Камсамолец — гэта актывіст на ўсё жыццё

001 11Сёння — не проста звычайны будні дзень для старэйшага пакалення. 29 кастрычніка – дата нараджэння камсамола. Права звацца камсамольцам атаясамлялася з самаадданым цікавым жыццём, з неабыякавасцю і жаданнем дапамагаць, з патрыятызмам і ідэалогіяй у самым станоўчым сэнсе гэтага слова, з паездкамі па некалі вялікай краіне, з марамі і, што самае галоўнае, — з маладосцю. Сёння можна скептычна ставіцца да многага з тых часоў, і гэта права пакалення, якое, на асабісты погляд аўтара артыкула, на жаль, не зведала, што гэта такое. Аднак не трэба забывацца, што камсамол — не толькі частка гісторыі, але і лепшая частка жыцця вялікай колькасці людзей па іх жа прызнанні. А таму, патрабуе павагі і разумення. Здавалася б, банальны выраз пра тое, што камсамол — пуцёўка ў жыццё і для герояў сённяшняга артыкула, і для для многіх іншых людзей не проста афіцыйныя словы, а спраўджаны прагноз.

Падзяліцца ўспамінамі мы папрасілі тых, чыя працоўная біяграфія склалася ў нашым раёне і была звязана з камсамолам.

Надзея Міхайлаўна Шарко, сакратар-загадчыца аддзела школьнай моладзі і піянераў, восем гадоў на камсамольскай рабоце, затым праца ў райкаме партыі.

– У мяне пра тыя часы самыя лепшыя ўспаміны. Работа была складанай, цікавай і насычанай падзеямі. Мы арганізоўвалі суботнікі, васкрэснікі, самі ўдзельнічалі ў іх, збіралі заробленыя грошы на добрыя справы. І, што самае галоўнае, ніхто не пытаўся: я прыму ўдзел, але што мне за гэта будзе? Чырвонай ніткай праз усе справы праходзіла зусім іншае: што я магу зрабіць для камсамола? За месяц у камсамол прымалі больш за сотню чалавек і гэта не рабілася дзеля справаздачы. Да ўступлення ў саюз рыхтаваліся, ставіліся да гэтага адказна. Вельмі многа працавалі непасрэдна з актывам, сакратарамі. Да памятных дат ладзілі экскурсійныя паездкі, зімой запамінальнымі былі агітпрабегі на лыжах да месцаў баявой і патрыятычнай славы. Нягледзячы на важныя справы і выхаванне ў патрыятычным накірунку, жылі вельмі весела. Сябравалі, марылі і ведалі дзеля чаго жывём. Я вельмі ўдзячна таму часу і тым, хто адваяваў для нас жыццё, выхаваў, даў адукацыю.
Алена Міхайлаўна Сарокіна, сакратар-загадцыца аддзела школьнай моладзі і піянераў, пяць гадоў на камсамольскай рабоце, затым праца ў райкаме партыі.

– З тых часоў памятаю яднанне і агульнасць. Растлумачу, чаму. У райкаме камсамола кожны адказваў за свой участак работы. І, разам з тым, калі арганізоўвалі мерапрыемствы, ніхто не адмаўляў у дапамозе іншаму, усе справы і пачынанні былі агульнымі. Разам мы дабіраліся да аддаленых пярвічак, разам збіралі ўзносы.
Мне пашчасціла быць пасажырам камсамольскага цягніка сяброўства. У 1983 годзе цягнік з чатырма вагонамі актыву Віцебскай вобласці і шасцю — Мінскай адправіўся ў ГДР. З Берліна нашу дэлегацыю накіравалі ў Франкфурт на Одэры. Гэта былі незабыўныя, насычаныя падзеямі дзесяць дзён. Потым яшчэ давялося пабываць у Югаславіі, іншых месцах. Пэўна з тых часоў з’явілася ў мяне цяга да падарожжаў. І, па-магчымасці, я стараюся дзесьці пабываць. Праўда зараз ужо больш па Беларусі, бо і ў нас хапае месцаў, якія могуць быць цікавымі людзям розных інтарэсаў. Тое жыццё было настолькі багатым на падзеі, што складана выдзеліць якую адну. Засталіся сябры, калегі, многіх забраў час, але калі атрымоўваецца сустрэцца з кім, то нам ёсць што прыгадаць, асабліва гартаючы старонкі альбомаў з фотаздымкамі. Камсамольцаў не бывае былых, камсамолец — гэта актывіст на ўсё жыццё.

Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ злева направа: (верхні рад) Дзям’ян Варанковіч, Мікалай Маскалёнак, Уладзімір Корсун, Фёдар Малюжанец; (ніжні рад) Дана Шпарковіч, Алена Сарокіна, Людміла Акунявец, Зінаіда Сялюк, Ніна Шастапалава каля Ганаровага сцяга ЦК ВЛКСМ.
Фота з архіва Алены Сарокінай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *