзін з вопытных механізатараў дзяржаўнага прадпрыемства Уладзімір Кішыла (здымак 1), гэту работу трэба весці, гледзячы на надвор’е.

– Калі на полі тоўстае снежнае покрыва, то толку ад сяўбы не будзе, – тлумачыць Кішыла. – Не пойдзеш рэзаць каляіны на палетках пры плюсавой тэмпературы. Так што трэба падбіраць час, каб і работу выканаць, і прыбытак ад яе мець. Спачатку для падсеву былі адведзены ўчасткі ў сітцаўскай брыгадзе. Падсеяў там  канюшынай плошчу ў 44 гектары. Цяпер вось працую на валкалацкай зоне. Ужо абкалясіў 100 гектараў. Тут снежнае покрыва меншае і лягчэй набраць трактару гон. Праўда, поле, на якім пасеяна трыцікале, вельмі ўзрытае кратамі, а значыць, нанесена шкода, якая можа адбіцца на ўраджайнасці. А мне ж яшчэ і ўбіраць збажыну давядзецца. На перыяд жніва я станаўлюся камбайнерам.

Больш чым 20 гадоў працуе механізатарам у “АграСітцы” Казімір Буглак (здымак 2). 14 гадоў  быў камбайнерам. Выконвае ўсе механізатарскія аперацыі, якія толькі можна. Для яго не з’яўляцца праблемай араць ці сеяць, вывозіць арганіку ці мінеральныя ўгнаенні. У час нашага прыезду ў гаспадарку Казімір уносіў на палеткі калій.

– Любая праца механізатара з цягам часу адлюструецца на ўрадлівасці глебы, – разважае Буглак. – Таму з задавальненнем сёння кармлю зямлю каліем, падмяніў супрацоўніка, а заўтра, мабыць, адправяць на іншую работу. У любым выпадку вясной занятак ёсць заўсёды.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *