Все на медосмотр!

Здароўе – бясцэнны скарб кожнага чалавека. Яно – заклад паўнацэннага і шчаслівага жыцця, добрасумленнай працы на карысць дзяржавы, якая стаіць на яго абароне. У Беларусі дзяржаўная сістэма аховы здароўя заснавана на захаванні сацыяльнай справядлівасці і даступнасці медыцынскай дапамогі.
Пра тое, як арганізавана амбулаторна-паліклінічная дапамога жыхарам раёна, наша інтэрв’ю з загадчыцай цэнтральнай раённай паліклінікі Валянцінай Вешторт.

День Победы Бегомль 009—Амбулаторна-паліклінічная дапамога аказваецца ўрачамі Докшыцкай і Бягомльскай паліклінік, урачамі агульнай практыкі Сітцаўскай і Параф’янаўскай амбулаторый, Крулеўшчынскай участковай бальніцы, Бярэзінскай бальніцай сястрынскага догляду, тэрапеўтам Бярозкаўскай бальніцы сястрынскага догляду, фельчарамі ФАПаў, медыцынскімі сёстрамі медустаноў раёна, – паведаміла Валянціна Мечыславаўна. – Паліклініка ў Докшыцах працуе з 7 і да 19 гадзін, у суботу з 8.00 да 14.00. Дзейнічае папярэдні запіс да ўсіх спецыялістаў за 2 тыдні і сёння – на заўтра, магчымасці якога актыўна выкарыстоўваюць пацыенты. Яго можна зрабіць і па тэлефоне 2-11-57. Прыём, які ажыццяўляецца па прынцыпе талоннай сістэмы, вядуць 23 спецыялісты. Інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобы, роўныя з імі па льготах, абслугоўваюцца па-за чаргой. Пасля заканчэння рабочага дня і ў выхадныя, медыцынская дапамога аказваецца ў прыёмным пакоі Докшыцкай ЦРБ.
– Які асноўны накірунак дзейнасці паліклінікі на сённяшні дзень?
– Гэта – дыспансерная работа. Яна ўключае комплекс мер па фарміраванні здаровага ладу жыцця, прафілактыцы і ранняй дыягностыкі захворванняў, а таксама эфектыўным лячэнні хворых і дынамічным назіранні за імі. Дыспансерызацыя дарослага насельніцтва з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў дэмаграфічнай палітыкі нашай краіны. Яе асноўнымі арганізацыйнымі формамі з’яўляюцца паглыбленыя медыцынскія даследаванні, дыспансернае дынамічнае назіранне, планаванне і рэалізацыя лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў.
Для кожнай узроставай групы дарослага насельніцтва вызначаны аб’ём даследаванняў. У пацыентаў ва ўзросце 18-29 год вымяраецца артэрыяльны ціск, індэкс масы цела, бярэцца агульны аналіз крыві, мачы, вызначаецца ўзровень глюкозы ў крыві, робяцца электракардыяграма і флюараграфія, жанчын аглядае ўрач-гінеколаг. Наступная група (30-39 год) праходзіць усе пералічаныя даследаванні і здае яшчэ халестэрын крыві. У пацыентаў ва ўзросце за 40 год да названых даследаванняў далучаецца ацэнка рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў па табліцы SCORE, вымяраецца ціск унутры вока, мужчын аглядае ўрач-практолаг. Афтальматанаметрыі не радзей за 1 раз у 3 гады падлягаюць усе асобы ва ўзросце 40 год і старэй. Штогод яе праходзяць грамадзяне старэйшыя за 35 год, у радні якіх ёсць хворыя на глаўкому.
Усе пералічаныя даследаванні праводзяцца ва ўмовах ЦРБ, якая мае неабходнае для гэтага медабсталяванне. Па выніках даследаванняў грамадзяне размяркоўваюцца па групах дыспансернага дынамічнага назірання.
Да І групы адносяцца тыя, хто не скардзіцца на стан здароўя. У час дыспансернага агляду ў іх не выяўлены вострыя, хранічныя захворванні або парушэнні функцый асобных органаў і сістэм арганізма. А выяўленыя нязначныя адхіленні не ўплываюць на працаздольнасць.
ІІ група — гэта практычна здаровыя грамадзяне, якія маюць у анамнезе фактары рызыкі хранічных захворванняў, а таксама вострыя захворванні, якія могуць прывесці да хранізацыі паталагічнага працэсу. Да іх далучаюцца тыя, хто часта (6 і больш разоў за год) ці доўга (больш 40 дзён за год сумарна) пераносяць вострыя захворванні, а таксама грамадзяне з хранічнымі захворваннямі ў стадыі рэмісіі без парушэнняў функцый органаў і сістэм арганізма.
Да ІІІ групы адносяцца грамадзяне, якія маюць хранічныя захворванні з парушэннямі функцый органаў і сістэм арганізма і іх перыядычнымі абвастрэннямі. Яны ставяцца на дыспансерны ўлік для далейшага назірання ва ўрача-спецыяліста адпаведнага профілю і ўчастковых урачоў-тэрапеўтаў.
Да ІV групы адносяцца асобы, якія маюць групу інваліднасці.
– Каб сачыць за сваім здароўем, трэба абавязкова своечасова праходзіць усе названыя даследаванні?
– Абсалютна правільна. Якраз іх і прадугледжвае перыядычны медыцынскі агляд, які кожны працаздольны грамадзянін павінен праходзіць кожны год. З 26 студзеня пачынаецца кампанія па праходжанні медагляду ў 2015 годзе. Спадзяёмся, што дысцыплінавана і актыўна, а галоўнае, у вызначаны графікам тэрмін яго пройдуць усе, каму неабходна гэта зрабіць.
– Дзякуй за інтэрв’ю.

Гутарыла Тамара
АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: медсястра кабінета функцыянальнай дыягностыкі раённай паліклінікі Тамара Гайковіч здымае электракардыяграму ў пацыента.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *