«Я работаю мамой»

Кожны з нас мае сваё прызначэнне на гэтым свеце: “Тое, чаго я дасягнуў у жыцці, між іншым, паказваюць па тэлевізары”, – ганарліва кажа герой шчырай савецкай стужкі “Аднойчы дваццаць год пасля” на школьным вечары сустрэчы. Ён працуе ў навуковым інстытуце. “А я працую мамай”, – кажа гераіня Наталлі Гундаравай, у якой дзесяць дзяцей. Вядома, амаль кожная жанчына – маці, і гэта складаная, пачэсная праца: нарадзіць і ўзняць на ногі дзіця. Але ёсць асобная катэгорыя гэтай няпростай “прафесіі”, якая патрабуе не толькі каласальных фізічных затрат, але і выключных маральных якасцяў, велізарнага сэрца, напоўненага любоўю, – каб на ўсіх хапіла. Гэта шматдзетныя маці, адна з іх – наша гераіня Аксана Вайткевіч, маладая мама пяці сыноў. 

У свой час Аксаніна бабуля падала ўнучцы добры прыклад, нарадзіўшы дванаццаць дзяцей. Маці мужа Дзмітрыя Вайткевіча з сям’і, дзе іх было пяцёра. Так што для маладых людзей вялікая сям’я не ўяўляла сабой нешта дзіўнае і нязвыклае.

– Калі маеш шмат братоў і сясцёр, абавязкова хтосьці родны прыйдзе на дапамогу ў цяжкую хвіліну, ты не адзін у свеце. Таму я рада, што ў маіх хлопчыкаў заўсёды будзе падтрымка адзін аднаго, – кажа Аксана.

Яе сямейнае шчасце ў поўным аб’ёме аднойчы наваражыла не хто-небудзь, а Аксаніна маці. З дапамогай іголкі і ніткі яна ўбачыла, што ў дачушкі будзе пяцёра  дзетак. Тады Аксана не паверыла ў гэтае прадказанне, але ўсё, на дзіва, спраўдзілася.

– І ў мяне таксама знаёмая жанчына па руцэ ўбачыла, што буду шматдзетным бацькам, – уключаецца ў размову Дзмітрый.

Вось і не вер пасля гэтага ў лёс і ў тое, што з’яўленне на свет жыццяў, гэта невыпадковы працэс. Зараз у Аксаны сапраўдная маленькая “армія” абаронцаў і памочнікаў, хаця  дапамагаюць пакуль толькі старэйшыя Вова і Саша (14 і 12 гадоў). Яны ўжо ведаюць, як дагледзець малых: чатырохгадовых двайнят  Максіма і Арцёма і Мацвейку, якому год і чатыры, – калі маці патрэбна адлучыцца па гаспадарчых справах. Сям’я ўжо год жыве ў Докшыцах у новай кватэры, якую пасля нараджэння пятага сына яна атрымала бясплатна. А сёлета Аксана Вайткевіч да таго ж была ўзнагароджана ордэнам Маці.

– Канечне, часу не зусім хапае за ўсім угледзець. Вось Мацвейка пачаў адрываць шпалеры, а двайняты, у сваю чаргу, пачалі на іх маляваць… – усміхаецца Аксана.

– Не, яна ў мяне малайчына, – перапыняе муж, – і есці наварыць, і ўсю гаспадарку трымае, пакуль я грошы зарабляю, усё на ёй.

Гэта, бадай, самая складаная праца ў свеце, бо з яе нельга звольніцца, нельга ўзяць адпачынак, немагчыма перакласці яе на кагосьці іншага. Але і ўзнагарода за яе вялікая – пяць любячых сэрцаў.

Таццяна МАЦЮШОНАК.

На здымку: на прагулцы да вялікай сям’і Вайткевічаў не хапае толькі старэйшага Вовы – ён падчас канікул гасцюе ў бабулі ў Любані.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *