Докшицкий драматург стал лауреатом 1-ой премии

Да Дня беларускага пісьменства рыхтавалася ўся краіна, але, у першую чаргу, Глыбокае. Шмат сіл уклалі глыбачане, каб дастойна прыняць на сваёй зямлі шматлікіх гасцей з усёй Беларусі, а таксама Расіі, Латвіі, Польшчы, Францыі, Кітая і іншых краін.

Пачаткам свята стала навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. У Глыбокае Агонь прыбыў а палове дзевятай гадзіны 2 верасня і пасля гэтага распачалася Божая літургія ў кафедральным саборы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Адметнасць сёлетняга свята ў тым, што прыпала яно на Год кнігі і пазначана юбілеямі нашых класікаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.

Суседні з нашым раёнам горад абраны месцам правядзення Дня беларускага пісьменства невыпадкова. Ён разам з Полацкам, Нясвіжам, Туравам, Смаргонню, Паставамі і іншымі старадаўнімі беларускімі гарадамі, дзе ўжо праводзіліся падобныя святы, унёс свой адметны ўклад у развіццё беларускага пісьменства і культуры.  Глыбоччына – радзіма многіх вядомых людзей. Гэта заснавальнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, палітычны дзеяч Вацлаў Ластоўскі, этнограф, фалькларыст, скульптар Язэп Драздовіч, авіяканструктар Павел Сухі, пісьменнік Лявон Ракоўскі і іншыя. Іх імёны ўвекавечаны ў скверы славутых землякоў-глыбачан, які ўрачыста адкрыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец на плошчы 17 верасня.

Дзень беларускага пісьменства па праву лічаць сваім яшчэ адным прафесійным святам пісьменнікі, журналісты, выдаўцы. Таму так шмат было на свяце знакамітых пісьменнікаў, паэтаў, журналістаў. Прысутнічалі міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Урачыстасць адкрыў прывітальным словам віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. У час яе адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года. Вельмі прыемна, што сярод гэтых таленавітых людзей ёсць наш зямляк Фёдар Палачанін, які праславіў сучасную літаратурную Докшыччыну. Ён стаў лаўрэатам першай прэміі ў намінацыі “Драматургія”. Узнагароду атрымаў з рук старшыні Беларускага Саюза пісьменнікаў Мікалая Чаргінца.

Адметнай падзеяй стаў Фестываль кнігі і прэсы. Для дзяцей было арганізавана свята “Разам з кнігай мы расцём”. У ім прымалі ўдзел і выхаванцы Докшыцкага раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Упрыгожылі свята канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, самадзейных калектываў з Латвіі, Расіі. Гарадскія вуліцы ўяўлялі сабой адзін суцэльны панадворак, на якім працавалі народныя майстры, спявалі самадзейныя артысты, фальклорныя калектывы, гандлявалі, жартавалі прадстаўнікі гарадоў і раёнаў вобласці. Сярод іх быў, канечне, і Докшыцкі панадворак – адзін з самых маляўнічых і хлебасольных. Яго аформілі майстры Дома рамёстваў, народнага клуба “Докша”, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, бібліятэкары. Прысмакамі поўніліся гандлёвыя палаткі спажывецкай кааперацыі. Песнямі гасцей весялілі “Раніца” і “Вярба”.

Свята прайшло, але, галоўнае, каб усе тыя прыгожыя словы, якія гучалі са сцэны пра беларускую мову, кнігу, культуру, знайшлі ўвасабленне ў сённяшнім рэальным жыцці.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ: святочнае шэсце “З крыніц жыватворных…”; лаўрэат першай літаратурнай прэміі ў вобласці драматургіі Ф.А. Палачанін; на “Докшыцкім панадворку”.

Дакшычане на Дні беларускага пісьменства ў Глыбокім

Фота В.Чарвінскага, А. Варанковіча

2 комментариев для “Докшицкий драматург стал лауреатом 1-ой премии

  • 03.10.2012 в 12:00 пп
    Permalink

    Прыемна чытаць творы Федара Антонавіча, дзялюся са сваімі сябрамі — ўсё неадназначна ставяцца, і пасля абмяркоўваем уражанні.Заслужана.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *