Заўсёды ёсць магчымасць эканоміі

Пытанне аб рацыянальным і эфектыўным выкарыстанні цеплавой энергіі, яе размеркаванні і ўліку становіцца сёння ўсё больш актуальным. Няхватка ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў і неабходнасць імпартаваць паліва з суседніх краін патрабуе ад нас эканомнага выкарыстання цеплавой энергіі.

У час абследавання прадпрыемстваў і арганізацый, якія атрымліваюць і спажываюць цеплавую энергію, мы, інспектары энергаінспекцыі Глыбоцкага МрА, нярэдка бываем сведкамі фактаў марнатраўства і нерацыянальнага выкарыстання цеплавой энергіі, што выражаецца ва ўцечцы цепланосьбіта, у адсутнасці цеплавой ізаляцыі цеплаправодаў або ў яе нездавальняючым стане, адсутнасці аўтаматычных рэгулятараў тэмпературы і прыбораў уліку цеплавой энергіі. Іншы раз нядбайныя работнікі забываюць аднавіць цеплавую ізаляцыю трубаправодаў пасля правядзення рамонтных работ.

Ужо цяпер трэба падумаць аб замене ўчасткаў цеплавых сетак у міжацяпляльны перыяд. Сюды трэба аднесці трубаправоды з сышоўшым тэрмінам нарматыўнай эксплуатацыі, якія з’яўляюцца крыніцай звышнарматыўнага расходу цеплавой энергіі з-за ўцечкі цепланосьбіта і зносу цеплавой ізаляцыі, якая не забяспечвае свайго прызначэння. Ненадзейную цеплавую сетку, якая адслужыла свой тэрмін, лягчэй замяніць у летні перыяд, чым потым у ацяпляльны сезон займацца ўстараненнем прарываў (гэта прыводзіць да ўцечкі цепланосьбіта і вялікіх затрат на земляныя работы ў зімовых умовах).

Яшчэ адным накірункам, які можа дазволіць зэканоміць цеплавую энергію, з’яўляецца насадка і рэгуліроўка сістэм цеплазабеспячэння. На жаль, у асобных месцах у гэтым адчуваецца недапрацоўка, што прыводзіць да разбалансавання сістэм. У выніку адны аб’екты недаграваюцца, і з боку спажыўцоў паступаюць абгрунтаваныя скаргі, а іншыя вымушаны адчыняць форткі або ўзмацняць вентыляцыю памяшканняў для выдалення лішняга цяпла. Нічога іншага не застаецца, як падымаць тэмпературу энерганосьбіта, каб зняць скаргі спажыўцоў на якасць ацяплення. А гэта непазбежна цягне за сабой перарасход паліўных рэсурсаў.

На падставе сказанага можна зрабіць вывад, што магчымасць эканоміі і беражлівасці заўсёды ёсць, нават без вялікіх на гэта капіталаўкладанняў.

Е. Ішуцін,
дзяржаўны інспектар па энергетычным наглядзе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *