Областной методический совет прошёл в Докшицком районе (+фото)

Фарміраванню экалагічных ведаў малодшых вучняў быў прысвечаны абласны метадычны савет, які прайшоў у нашым раёне. Яго ўдзельнікі на вопыце і прыкладах настаўнікаў школ Докшыцкага раёна разглядалі асноўныя пытанні выхавання экалагічнай культуры чалавека. Несумненна, што засяроджваць увагу на ахове навакольнага асяроддзя трэба з дзяцінства. Пра гэта і многае іншае на адкрыцці мерапрыемства, якое адбылося ў Докшыцкай СШ № 2, гаварыла метадыст аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Хамёнак.
– Кожны настаўнік ведае, што выхаванне цесна звязана з навучаннем, – нагадала Людміла Генадзьеўна. – Пазакласная дзейнасць, розныя формы і метады работы настаўнікаў з дзецьмі на ўроках могуць развіваць і паглыбляць веды пра прыроду, выхоўваць беражлівыя адносіны да яе.

Вырабы з “нічога” або Як нам зберагчы прыроду

 

Здымак 1

Здымак 1

У СШ № 2 г. Докшыцы ў гэтым накірунку традыцыйна праводзяцца “Вясенні тыдзень дабра” і “Тыдзень экалогіі”. У гэтым годзе вучні школы сталі пераможцамі ў акцыі “Птушыная вясна”, якую праводзіў Бярэзінскі біясферны запаведнік. Вельмі падабаюцца дзецям розныя экскурсіі, паездкі і паходы, у якіх яны не толькі знаёмяцца з прыгажосцю прыроды роднага краю, але і вучацца яе берагчы. Настаўнікі гэтай школы пазнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з правядзеннем пленарных урокаў: прадэманстравалі, як тэму заняткаў “Чалавек і свет” можна спалучыць з музыкай. Усіх узварушыла прапанова тут жа паўдзельнічаць у гульні: на экране дэманстраваліся карціны з прыроднымі пейзажамі, трэба было ўспомніць і назваць мастакоў — аўтараў твораў.
Шмат эмоцый выклікала выступленне экалагічнага тэатра “Каласок” (здымак 1).

 

Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы

IMG_7210

Здымак 2

Вельмі насычаным было наведванне Крулеўшчынскай СШ. Спачатку вучні правялі экскурсіі па кабінеце экалогіі і этнаграфічнаму музею. У актавай зале можна было пазнаёміцца з метадычнымі выставамі. Тут і распачалося пасяджэнне творчай групы настаўнікаў пачатковых класаў. Выступоўцы расказвалі пра свае методыкі выхавання экалагічнай культуры. Цікавымі прыкладамі работы з дзецьмі сталі практычныя доследы. Напрыклад, вучні Крулеўшчынскай школы падлічылі, што сям’я з трох чалавек у год выкідае каля 80 кілаграмаў смецця. Вельмі зацікавілі школьнікаў пытанні “Чаму пасля белага снегу адзенне бруднае?” ці “Які напітак больш карысны?» Менавіта адказ на апошняе і паспрабавалі знайсці прысутныя, калі прынялі ўдзел у майстар-класе “Ад урока да доследу” (здымак 2). Агульнымі намаганнямі з дапамогай хімічных доследаў прыйшлі да высновы, што лепш піць звычайны мамін кампот.

 

 

Усё ў нашых руках

Практычная сувязь з прыродай была прапанавана ўдзельнікам метадычнага савета ў Парплішчанскай школе. Знаёмства з экалагічным выхаваннем у гэтай навучальнай установе распачалося з экскурсіі па дэндрапарку — помніку прыроды мясцовага значэння. Пасля цудоўнай прагулкі на свежым паветры госці раздзяліліся на дзве групы: адна наведала факультатыўны занятак “Зялёнай школы”, на якім каманды хлопчыкаў і дзяўчынак дэманстравалі свае веды пра прыроду, другая пазнаёмілася з выступленнем экалагічнага тэатра “Жывому жыць”. Калі ўсе зноў сабраліся разам, знаёмства з накірункамі экалагічнай дзейнасці парплішчанскіх настаўнікаў і іх вучняў прадоўжылася. “Па кім звіняць званы?” — задавалі сабе пытанне ўдзельнікі агітбрыгады “Экафеерыя” і тут жа адказвалі: — “Па ўсіх нас! Яны папярэджваюць пра наступствы экалагічнай катастрофы”. У рамках акцыі “Стоп, хлам!” вучні прадэманстравалі дэфіле ўбрання з непрыдатнага матэрыялу (здымак 3). Вядомая прытча пра матылька як бы падвяла вынік работы экалагічнага савета.

Здамак 3

Здамак 3

– Усё сапраўды толькі ў нашых руках, – завяршыў мерапрыемства начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Парцянка. – Мы ўбачылі, як можна творча, цікава і карысна падысці да гэтай важнай тэмы на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці. Засталося ўсё толькі прымяніць у сваіх школах.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *