В Докшицах выбирали лучшую многодетную семью

IMG_6902«Мы — сям’я» — такую назву мела адна з намінацый раённага агляду-конкурсу “Лепшая шматдзетная сям’я”, які правялі ў дзіцячай школе мастацтваў 15 мая. У традыцыйным мерапрыемстве прынялі ўдзел тры сям’і. Вельмі прыемна было бачыць сярод канкурсантаў мінулагодніх удзельнікаў — Навойчыкаў. Гэта сям’я, у якой сапраўды сем “я”, — творчая, актыўная, моцная і дружная. У намінацыі “Добры дзень, гэта — мы” яны прадставілі сябе як сем пялёсткаў кветкі. Танцамі і песнямі, спагадлівымі ўсмешкамі Андрэй і Святлана з трыма дачушкамі і двума сыночкамі адразу заваявалі ўвагу гледачоў.

Яшчэ з фае школы мастацтваў, дзе былі аформлены выставы ў намінацыях “Нашы ручкі залатыя” і “Смачна, пальчыкі абліжаш”, усіх прысутных зацікавілі вырабы сям’і Млынец. Яна прывезла з сабою на конкурс цэлую гаспадарку, праўда, драўляную. Тата Анатолій, які працуе настаўнікам у Тумілавіцкай школе, захапляецца разьбой па дрэве. Карова, мядзведзь, лісіца і шмат іншых работ даказвалі, што ў гаспадара сапраўды “залатыя” рукі. Яго жонка Наталля ўразіла ўсіх сваімі кулінарнымі здольнасцямі — прысутныя проста “елі” вачамі прыгатаванага ёй фаршыраванага шчупака. Добры настрой і шчырыя ўсмешкі выклікалі перакладзеныя вершы, праз якія праходзіла знаёмства з кожным членам сям’і Млынец.
Адкрыццём конкурсу сталі трэція ўдзельнікі мерапрыемства — Красільнікавы. Нездарма іх прадставілі як спартыўна-музычную сям’ю. Сяргей — прафесійны ўкраінскі спартсмен па грэка-рымскай барацьбе. Зараз працуе рабочым у ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”. Яго жонка Марына — музыкант. Іх выступленне выклікала ўражанне, што на сцэне яны — як рыбы ў вадзе, настолькі добра ў іх атрымліваліся і акцёрская ігра, і спевы, і танцы. Бурнымі апладысментамі віталі гледачы песню пад акампанемент фартэп’яна і гітары, якую выканалі ўсе члены сям’і.

У конкурсе сацыяльнай рэкламы Навойчыкі агітавалі за мір ва ўсім свеце і падарылі прысутным папяровых галубоў. Красільнікавы разважалі пра вельмі важную функцыю сям’і – выхаванне дзяцей. Сям’я Млынец агучыла свой дэвіз: “Аснова сям’і — любоў і дабрыня”.

Пакуль журы размяркоўвала месцы, гледачы атрымлівалі асалоду ад канцэрта, з якім выступілі вучні школы мастацтваў.

Балы падлічаны, і журы назвала пераможцаў. Лаўрэатам 3-й ступені раённага агляду-конкурсу стала сям’я Млынец, на другім месцы – сям’я Навойчыкаў. Лаўрэатам 1-й ступені стала сям’я Красільнікавых (на здымку).

Арганізатары конкурсу вельмі ўдзячны спонсарам, без якіх свята не было б сапраўдным. Гэта: ЧП “Асаёнак”, ЧП “Лабынька”, ЧП “Рэгул-Інвест”, ІП Шуткін У., ААТ “АтлантБытТэхніка”, філіял ААТ “Еўрагандаль” г. Віцебска ў г.п. Бягомль.

no images were found

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *