Докшицы отметили праздник «Здравствуй, школьная страна!» (+много фото)

IMG_9467Першы школьны званок празвінеў на гэтым тыдні для першакласнікаў і паклікаў у краіну ведаў вучняў усіх школ раёна. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыйшлі на сваё галоўнае свята ў строгіх касцюмах, белых кашулях і прыгожых сукенках. Убранне віноўнікі ўрачыстасці не спяшаліся пераапрануць. Увечары да эпіцэнтра мерапрыемства навучэнцы прыйшлі разам з настаўнікамі і бацькамі – іх паклікала свята “Прывітанне, школьная краіна!”, якое ладзілася на цэнтральнай плошчы горада.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Дзмітрый Парцянка завітаў павіншаваць настаўнікаў і вучняў з вераснёўскім святам, адзначыўшы, што галоўнымі героямі ў гэты дзень, безумоўна, з’яўляюцца першакласнікі.

– Любіце родную школу, старайцеся вучыцца толькі на дзясяткі, наведвайце цікавыя гурткі, адным словам, атрымоўвайце асалоду ад вучобы, – гаварыў Дзмітрый Данілавіч, звяртаючыся да вучняў. – Няхай вашы поспехі стануць гонарам вашых бацькоў і настаўнікаў. Значны гэты год і для выпускнікоў: ім трэба як след падрыхтавацца да экзаменаў і тэсціравання.

Урачыстым момантам на свяце стала ўручэнне сімвалічнага ключа ведаў ад школьных дзвярэй. Права перадаць яго было дадзена выпускнікам гарадскіх школ Уладу Труханаву і Вераніцы Далжук. Эстафету перанялі першакласнікі Паша Рандарэвіч і Рада Падбярэзкая (на здымку). Такім чынам, карабель з пасажырамі-вучнямі адправіўся ў плаванне здабываць новыя веды.
Афіцыйную частку мерапрыемства змяніла забаўляльная. Работнікі культуры вельмі пастараліся, каб усім было весела і цікава: шматлікія конкурсы і гульні арганізавалі для дзятвы. Не пуставалі дзіцячыя атракцыёны. Работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях таксама вырашылі павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак: яны прадаставілі ўсім жадаючым магчымасць пасядзець у пажарнай машыне, апрануць спецаддзенне і адчуць сябе на некалькі хвілін выратавальнікамі. Традыцыйна любое мерапрыемства заканчваецца танцамі – Дзень ведаў не стаў выключэннем.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *