Как в Докшицком районе на турслёте соревновались под дождём и солнцем (много фото)

IMG_8056   Традыцыйны турысцка-спартыўны злёт, які прайшоў у мінулыя выхадныя, быў прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нязменным засталося месца правядзення – бераг возера Медзазол. У гэтым годзе аматараў здаровага ладу жыцця сабралася намнога больш. Калі летась было ўсяго толькі 8 каманд, то сёлета заяўкі паступілі ад 11-ці.

Зранку ля берага возера пачалі “абжывацца” каманды працоўных калектываў хлебазавода, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, Бягомльскай сярэдняй школы, РВЭСа, ТЦСАН і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (“Белая птушка”), Бягомльскага лясгаса, завода “Ветразь”, Бягомльскай школы-інтэрната, ПМК-52, сярэдняй школы №1 і зборная каманд з Барсукоўскай, Бярозкаўскай і Парплішчанскай школ (ББП).

На адкрыцці турзлёту прысутнічала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. Яна павітала ўсіх удзельнікаў трохдзённага спартыўнага мерапрыемства і пажадала, каб каманды дастойна праявілі сябе ва ўсіх спаборніцтвах, каб усім спадарожнічала ўдача, і кожны ўдзельнік знайшоў новых сяброў.

Пасля гэтага капітану каманды РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” – пераможцы мінулагодняга сезона – было прапанавана пад гукі Гімна Беларусі ўзняць Дзяржаўны сцяг.
Наперадзе ўдзельнікаў чакалі сапраўдныя выпрабаванні, якія заключаліся ў найбольш выніковым праходжанні 9-ці відаў спаборніцтваў. Напрыклад, конкурс быту, які праводзіўся на працягу ўсіх трох дзён злёту, патрабаваў ад каманд стварэння камфортных умоў пражывання, правільнага захоўвання прадуктаў і развядзення кастра.

Пры гэтым трэба было памятаць пра беражлівыя адносіны да прыроды. Выдатна справілася з гэтай задачай каманда “Тарнада” (хлебазавод). Асабліва быў адзначаны іх бярозавы мосцік. У музычным конкурсе не было роўных Бягомльскай школе-інтэрнату. Журы ўразіла выкананне камандай патрыятычнай песні “Здесь птицы не поют”. Высока ацанілі і тэатралізаванае прадстаўленне “Три девицы под окном собирались на турслёт”, у якім усе дзеянні адбываліся ў жартаўлівай форме з вялікай колькасцю сцэнічных касцюмаў. Трэцяе прызавое месца ў віктарыне, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, раздзялілі паміж сабой каманды СШ №1 і каманда зборнай ББП (апошняя ўзяла другое месца ў трыатлоне і кантрольна-турыстычным маршруце). Першая гарадская школа заваявала другое і трэцяе месцы ў такіх відах спаборніцтваў, як валейбол, начное арыентаванне і пачатковая турыстычная падрыхтоўка. Каманда “Белая птушка” прымае ўдзел у турзлёце другі раз. Лаўры ў выглядзе 2-га месца яна атрымала за музычны і інтэлектуальны конкурсы (віктарына). Каманда камунгаса, як вядома, адна з мацнейшых. Ніводзін сапернік не змог пераўзысці яе ў валейболе і праходжанні кантрольна-турыстычнага маршруту. Бронзавымі прызёрамі члены гэтай каманды сталі ў эстафеце. У гэтым жа відзе спаборніцтваў на другім месцы аказалася Бягомльская сярэдняя школа. У каманды завода “Ветразь” таксама ёсць свае поспехі: яна заняла другую прыступку ў пачатковай турыстычнай падрыхтоўцы.

Крыху менш пашчасціла камандам з Бягомльскага лясгаса і ПМК-52. Прызавых месцаў ім заваяваць не ўдалося, але  яшчэ ўсё наперадзе.
Трэба сказаць, што калі першыя два дні спрыялі ўдзельнікам турзлёту ў плане надвор’я, то заключны дзень выдаўся дажджлівым. Але гэта ніколькі не сапсавала настрою. Наадварот, трыатлон, які стаў завяршальным этапам спаборніцтваў, праверыў усіх на трываласць і вынослівасць у экстрымальных умовах.

Суддзям заставалася падвесці канчатковыя вынікі. Пераможцай турыстычнага злёту—2014 стала каманда сувязістаў (на здымку на 1-й стар.). Узнагароды ў выглядзе Кубка, дыплома і медалёў знойдуць дастойнае месца ў гэтай арганізацыі. Як адзначыў прадстаўнік каманды РВЭС Віктар Шаўцоў, дасягнуць найвышэйшай прыступкі дапамаглі камандны дух, узаемавыручка і добрая фізічная падрыхтоўка. З 9-ці відаў спаборніцтваў удзельнікам гэтай каманды не ўдалося заняць прызавое месца толькі ў адным.

Камунгасаўцы сёлета другія. Нечаканасцю і адначасова вялікай радасцю для Бягомльскай сярэдняй школы стала заваяванае трэцяе месца. Сярэбраныя і бронзавыя прызёры таксама атрымалі Кубкі і дыпломы. Каманды, якія занялі прызавыя месцы ў асобных відах спаборніцтваў не засталіся без падарункаў.
Мокрыя да ніткі, крыху замораныя, але такія шчаслівыя, удзельнікі спартыўнай падзеі будуць яшчэ доўга ўспамінаць самыя яскравыя моманты сёлетняга турзлёту.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *