Дабрабыт і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва

Рандаревич Валентина ЮрьевнаДля сучаснай Беларусі характэрны высокі ўзровень сацыяльнай абароны насельніцтва, які прадугледжвае Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011– 2015 гады. Кожны жыхар краіны мае права на бясплатную ахову здароўя і адукацыю. Шматдзетныя сем’і атрымліваюць ільготнае жыллё ад дзяржавы. Маці пры нараджэнні дзіцяці выдзяляюцца розныя дапамогі, у тым ліку аплачваемы трохгадовы дэкрэтны водпуск, чым не могуць пахвастацца некаторыя краіны. Асаблівая падтрымка аказваецца сацыяльна слабаабароненым слаям насельніцтва – пенсіянерам, інвалідам і іншым.
Аб важнейшых аспектах рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі наш карэспандэнт гутарыць з намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Валянцінай Рандарэвіч.

– Валянціна Юр’еўна, галоўная мэта сацыяльнай палітыкі – прадстаўленне кожнаму працаздольнаму чалавеку магчымасці стварыць свой сямейны дабрабыт, а непрацаздольнаму – забяспечыць надзейную сацыяльную абарону…
– Гэта сапраўды так. Кожны працаздольны чалавек павінен быць забяспечаны работай. У нашым раёне выконваюцца ўсе прагнозныя паказчыкі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва. З пачатку года працаўладкавана 217 чалавек, з іх 129 беспрацоўных. Усяго на ўліку значыцца 147 такіх грамадзян. На 1 ліпеня 48 чалавек атрымалі дапамогу, сярэдні памер якой склаў 221483 рублі. Асаблівая ўвага надаецца людзям, якія не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы. З гэтай катэгорыі забяспечылі працай чатыры чалавекі. Па ўзроўні фіксаванага беспрацоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва мы ўклаліся ў планавы паказчык. Ён у нашым раёне склаў 1,6 працэнта.
– Адным з накірункаў дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы з’яўляецца сістэма сацыяльнай падтрымкі бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей. Нездарма ў Беларусі зараз у палове сям’яў выхоўваецца па два-тры дзіцяці. Колькі сямей закранула яна ў нашым раёне?
– Найбольшую сацыяльную значнасць маюць дзярждапамогі. На 1 ліпеня выплачана 591 дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. Сваё права на атрыманне дадатковай дапамогі рэалізавала 269 бацькоў. Штомесячную дапамогу атрымала 116 чалавек на суму 239843 тысячы рублёў, аднаразовую – 25 чалавек. Бясплатнымі прадуктамі харчавання забяспечана 56 дзяцей ва ўзросце да 2-х год на суму 186 мільёнаў рублёў.
За атрыманнем так званага сямейнага капіталу звярнуліся 22 сям’і, па 18 з іх ужо прынята станоўчае рашэнне.
Грашовую дапамогу ў суме 257333 тысяч рублёў да 1 верасня атрымалі каля 342 сем’яў, у якіх выхоўваецца 575 дзетак.
– Раскажыце, калі ласка, пра ўвагу, якая надаецца пажылым людзям, чыя ўдзельная вага ў структуры насельніцтва раёна павялічваецца з кожным годам.
– Зараз яна складае прыкладна трэцюю частку ад усяго насельніцтва. 8509 чалавек з’яўляюцца атрымальнікамі пенсій. Яе сярэднямесячны памер складае 2548 тысяч рублёў. Ва ўстаноўленыя тэрміны праводзіцца назначэнне пенсій, пералік і выплата. З пачатку года памер пенсіі пералічваўся тры разы. З 1 верасня ён зноў будзе павялічаны.

Напярэдадні новага навучальнага года прадстаўнічая камісія, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Алег Пінчук, праверыла ступень гатоўнасці да яго ўсіх школ і дашкольных устаноў раёна. НА ЗДЫМКУ: у час праверкі Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат. Фота В. Чарвінскага.

Напярэдадні новага навучальнага года прадстаўнічая камісія, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Алег Пінчук, праверыла ступень гатоўнасці да яго ўсіх школ і дашкольных устаноў раёна.
НА ЗДЫМКУ: у час праверкі Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат.
Фота В. Чарвінскага.

Пажылым людзям, калі ёсць у гэтым патрэба, спраўляцца з хатнімі клопатамі дапамагаюць сацыяльныя работнікі. Такім відам абслугоўвання ахоплены 854 чалавекі. Разавая аплата за паслугу залежыць ад колькасці наведванняў і вар’іруецца ад 5667 рублёў да 14952 рублёў. Для тых, каго такі від абслугоўвання не задавальняе, функцыянуюць два аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Сітцах і Крулеўшчыне на 65 месцаў, дзе створаны ўсе ўмовы для паляпшэння здароўя і якасці жыцця пажылых людзей. У Сітцаўскім аддзяленні хутка заканчваецца рамонт, і яго насельнікі будуць там адчуваць сябе зараз больш камфортна.
Папулярнасцю карыстаюцца аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Іх наведвальнікі, а такіх налічваецца 72 чалавекі, з задавальненнем займаюцца ў шматлікіх гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах, падарожнічаюць, сустракаюцца з цікавымі людзьмі, выступаюць самі з канцэртамі. Многія з іх з’яўляюцца ўдзельнікамі хору ветэранаў “Залатыя гады”.
– Прыярытэтам актыўнага даўгалецця з’яўляецца клопат пра здароўе чалавека з пачатку яго жыцця. Якія магчымасці ў гэтым плане ў сістэмы аховы здароўя раёна?
– Яна ў поўным аб’ёме забяспечвае патрэбы насельніцтва ў медыцынскай дапамозе. Даступнасць і якасць медабслугоўвання гарантуюць дзяржаўныя сацыяльныя стандарты. Іх нарматывам адпавядае забяспечанасць койка-месцамі, урачамі агульнай практыкі, педыятрамі, участковымі тэрапеўтамі. Да вялікай радасці, сёлета працаваць у раён прыехала 5 маладых урачоў. Зараз ёсць свае дактары ў Парплішчанскай амбулаторыі, Валкалацкай участковай бальніцы. У Бягомльскую раённую бальніцу накіраваны ўрач-стаматолаг. Штат ЦРБ папоўніўся рэаніматолагам і рэнтгенолагам. Акрамя таго да практыкі прыступіў урач-інтэрн па тэрапіі і 10 спецыялістаў сярэдняга медперсаналу.
У апошнія гады істотна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя. Так, у 2013 годзе было набыта вельмі патрэбнае медабсталяванне, такое, як электракардыёграфы, апарат падагрэву крыві, інкубатар для выжывання нованароджаных, кіслародны інгалятар і іншае. У 2014 годзе на набыццё медабсталявання затрачаны 641 мільён рублёў бюджэтных сродкаў. Сёлета на гэтыя патрэбы плануецца асвоіць 700 мільёнаў рублёў.
Вялікія фінансавыя сродкі ўкладваюцца ў рэканструкцыю зубапратэзнай лабараторыі, капрамонт тэрапеўтычнага і акушэрска-гінекалагічнага карпусоў.
Паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, у першую чаргу набыццё найноўшага медабсталявання, дазволіла павысіць якасць медаглядаў, што станоўча паўплывала на зніжэнне агульнай смяротнасці з 23,4 на 1000 насельніцтва ў 2013 годзе і да 19,4 насельніцтва ў 2014 годзе, у тым ліку і ў працаздольным узросце, што вельмі важна. Сёлета за паўгода нарадзілася 125 дзяцей.
Дыспансерызацыя працуючых на прадпрыемствах работнікаў з мэтай ранняга выяўлення хвароб сістэмы кровазвароту, новаўтварэнняў і інфекцыйных хвароб, а таксама прафілактычная дзейнасць для паслаблення наступстваў алкагалізму, суіцыдаў, вакцынапрафілактыка і іншыя меры, накіраваныя на зніжэнне смяротнасці, будуць праводзіцца і надалей. Краіне патрэбны здаровыя людзі, здольныя працаваць на яе дабрабыт і росквіт.
– 1 верасня ўстановы адукацыі здаюць “экзамен” на падрыхтоўку да наступнага навучальнага года. Якую адзнаку яны атрымалі сёлета?
– 2015-2016 навучальны год у раёне пачнецца для 2496 вучняў, якіх прымуць дзесяць сярэдніх, дзве базавыя і тры дзіцячыя садкі-сярэднія школы, Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат. На адну ўстанову пачатковага навучання стала менш. У Замасточчы школа рэарганізавана ў дзіцячы садок. Пашпарты гатоўнасці атрымалі ўсе ўстановы адукацыі рознага тыпу, якіх у раёне налічваецца 47. Хачу адзначыць высокую падрыхтоўку Бярозкаўскай, Тумілавіцкай, Парплішчанскай, Барсукоўскай, гарадской школы № 2. Вельмі старанна папрацавалі летам усе без выключэння дзіцячыя садкі. Асабліва гарадскія дашкольныя ўстановы, а таксама Барсукоўскі і Крулеўшчынскі яслі-сад № 1.

У час падрыхтоўкі да пачатку навучальнага года на рамонтныя работы затрачана 3 347 мільёнаў рублёў, у тым ліку 2 611 мільёнаў бюджэтных сродкаў. Асноўная сума сродкаў была накіравана на працяг капрамонту ў гарадской школе № 1. Сёлета ў ёй абсталявана яшчэ адна спартыўная зала. У СШ № 2 часткова заменены вокны, дзверы, адрамантаваны санвузлы на двух паверхах. У дзіцячым садку № 1 райцэнтра таксама заменена частка вокнаў, поўнасцю адрамантавана сістэма ацяплення, зроблены цеплавузел з падключэннем гарачай вады. Рознага аб’ёму касметычны рамонт праведзены ва ўсіх установах адукацыі. Трэба сказаць, што рамонтныя работы яшчэ працягваюцца.
За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту набыты кабінеты фізікі для Докшыцкай школы № 1 і Бягомльскай СШ. Трэба сказаць, што школы і самі актыўна зарабляюць грошы. Прыкладам могуць служыць Тумілавіцкая, Парплішчанская, Параф’янаўская школы, дзе аказваюць не толькі платныя адукацыйныя паслугі, але і вырошчваюць расаду, шыюць пасцельную бялізну, трымаюць падсобную гаспадарку, здаюць другарадную сыравіну.
– Новы навучальны год – новыя справы, поспехі і дасягненні, але і мінулы быў нядрэнным?
— У 2014-2015 годзе пераможцамі і прызёрамі раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па розных прадметах сталі 113 вучняў, абласнога – 5 дзяцей. Амаль 55 працэнтаў выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Трывалыя веды яны атрымалі ў Бярозкаўскай дзіцячым садку-школе, Парплішчанскай СШ і гарадскіх школах.
Вялікае задавальненне прынеслі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Па інфармацыі Інстытута кантролю ведаў, нашы выпускнікі па ўсіх прадметах, якія здавалі, атрымалі балы вышэйшыя за сярэдні рэспубліканскі паказчык. Сярод школ краіны гарадская № 1 заняла 1-е месца па матэматыцы і 9 – па хіміі, гарадская СШ № 2 – 5 месца па рускай мове.
Установы адукацыі прымалі актыўны ўдзел у розных конкурсных мерапрыемствах. Асабліва трэба адзначыць работу Цэнтра дзяцей і моладзі, навучэнцы якога ўзнагароджаны 26 дыпломамі абласнога і 8 – рэспубліканскага ўзроўню.
Ёсць чым ганарыцца юным спартсменам. І гэта вельмі важна, бо выхаванне здаровага пакалення – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці ўстаноў адукацыі. Восем выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы сталі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў у розных відах спорту, сем – абласных спаборніцтваў. Лёгкаатлетка Насця Кацейка прымала ўдзел у Міжнародным юнацкім алімпійскім фестывалі ў г. Тбілісі.
Хочацца думаць, што поспехі ў новым навучальным годзе будуць яшчэ большымі.

Інтэрв’ю правяла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *