В Докшицах отметили День снега

Траскучы мароз, снегапад, застылая ў аб’інелай казцы прырода – больш падыходзячага надвор’я нельга ўявіць для Сусветнага дня снегу. Менавіта такой была нядзеля 20 студзеня, калі аматары лыжных гонак сабраліся ва ўрочышчы “Чыстаполле”, каб паўдзельнічаць у эстафеце і тым самым адзначыць снежнае свята.

У лыжнай эстафеце ўдзельнічала шэсць каманд працоўных калектываў раёна: ПМС, райгаза, РУП ЖКГ, РАА, завода “Ветразь і ЦРБ.

На пастраенні ўсіх вітала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. Яна пажадала ўсім добрага настрою і чэснай перамогі. Сцяг Рэспублікі Беларусь паднялі прадстаўнікі каманды-пераможцы мінулагодняга лыжнага забегу – РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.

Эстафета праходзіла ў чатыры этапы. Мужчыны і жанчыны зрабілі па два забегі. Бясспрэчнае лідарства зноў заваявала каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. На другой прыступцы пераможнага п’едэстала аказалася каманда раённага аддзела адукацыі. Трэцяе месца забралі работнікі райгаза.  Пераможцам уручылі дыпломы ад аддзела фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама і грашовыя прэміі.

Так, снежным хрустам, водарам гарачай гарбаты на марозе і размашыстым бегам па хуткай лыжні адкрыўся спаборніцкі лыжны сезон і адбылася  размінка перад “Беларускай лыжнёй-2013”. Яна пройдзе ў суботу, 26 студзеня. Удзел у ёй могуць прыняць каманды працоўных калектываў раёна і ўсе жадаючыя.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” – пераможца лыжнай эстафеты. 

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *