Аб рэгістрацыі кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі

На пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, якое пройдзе 5 верасня, будуць разгледжаны пытанні рэгістрацыі кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, а таксама некаторыя пытанні вядзення перадвыбарнай агітацыі пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання. Аб гэтым паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Асноўнай тэмай стане рэгістрацыя кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі. Сакратар ЦВК нагадаў, што на мінулым тыдні прэзідыумы раённых, у гарадах абласнога падпарадкавання — гарадскіх Саветаў дэпутатаў і раённыя, гарадскія выканаўчыя камітэты, прэзідыум Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінгарвыканкам завяршылі вылучэнне прэтэндэнтаў на месца ў верхняй палаце беларускага парламента.

У Цэнтральную камісію паступілі дакументы аб вылучэнні ад усіх абласцей і Мінска. Цяпер у ЦВК правяраюць, ці была выканана працэдура вылучэння, ці адпавядаюць вылучаныя кандыдаты патрабаванням беларускага заканадаўства.

Пятага верасня адбудзецца рэгістрацыя прэтэндэнтаў на пасаду сенатара. Пасля чаго зарэгістраваныя кандыдаты пачнуць агітацыйную кампанію, сустрэнуцца з працоўнымі калектывамі, раскажуць аб сабе, аб сваёй дзейнасці, бачанні перспектыў сваёй работы ў Савеце Рэспублікі.

«Кропку паставяць сходы дэпутатаў Саветаў базавага ўзроўню ўсіх абласцей і горада Мінска, якія ў адпаведнасці з каляндарным планам падрыхтоўкі і правядзення выбараў членаў Савета Рэспублікі з 6 па 25 верасня павінны вызначыць, хто зойме месца ў верхняй палаце парламента», — дадаў Мікалай Лазавік.

Членаў верхняй палаты парламента выбіраюць шляхам тайнага галасавання — па восем чалавек ад кожнай вобласці і Мінска, яшчэ восем членаў Савета Рэспублікі назначае Прэзідэнт.

Закранаючы другое пытанне, уключанае ў парадак дня пасяджэння ЦВК, Мікалай Лазавік адзначыў, што ў час любой выбарчай кампаніі ўзнікаюць моманты, якія патрабуюць дадатковага растлумачэння.

«На гэтым пасяджэнні мы прааналізуем агітацыйную практыку цяперашніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Прымем рашэнні па выключэнні памылак, якія дапускаліся і могуць быць дапушчаны ў ходзе агітацыйнай работы», — рэзюмаваў Мікалай Лазавік.

(БелТА).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *