Докшицы в субботу вместе со всей страной отпраздновали День Великой Победы (+фото)

IMG_9889 IMG_9986Докшыцы ў суботу разам з усёй краінай адзначылі Дзень Вялікай Перамогі. Цэлы дзень у горадзе панавала асаблівая атмасфера. Сотні людзей, якія прыйшлі на свята, аб’яднала галоўная ідэя – ідэя Вялікай Перамогі, ідэя памяці подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў і неабходнасці сёння, праз 70 гадоў, перадаваць гэту святую памяць з пакалення ў пакаленне, каб больш ніколі не было вайны.

Традыцыйна свята пачалося з наведвання мемарыяльнага комплексу “Шунеўка”, дзе былі ўскладзены кветкі да помніка “Праклён фашызму”, а таксама да абеліскаў і помнікаў, якія знаходзяцца ў райцэнтры. Пазней у Докшыцах адбыўся ўрачысты мітынг на плошчы імя І.С. Палявога. Да падножжа помніка неслі кветкі кіраўніцтва раёна, ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў, духавенства. Школьнікі ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў, усклаўшы гірлянду Славы.
– 9 мая – самае галоўнае свята ў жыцці, гэта трыумф беларускага і савецкага народа, – гаварыў на мітынгу старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – У гэты дзень мы ўспамінаем тых, хто вызваліў нас ад фашысцкай навалы. У Докшыцкім раёне падчас вайны загінуў кожны трэці жыхар, ворагі спалілі 104 населеныя пункты, 3 вёскі не адноўлены да гэтага часу.
Дзякуючы нашым паважаным ветэранам, сёння мы працуем і жывём пад мірным небам. Таму маладому пакаленню трэба свята шанаваць памяць пра тых, хто загінуў, абараняючы сваю радзіму, – сказаў Алег Леанідавіч.

IMG_5763 IMG_5739
Кіраўнік раёна павіншаваў ветэранаў, жыхароў і гасцей раёна са святам, пажадаў усім мірнага неба над галавой, моцнага здароўя, а таксама заклікаў і надалей займацца патрыятычным выхаваннем дзяцей.
Пра тое, наколькі цяжкім і доўгім быў шлях да перамогі, прыгадаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянцін Іванавіч Якушэўскі. Ён звярнуўся да юнакоў і дзяўчат з просьбай ніколі не забываць пра вялікі подзвіг беларускага народа.
З павагай і любоўю словы падзякі ветэранам выказаў старшыня Моладзевай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў Ілья Грыгаровіч.
На свята ў раён завіталі нават госці з Расіі: Сяргей Біберын са сваёй сям’ёй і Уладзімір Ярафееў з унукам Дзмітрыем і пляменнікам Яўгеніем Кулінічам. Яны ўжо не ў першы раз прыязджаюць у Докшыцы для таго, каб ушанаваць памяць загінуўшых падчас вайны сваіх родных – пахаваных на докшыцкай зямлі герояў. На мітынгу ў адрас раённага кіраўніцтва, усяго брацкага народа ад расіян гучалі словы вялікай удзячнасці за тое, што мясцовая ўлада клапоціцца пра месцы пахаванняў салдатаў і не забывае пра іх подзвігі.
Пляцоўка, дзе павінны былі працягвацца масавыя гулянні, чакала жыхароў і гасцей раёна ў святочным убранні. Галоўных віноўнікаў урачыстасці – нашых паважаных ветэранаў – “даставілі” туды спецыяльным “Цягніком Перамогі”, праўда, ехаў ён не па рэйках, а па асфальце. Замест вагонаў – адкрытыя машыны. Упрыгожаны цягнік быў дэкарацыямі з надпісамі, якія сімвалізавалі перамогу і вызваленне.

IMG_5709 IMG_5688
Тэатралізаваная праграма, якую падрыхтавалі да 70-годдзя Вялікай Перамогі культработнікі, на гадзіну перанесла гледачоў у тыя часы, калі зусім маладыя людзі будавалі планы на будучае, кахалі, працавалі, радаваліся кожнаму пражытаму дню. Вайна ж перакрэсліла ўсе мары, разлучыла родных… Тэатралізацыю сапраўднага помніка загінуўшым воінам-салдатам са зброяй у руках прадставілі на сцэне артысты ГЦК. Хлопцам прыйшлося не толькі бездакорна папрацаваць з грымам, але зрасходаваць не адзін балончык сярэбранай фарбы для свайго адзення.
Краналі да слёз песні ваенных гадоў, уздымалі настрой вядомыя ўсім “Венскі вальс” і “День Победы”. Ветэраны сціскалі ў руках кветкі, змахвалі слёзы, успамінаючы квітнеючы май 45-га.
Святочную праграму дапаўнялі шматлікія тэматычныя пляцоўкі, выставы, гульні, конкурсы і атракцыёны.

IMG_5490 IMG_5627
Канцэртны марафон на пляцоўцы каля гарадскога Цэнтра культуры меў працяг увечары. Раздзяліць радасць перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў госці да дакшычан прыехалі артысты з Латвійскага горада Балві. Ансамбль народнага танца “Ріка” пад кіраўніцтвам Агрыса Вейсманіса горача сустракалі ўсе без выключэння. Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч падзякавала латышам за тое, што яны падарылі гледачам шмат незабыўных эмоцый і пажадала гасцям творчых поспехаў. Кожны ўдзельнік калектыву атрымаў памятны сувенір ад докшыцкіх сяброў.
IMG_5812 IMG_5815У 22 гадзіны неба над Докшыцамі расфарбаваў святочны салют.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Я. Малевіч, В. Чарвінскага,  А. Варанковіча.

 

 

 

 

 

На свяце былі падведзены вынікі фотаконкурсу “Перамозе прысвячаецца”. У намінацыі “Месцы памяці” былі адзначаны:
1 месцадырэктар Крулеўшчынскай СШ Уладзімір Піскуновіч;
2 месцавучаніца Параф’янаўскай СШ Ксенія Грыгаровіч;
3 месцавучань СШ № 1 г. Докшыцы Данііл Уліцкі.
У намінацыі “Дзень Перамогі ў тварах”:
1 месца вучаніца Глінскай СШ Аляксандра Ралавец;
2 месцавадзіцель райгазеты “Родныя вытокі” Вячаслаў Чарвінскі;
3 месцарэдактар райгазеты “Родныя вытокі” Аляксандр Варанковіч.
Надоечы святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі ў КЗ “Іскра” прайшоў конкурс інсцэніраванай патрыятычнай песні “Дарогамі Перамогі…”. Журы пакарылі наступныя творчыя калектывы:
1 месца Крулеўшчынская СШ;
2 месцаВалкалацкая СШ;
3 месца Парплішчанская СШ.
Названыя пераможцы пад апладысменты выходзілі на сцэну, каб атрымаць з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Сівіцкай дыпломы і падарункі.

no images were found

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *