Захаваем музу для паэтаў

З 21 па 28 красавіка ва ўсёй Беларусі адбудзецца агульнарэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу-2012”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння вялікіх класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы, для якіх прырода  заўсёды была нязменнай музай.

Штогод у гэтай акцыі ў нашым раёне прымаюць удзел каля 350 чалавек. Самую актыўную падтрымку лесаводам звычайна аказваюць школьнікі, студэнты, члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і іншыя грамадскія арганізацыі. З дапамогай добраахвотных удзельнікаў за апошнія пяць гадоў на тэрыторыі раёна новыя лясы створаныя на плошчы большай за 400 гектараў.

Важна адзначыць, што практычная дапамога лесаводам ад добраахвотнікаў не з’яўляецца галоўнай мэтай акцыі. Для правядзення неабходных мерапрыемстваў па ахове, абароне,  узнаўленні лясоў у зацікаўленых арганізацый ёсць свае сілы і сродкі. Важнейшай задачай гэтай шырокамаштабнай акцыі з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці да значнасці лясных рэсурсаў у забеспячэнні эканамічнай, экалагічнай і харчовай бяспецы краіны. Таксама акцыя дае магчымасць людзям, якія мала ўяўляюць работу лесаводаў, бліжэй пазнаёміцца з вядзеннем  лясной гаспадаркі, пазнаць, якімі намаганнямі і працай ствараюцца і захоўваюцца нашы лясы.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Бягомльскага лясгаса Алена Курныш паведаміла, што іх лесагаспадарчая ўстанова ўжо актыўна пачала падрыхтоўку да правядзення гэтага значнага, яркага і масавага мерапрыемства.

– У гэтым годзе нашым лясгасам плануецца пасадзіць новыя лясы на 170 гектарах. У асноўным будзем выкарыстоўваць саджанцы елкі, сасны і ясеню, – удакладніла яна.

Акрамя гэтага ўдзельнікі акцыі будуць праводзіць добраўпарадкаванне лясных тэрыторый, акультурваць існуючыя і ствараць новыя зоны адпачынку ля дарог і ў лясных масівах. Лясгас ужо зараз пачаў работы па ачыстцы прыдарожных палос: высякаюцца сухастойныя і ветравальныя дрэвы, кустоўі, убіраецца смецце.

Прыняць удзел у дабрачыннай высакароднай справе запрашаюць усіх жадаючых. Заявіць аб сваім жаданні ўнесці пасільны ўклад у захаванне і прымнажэнне нашых лясоў, зберажэнне эстэтычнага хараства нашага краю можна ў бліжэйшым лясніцтве ці па тэлефонах: 3-33-69; 3-38-64; 8 (029) 385-22-29.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *