В Докшицах соревновались смелые гонщики + фотогалерея

IMG_27671картЯк вялікі чмяліны вулей гула цэнтральная вуліца нашага горада ў суботу – ужо традыцыйна тут праводзіліся адкрытыя асабіста-камандныя спаборніцтвы па картынгу. Сёлета ў заездах прынялі ўдзел дзесяць каманд не толькі з нашай краіны, але і з Расіі – г. Дарагабуж Смаленскай вобласці, усяго 69 вадзіцеляў-картынгістаў.

– Вельм добра, што моладзь выбірае здаровы лад жыцця і займаецца актыўным баўленнем часу, – звярнуўся да ўсіх старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Вітаем гасцей нашага горада і жадаем удзельнікам лёгкай трасы, а гледачам – прыемных уражанняў.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства, прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 70-годдзю вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таксама сталі намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Місачэнка, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Кучыц, прадстаўнік Глыбоцкай раённай арганізацыйнай структуры ДАСААФ Максім Алексін. Дзяржаўны сцяг уздымалі гаспадары спаборніцтваў – докшыцкія картынгісты (здымак 1). Вясёлай песняй паднялі ўсім настрой дзяўчаты з вакальнай студыі “Тоніка” раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Галоўны суддзя Андрэй Мацвеенка напомніў удзельнікам пра тэхніку бяспекі і пажадаў перамог.
У гэтым годзе гоншчыкі спаборнічалі ў сямі класах (у залежнасці ад узросту і тэхнічнай падрыхтоўкі аўтамабіля). Самаму маленькаму картынгісту з Полацка — Арцёму Яфіменка — яшчэ няма і шасці, але гэта не перашкодзіла яму заняць пачэснае трэцяе месца ў класе “Малыш” і ўнесці значны ўклад у перамогу сваёй каманды.

Першымі праверылі трасу байкеры з глыбоцкага патрыятычнага клуба, апранутыя ў абмундзіраванне салдат часу Вялікай Айчыннай вайны. А потым пачалася сапраўдная гонка (здымак 2). Шматлікія гледачы толькі і паспявалі назіраць за нумарамі ўдзельнікаў. Хуткасць і драйв прыцягвалі кожнага да гэтага відовішча – і вось ужо амаль усе “хварэлі” за смелых гоншчыкаў і падтрымлівалі іх воклічамі.
Гудзенне не змаўкала з раніцы да вечара. Сонца і колы малых аўто награвалі асфальт. Ад шасці да шаснаццаці кругоў, у залежнасці ад класа, зрабілі картынгісты. І вось спаборніцтва скончылася, балы падлічаны і вызначаны пераможцы. Вельмі прыемна, што сярод іх і докшыцкая каманда.

IMG_29141карт

Вынікі каманднага заезду:
1 месца – каманда № 2 Палаца дзяцей і моладзі г. Полацка;
2 месца – раённы цэнтр дзяцей і моладзі г. Докшыцы;
3 месца – каманда № 1 Палаца дзяцей і моладзі г. Полацка.

Пераможцы асабістага заезду:

Клас “Малыш” – першае месца ў Юрыя Лядніцкага з каманды № 1 ПДіМ г. Полацка;
Клас “Ракет” – Клімент Сакалоў (ДАСААФ г. Віцебск);
Клас “Папулярны” – Артур Юркоў (г. Гомель);
Клас “Формула” – Раман Рудак (каманда № 2 ПДіМ г. Полацка);
Клас “Нацыянал” – Георгій Казак (РЦДіМ г. Докшыцы);
Клас “Формула-250” – Антон Сурмін (ДАСААФ г. Віцебск);
Клас “Формула-125” – Дзяніс Чымпой (РЦД іМ г. Докшыцы);
Клас “Пілот” (удзельнічалі толькі прадстаўнікі расійскай каманды) – першае месца ў Георгія Дзям’янава са спартыўна-тэхнічнага аб’яднання “Картынг” г. Дарагабуж Смаленскай вобласці.

Пералічыць усіх заняўшых пераможныя месцы немагчыма, але, дзякуючы кожнаму з удзельнікаў, свята хуткасці і смеласці прайшло на “ура!”

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота А. Канавалавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *