В Докшицах прошли соревнования санитарных дружин (+ фото)

IMG_8159Чацвёрты год запар, пасля аднаўлення ў Докшыцах спаборніцтваў санітарных дружын, удасканальваюць свае тэарэтычныя веды і практычныя навыкі каманды, сфарміраваныя з работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Падчас адкрыцця мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі падзякаваў усім, хто адгукнуўся на запрашэнне прыняць удзел у спаборніцтвах і пажадаў удзельнікам, каб вопыт, які яны набылі пры падрыхтоўцы, не прыйшлося прымяняць на практыцы. Пасля ўзняцця сцяга Рэспублікі Беларусь 9 каманд былі гатовы да “экзамену”. Яго прымала судзейская камісія, у склад якой увайшлі ўрачы і медсёстры, работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях і іншыя спецыялісты.
Па праграме спаборніцтваў трэба было прайсці чатыры этапы, дзе суддзі правяралі аснашчэнне санітарных дружын і ўменне ім карыстацца, ацэньвалі работу каманд у ачагах камбінаванага і хімічнага паражэння, а таксама інфекцыйнага захворвання.
Пасля падліку штрафных ачкоў (каманда-пераможца вызначалася па найменшай іх колькасці) першае месца прысудзілі РВУ “Докшыцырайгаз”. Менавіта гэта каманда 19 чэрвеня прыме ўдзел у абласных спаборніцтвах, што пройдуць у Полацку.
– Перамога ніколі не даецца лёгка, – адзначае інжынер па ахове працы РВУ “Докшыцырайгаз” Анжаліка Скварцова. – Мы рыхтаваліся да спаборніцтваў санітарных дружын на працягу года, таму і выдатны вынік атрымаўся.
Другое месца заваявалі работнікі хлебазавода, трэцяе замацавалі за сабой актывісты з вузла электрычнай сувязі.
Былі вызначаны таксама і асобныя намінацыі. “Лепшай сандружынніцай” стала Ірына Малашонак (хлебазавод), “Лепшым камандзірам санітарнага звяна” назвалі Вольгу Гадулевіч (райгаз). Усе пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі. Без узнагароды не засталіся вучні, так званыя статысты, якія прымяралі на сябе ролю пацярпелых і дазволілі сандружыннікам “уратаваць” сябе ад наступстваў “катастроф”.

НА ЗДЫМКУ: каманда-пераможца РВУ “Докшыцырайгаз” (злева направа): Аляксей Мячын, Вольга Гадулевіч, Таццяна Усок, Анжаліка Скварцова і Андрэй Лосік.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *