Горпосёлок Бегомль Докшицкого района отметил свой 430 юбилей

Яшчэ адна значная падзея будзе занатавана на старонках гісторыі нашага роднага краю. Пяць год таму Докшыцы сустрэлі свой 600-гадовы , а ў мінулую суботу гарадскі пасёлак Бягомль адзначыў 430-годдзе. юбілей

Раніцай ля старажытнага каменнага храма прайшло ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ў гонар заснавання гарпасёлка Бягомль. Права адкрыць памятны знак было даручана старшыні ветэранскай арганізацыі г.п. Бягомль Уладзіміру Герасімёнку, заслужанаму трэнеру РБ Івану Рацькавічу і пераможцы рэспубліканскай алімпіяды сярод школьнікаў па кіданні дыска Ангеліне Перхуровіч. Асвяціў гэтае месца настаяцель прыходу храма Усіх Святых іерэй Валерый Цімкоў. Ён пажадаў усім жыхарам пасёлка божай дапамогі ва ўсіх справах, а Бягомлю – далейшага працвітання. Завяршылася ранішняя ўрачыстасць малебнам.

Жылі тут доўгія гады
Мае прапрадзеды, дзяды.
І тут нашчадкі будуць жыць,
Куточкам мілым даражыць…

Гэтыя вершаваныя радкі, напісаныя на гранітнай пліце, будуць кожнаму напамінам пра тое месца, дзе ён нарадзіўся.

Эпіцэнтрам святкавання 430-годдзя г.п. Бягомль стала плошча ля мясцовага Дома культуры. Тут і пачаліся ўрачыстыя мерапрыемствы, на якіх прысутнічалі старшыня райвыканкама Алег Пінчук і старшыня райсавета Валянціна Сівіцкая. Ганаровымі гасцямі, якія прыехалі на Бягомльшчыну, каб раздзяліць радасць з нагоды юбілею з мясцовымі жыхарамі, былі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Андрэйчанка, член Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Мікалай Мартынаў, генеральны дырэктар КУП “Віцебскмеліявадгас” Эдуард Герасіменка, міністр унутраных спраў РБ Ігар Шуневіч, начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Ігар Яўсееў, старшыня гандлёва-эканамічнага прадстаўніцтва Рэспублікі Татарстан у Рэспубліцы Беларусь Ірэк Гафіятулін, а таксама былы галоўны ўрач Бягомльскай бальніцы Іван Захарчук і дачка Героя Савецкага Саюза Сцяпана Манковіча Ніна Сычова.

Пазыўныя свята абвясцілі аб яго пачатку, і першага выйсці на імправізаваную сцэну са словамі віншавання запрасілі старшыню Бягомльскага пассавета Мікалая Трахініна.

– У гэты дзень нашы з вамі сэрцы перапаўняе гонар за свой край – за яго мінулае і сучаснае. Яму прыйшлося пабачыць войны і разбурэнні, перажыць гора і няшчасці, адчуць радасць перамогі. Сёння г.п. Бягомль – гэта прыгожы куточак, з кожным днём які становіцца ўтульным, больш сучасным. І гэта адбываецца, дзякуючы тым, хто ўносіць дастойны ўклад у яго развіццё, – зазначыў Мікалай Аляксеевіч. – Вялікая ўвага і падтрымка аказваецца з боку раённай улады, а таксама вобласці і рэспублікі. Няхай квітнее наш Бягомль, жадаю ўсім землякам моцнага здароўя, мудрасці і аптымізму.

З прывітальным словам і найлепшымі пажаданнямі звярнуўся да жыхароў Бягомльшчыны старшыня райвыканкама Алег Пінчук, які адзначыў, што гісторыя, культура і традыцыі гарадскога пасёлка – шматгранныя, а самым галоўным здабыткам з’яўляюцца людзі. Яны імкнуцца сваёй працай прымножыць дабрабыт не толькі свайго раёна, але вобласці і краіны ў цэлым.

Алег Пінчук выказаў удзячнасць усім людзям, якія самааддана працуюць у Бягомлі і стараюцца, каб іх родны куток станавіўся больш прыгожым і добраўпарадкаваным.

Не ўпершыню такога роду мерапрыемствы, якія праводзяцца ў нашым раёне, наведвае старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Андрэйчанка. Выступаючы перад прысутнымі, ён сказаў:

– Бягомль – унікальны куток нашай краіны. Тут жывуць і працуюць сардэчныя і гасцінныя людзі. З кожным годам пасёлак абнаўляецца і, думаю, што, дзякуючы прынятай Дзяржаўнай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця малых гарадоў, у Бягомля наперадзе вялікія перспектывы. Таму гарпасёлку жадаю працвітання, усім людзям, якія тут жывуць, – шчасця, дабрабыту, міру і падтрымкі з боку родных і блізкіх.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў падарыў памятныя сувеніры, якія будуць захоўвацца ў Бягомльскім музеі Народнай славы.

Генеральны дырэктар КУП “Віцебскмеліявадгас” Эдуард Герасіменка зачытаў прывітальны адрас ад старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца і перадаў віншаванні жыхарам Бягомля ад шматлікай арміі меліяратараў.

Старшыня гандлёва-эканамічнага прадстаўніцтва Рэспублікі Татарстан у РБ Ірэк Гафіятулін павіншаваўшы жыхароў пасёлка-юбіляра, прапанаваў наладзіць цеснае супрацоўніцтва з нашым раёнам у сферы бізнесу.

Працягам свята стала выступленне ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці раёна, а таксама духавога аркестра воінскай часці Заслонава.

Пакуль гледачы зачароўваліся творчасцю артыстаў, выхаванцы дзіцячага сада разам са сваёй выхавальніцай Раісай Герасімёнак рыхтаваліся да правядзення конкурсу “Міс Дзюймовачка”, які атрымаўся вельмі цікавым і яскравым. Кожная “дзюймовачка” была адзначана і атрымала падарунак.

На працягу дня для жыхароў і гасцей пасёлка працавалі гандлёвыя рады. Тут жа разгарнуліся выставы-продажы памятных сувеніраў, мёду, выпечкі, упрыгожанняў з бісеру. Дзеці з задавальненнем скакалі на батуце і каталіся з надзьмутай горкі. Ля Дома культуры быў аформлены стэнд з фотаздымкамі пра Бягомль: можна было параўнаць, якім ён быў у савецкія часы і якім стаў зараз.

Увечары гледачоў чакалі святочны канцэрт, рознакаляровы феерверк і дыскатэка.

Такой запомніцца субота, 18 жніўня, усім, хто пабываў на свяце, прысвечанаму 430-гадоваму юбілею Бягомля.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

На здымках: моманты свята.

Фота: В. Чарвінскага.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *