Первый капуцин на Беларуси появился в Докшицах

Самай лепшай парой з’яўляецца апошні месяц вясны для ксяндза валкалацкай парафіі імя Яна Хрысціцеля Пятра Ясевіча. У маі ён пачаў сваю святарскую дзейнасць і пасля 25-ці гадоў адзначыў юбілейную дату – чвэрць стагоддзя святарскага шляху. Звычайны чацвер 31 мая для прыхаджан валкалацкай парафіі, ды і  не толькі, стаў адным з радасных дзён. У касцёле сабралася вялікая колькасць вернікаў, якія прыйшлі, каб пакланіцца Богу за святара, якога Ён ім паслаў, і выказаць удзячнасць ксяндзу.

Літургію ў гонар юбілейнага дня святарства вёў ксёндз Тадэвуш Кавальскі. Ён 10 год служыў Богу і людзям на тэрыторыі нашага раёна: у розных парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Пэўны час быў апекаваны айцом Пятром, вучыўся ў яго жыццёвай мудрасці, падтрымліваў яго ідэі ў вяртанні людзей да Бога, да веры ў Збаўцу чалавецтва.

 На свята ў Валкалату прыехалі ксяндзы і браты-капуцыны амаль з усёй Беларусі. Даніну павагі за выхаванне людзей у любві да бліжняга, за захаванне асноўных Божых запаведзяў альбо маральных устояў аддалі сваёй прысутнасцю прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, мясцовыя жыхары. Нават правядзенне свята апошняга школьнага званка было арганізавана так, каб пасля лінейкі жадаючыя мелі магчымасць трапіць у касцёл. На святой літургіі прыемна было бачыць побач з пажылымі людзьмі моладзь і дзяцей.

Ксяндзу Пятру Ясевічу прысвячаліся хвалебныя оды за працу, шчырасць, адукаванасць, мэтанакіраванасць у вядзенні людзей да Неба.

Раённы выканаўчы камітэт дзейнасць валкалацкага святара адзначыў Ганаровай граматай райвыканкама і райсавета дэпутатаў, якую з цёплымі словамі падзякі і пажаданняў здароўя, радасці, аптымізму і Божай ласкі ўручыла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. Удзячнасць і віншаванні гучалі з вуснаў старшыні сельскага выканаўчага камітэта Антаніны Бабарыка, дырэктара мясцовай школы  Ніны Падляшчук, работнікаў мясцовага дома культуры, моладзі. А дзякаваць было за што: Валкалацкі сельсавет з’яўляецца адным з лепшых у раёне ў кірунку выхавання моладзі. Тут адсутнічае дзіцячая злачыннасць. Няма бацькоў, якіх бы пазбавілі іх правоў. Гэтага дабіваюцца агульнымі намаганнямі ўлада, школа, касцёл.

Хто ж такі ў гэтым ланцугу ксёндз Пётр Ясевіч? Што ў ім асаблівага? Адкуль бярэ чалавек сілы і мудрасць, што нават у цяжкім стане здароўя праводзіць літургіі дома?

Перад намі ў святарскім адзенні сядзеў прыкаваны да крэсла чалавек.  А між тым, адчуваўся яго моцны дух, прыцягваў да сябе мужны погляд, кідалася ў вочы нейкая разгубленасць у выглядзе слязінкі на шчацэ і нават збянтэжанасць ад “занадта вялікай увагі да яго персоны”.

Нарадзіўся Пётр Ясевіч у простай сям’і ў Гродненскай вобласці на Ашмяншчыне. Бацькі яго, Браніслаў і Ядвіга, былі глыбока веруючыя католікі. Сям’я дружна хадзіла ў касцёл. Ранішнія і вячэрнія малітвы дома былі абавязковымі. Пётр адразу пасля школы пайшоў у армію, затым вывучыўся на вадзіцеля і доўгі час працаваў у будаўнічай арганізацыі. Але святарства перамагло. Ён паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю і пасля яе заканчэння быў накіраваны ў Крывічы. Адначасова працаваў у Валкалаце, якая неўзабаве стала яго прыходам.

– Работы было вельмі многа, – успамінае айцец Пётр. – У той час адвяргалася рэлігія, але многія жылі па Божых законах. Цішком хрысцілі дзяцей, вянчаліся, хадзілі да споведзі, маліліся за памерлых. Асабліва не дзяліліся на праваслаўных і католікаў, ішлі да святара, які быў, бо Бог – адзіны для ўсіх.

– І Вы адчувалі яго моцную руку? – пытаюся.

– Канечне, неаднойчы. Веру, што Ён мне дапамагаў пастаянна, бо ў рабоце не было вялікіх праблем: улада не перашкаджала, напрыклад, арганізоўваць для дзяцей пазакласныя заняткі па рэлігіі ў школе. Шмат было аднадумцаў і розныя задачы рашаліся лёгка. Заўсёды ўспамінаю добрым словам тагачаснага старшыню райвыканкама Іосіфа Падрэза. Дзякую сакратару, а цяпер старшыні Валкалацкага сельвыканкама Антаніне Бабарыка, з якой нават ездзілі ў Віцебск, каб рашыць пэўныя праблемы.  Меў паразуменне і з боку кіраўніцтва школы ў асобе Ніны Падляшчук.

Не аднойчы ратаваў мяне Бог ад неспадзяванай, раптоўнай смерці. Напачатку свайго святарства працаваў на два прыходы і ездзіў да вернікаў за 100 кіламетраў. Задрамаў у дарозе неяк. З’ехаў на абочыну. Прачнуўся ад таго, што пачуў шум вады пад коламі. Адкуль узялася там вада  – аднаму Богу вядома.

– А ці былі сілы, якія супрацьдзейнічалі вашай хрысціянскай справе? Ці сустракалася на шляху цяга да забароненага, бруднага?

– Ды не. Выхаваны я быў так, што словы “нельга” і “грэшна” былі на першым месцы. Памятаю, яшчэ хлапчуком знайшоў на дарозе 5 рублёў. Дома думалі, каму аддаць, бо хтосьці ж іх згубіў. А ноччу нават спалася ад таго дрэнна. Хто не плануе рабіць дрэннае, таго і не цягне да брудных спраў.

Пра айца Пятра гаварылі многія, сярод якіх і яго паслядоўнікі – тры ксяндзы – былыя валкалацкія хлапчукі. Два з іх прысутнічалі на літургіі ў гонар свайго настаўніка і дарадцы.

 Мы шмат гаварылі з ксяндзом Пятром Ясевічам пра сутнасць чалавека, пра справы зямныя, пра мітуслівасць сучаснага жыцця і пра тое, што нельга не заўважаць, як распускаюцца кветкі, як тчэ свае ўзоры павучок. Усё – тварэнне Бога, справа рук Вялікага Творцы. І гэтага нельга аспрэчваць. Едучы назад, размаўляць не хацелася, каб не парушыць тую ўнутраную радасць, перамешаную з супакоем, якія прысутнічалі ў час нашай гутаркі. Я дзякую ксяндзу за размову і жадаю яму здароўя.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *