В сельхозфилиале «Бегомльский» провели отчётное собрание

P1270987

Плошча сельгасугоддзяў СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” складае 2012 гектараў, сярод якіх 1176 – ворнай зямлі. Урадлівасць сельгасугоддзяў ацэньваецца ў 22,9 бала, а ворнай зямлі – 24. Пры даведзеным паказчыку тэмпу росту валавой прадукцыі ў 121 працэнт у мінулым годзе ён склаў толькі 105,3. Пры гэтым выраблена прадукцыі на 2 мільярды 411 мільёнаў рублёў.

На справаздачным сходзе, які прайшоў у мінулую сераду, дырэктар сельгасфіліялу А.М. Бальшуноў спыніўся на выніках вытворча-фінансавай дзейнасці прадпрыемства. Прааналізаваў дасягненні, ускрыў недахопы, акрэсліў планы, выказаў удзячнасць.

Лічбы

У мінулым годзе пад зерневыя і зернебабовыя культуры адвялі 788 гектараў, а гэта больш, чым было ў папярэднім на 77 гектараў. Валавы намалот зерня склаў 2528 тон пры ўраджайнасці 32 цэнтнеры і сабекошце аднаго кілаграма 994 рублі. Рэнтабельнасць склала 30 працэнтаў.

Больш чым у папярэднім годзе сабралі рапсу, а таксама нарыхтавалі травяных кармоў. Валавая вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў параўнанні з папярэднім годам склала 109,6 працэнта. Выраблена яе на 2 мільярды 772 мільёны рублёў. Ад кожнай каровы надаілі па 4381 кілаграму малака і рэалізавалі крыху больш, чым 925 тон. Малако ішло на продаж класам экстра (36,3 працэнта), вышэйшым гатункам (30,1 працэнта), першым гатункам (31,8 працэнта) і каля двух працэнтаў другім. Сярэдняя цана рэалізацыі аднаго кілаграма склала 2828 рублёў пры сабекошце 2296 рублёў. Рэнтабельнасць – 23,1 працэнта.

У мінулым годзе вырасцілі 143,9 тоны буйной рагатай жывёлы, а гэта на 7,6 тоны больш, чым было ў папярэднім годзе. Пайшло на рэалізацыю толькі 71,9 тоны, што склала 80,9 працэнта да паказчыка папярэдняга года.Сярэдні кошт аднаго кілаграма мяса вызначаецца ў памеры 15161 рубель, а сабекошт – 15732. Рэнтабельнасць – мінус 3,9 працэнта.

Разам з тым, выручка ад рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці склала больш чым 7 мільярдаў рублёў, а прыбытак – 992 мільёны.

Факты і каментарыі

За лічбамі стаіць штодзённая праца (у філіяле сярэдняспісачная колькасць працуючых складае 73 чалавекі) членаў калектыву. І толькі на першы погляд за дасягнутыя вынікі ўсе заслугоўваюць удзячнасць. Справы абстаяць не зусім так, як хацелася б. А.М. Бальшуноў канстатуе факт: у мінулым годзе рабочымі філіялу было зроблена 180 прагулаў. Адзін з рабочых з-за пастаяннага парушэння працоўнай і бытавой дысцыпліны пасля некалькіх папярэджванняў накіраваны на лячэнне ў ЛТП.

Жывёлагадоўля, за кошт якой жыве філіял на працягу года, патрабуе ўдасканалення. Выклікае трывогу якасць малака, якое ідзе на рэалізацыю. Толькі мільён рублёў губляецца на розніцы паміж экстрай і першым гатункам. У сярэднім 2600 кілаграмаў малака, якія ідуць на продаж штодня, могуць сабраць суму на выплату зарплаты. А чым разлічыцца за электраэнергію, выплаціць падаткі і г.д.?

Адной з галоўнейшых задач у паляпшэнні фінансавага стану гаспадаркі з’яўляецца ўзвядзенне новай камп’ютарызаванай фермы. Без яе, разумеюць бягомльцы, практычна няма будучыні.

Патрабуе грашовых укладанняў і раслінаводства. Па-першае, ёсць неабходнасць у сортаабнаўленні, закупе элітнага насення. Вялікую праблему стварае старая зернесушылка. Неабходны новы магутны зернеачышчальна-сушыльны комплекс.

Дасягненне пэўных станоўчых вынікаў не дае права супакоіцца і не прымаць далейшых захадаў у павелічэнні вытворчых паказчыкаў.

Адзнака

– СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” уваходзіць у пяцёрку лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна, – сказаў на сходзе старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Тут робіцца шмат і многае на належным узроўні. Вялікая работа праведзена ў ачышчэнні палёў ад кустоўя. Куплены энерганасычаны трактар, агрэгаты да сельгасмашын. На пясчаных і супясчаных глебах калектыў дабіўся нядрэннай ураджайнасці збожжавых. Вышэй за сярэднераённы паказчык тут і надой ад кожнай каровы. Выказваю ўдзячнасць за працу ўсім, хто добрасумленна спраўляўся з пастаўленымі задачамі. А таксама дырэктару ААТ “Віцебскдрэў” за аказаную дапамогу. Між тым, нельга не спыніцца на праблемах, ад вырашэння якіх залежыць будучыня кожнага з вас і сельгасфіліялу ў цэлым.

Алег Леанідавіч гаварыў пра тое, што трэба выканаць даручэнне кіраўніка краіны і губернатара вобласці аб павышэнні зарплаты да канца года ў 700 долараў ЗША. І лічба гэта не з неба ўзятая, а рэальная. Усё залежыць ад кожнага з нас. Трэба толькі старацца. На прыкладзе завода “Ветразь” кіраўнік раёна паказаў, што ўсё магчыма. На заводзе, дзе яшчэ не так даўно з рабочымі разлічваліся навагоднімі ўпрыгажэннямі, сёння стабільная высокая зарплата. Калі вытрымліваць тэхналогію і працаваць разумна, выкарыстоўваць навуковыя распрацоўкі, па-гаспадарску ставіцца да справы, то і ў сельскагаспадарчай вытворчасці можна мець не меншыя поспехі, чым у прамысловасці.

Падарункі

P1270995

Добрасумленную працу кожнага члена калектыву адзначылі прынародна. Анатолій Бальшуноў лепшым з лепшых уручыў каштоўныя падарункі: пыласосы, электрамясарубкі, пасцельную бялізну. На сцэну адзін за другім запрашалі механізатараў, жывёлаводаў, кіраўнікоў падраздзяленняў, спецыялістаў, пенсіянераў, якія аказвалі філіялу дапамогу. Гаманліва сустрэў зал прозвішча аднаго з механізатараў, які па выніках 2011 года з-за парушэнне працоўнай дысцыпліны застаўся без падарунка і быў незадаволены гэтым. Тады ж кіраўнік сельгасфіліялу адзначыў: будзеш старацца – атрымаеш мільён у наступным годзе. А ў Бальшунова словы са справамі не расходзяцца: механізатар атрымаў пыласос.

Справаздачны сход у “Бягомльскім” праходзіў напярэдадні жаночага дня – 8 Сакавіка. Панавала святочная атмасфера. З гэтай нагоды быў арганізаваны канцэрт мастацкай самадзейнасці. Амаль на прафесійным узроўні спявалі непрафесіяналы. Пачаўся канцэрт і закончыўся песнямі ў выкананні галоўнага эканаміста Алены Герасімёнак. Вось дзе доказ справядлівасці выказвання: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім! Як высветлілася, Алена не толькі эканаміст, старшыня прафкама, але і добрая самадзейная спявачка, якая ўмела трымаецца на сцэне.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *