Городу Докшицы исполнилось 605 лет!

У суботу дзень нараджэння святкавалі Докшыцы. 605 год пражыў наш любімы горад, але паважаны ўзрост яго не старыць, а робіць усё больш

маладым і прыгожым, утульным і светлым. Кожны год яго аблічча папаўняецца нечым

новым. Сёлета ў горадзе з’явілася яшчэ адно памятнае месца: помнік мужнасці яго жыхарам, якія, згодна прысязе, выконвалі ў Афганістане свой воінскі  абавязак.

З яго ўрачыстага адкрыцця пачалося свята горада. Помнік, аўтарам якога стала Людміла Ляйчынская, узведзены ў парку побач са стэлай воінам-вызваліцелям Докшыц у Вялікую Айчынную вайну і помнікам салдатам тэрміновай службы, якія загінулі ў мірны час.

– Нам сёння з вышыні свайго часу складана даваць ацэнку той дзесяцігадовай вайне, якую вёў СССР у Афганістане, – сказаў у час адкрыцця помніка старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Важна адно – нашы землякі, маладыя хлопцы, абараняючы інтарэсы Савецкага Саюза на тэрыторыі чужой краіны, з годнасцю выканалі свой грамадзянскі і воінскі абавязак. Іх салдацкі подзвіг з’яўляецца прыкладам для сённяшніх юнакоў, што апранаюць ваенную форму.

Удзячнасць кіраўніцтву раёна за ўвекавечванне памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў выказаў у сваім выступленні старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі савет ветэранаў вайны ў Афганістане” Валяр’ян Мацкевіч і ўдзельнік баявых дзеянняў у Афганістане падпалкоўнік у адстаўцы Пётр Вязнікаў.

Да падножжа помніка кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі арганізацый, школьнікамі і, канечне, самімі воінамі-афганцамі былі ўскладзены жывыя кветкі ў памяць тых, чыя кроў пралілася на чужой зямлі (здымак 2).

Пасля гэтага ўрачыстасці перанесліся на цэнтральную плошчу горада, якая была расквечана ўсімі фарбамі, уласцівымі беларускай прыродзе. Гэта экалагічны вернісаж раскінуў на гандлёвай плошчы свой багаты абрус. Работнікі культуры раёна, удзельнікі абласнога экалагічнага форуму на сваіх выставах, маляўнічых падворках паказалі, здаецца, усё, чым багата Віцебшчына:  чыстую ваду і смачны хлеб, духмяны мёд і чырванабокія яблыкі, рознакаляровае суквецце і непараўнальныя вырабы народных майстроў.

А тым часам на сцэне ўзяла старт тэатральна-музычная праграма “Квітней, мая зямля”.  Яна пачалася экскурсам у гістарычнае мінулае старажытных Докшыц. Адзін малюнак зменьваў другі: князь Вітаўт перадае навакольныя землі Манівіду, сяляне, што насцілалі балоцістую глебу дошчачкамі, прыдумваюць адпаведную назву паселішчу, а вось на сцэну са світай падымаецца яе вялікасць Кацярына ІІ. Гэта яе рука падпісала некалі дакумент, які даў герб Докшыцам. На свяце царыца міласціва дазволіла “музыкам іграць, купцам гандляваць, а народу весяліцца” (здымак 1).

Дакшычан і гасцей урачыстасці вітаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Ён падвёў вынікі работы працоўных калектываў горада і раёна, адзначыў лепшых, выказаў словы ўдзячнасці за працу, пажадаў здароўя, дабрабыту, узаемаразумення і ўвасаблення ў жыццё  ўсіх спраў, накіраваных на тое, каб Докшыцы сталі яшчэ больш чыстымі, прыгожымі, камфортнымі для ўсіх, хто ў іх жыве.

Амаль 50 год яны з’яўляюцца такімі для ветэрана вайны Івана Міхайлавіча Пярэдні, які быў ушанаваны на свяце, як адзін з самых старэйшых жыхароў горада. Напачатку 60-х гадоў з Казахстана, дзе працаваў на асваенні цаліны, вярнуўся ў свой родны горад  Рамуальд Матрунёнак. З сабой прывёз прыгажуню-жонку Зіначку. Сёлета спаўняецца 50 год, як яны жывуць у шлюбе. З гэтай нагоды Матрунёнкі сталі героямі свята. З юбілеем шлюбу іх павіншавалі старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, дачка Галіна з мужам Юрыем (здымак 3). Горад ганарыцца таленавітай шматдзетнай сям’ёй Вадзіма і Вольгі Кішулькаў і ўсімі бацькамі, якія гадуюць будучых гараджан (здымак 4).

Затым свае віншаванні святу на мове мастацтва, натхнення і таленту выказалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна. Цудоўным момантам стаў канцэрт народнага ансамбля народнай песні “Славяначка” з Оршы.

Прадоўжылася свята гала-канцэртам пераможцаў раённага агляду-конкурсу “Таленты Докшыччыны”, па заканчэнні якога неба расквеціў рознакаляровымі ўспышкамі ўрачысты салют. І тут цёплае надвор’е, што так радавала ўвесь дзень, змянілася лёгкім дожджыкам. Але ён не быў перашкодай маладым гараджанам, якія дружна рушылі на святочную дыскатэку ў кінаканцэртную залу “Іскра”.

Доўгіх гадоў табе, Докшыцы! Маладзей і квітней, любімы горад.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча. 

no images were found

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *