В Докшицах состоялась педконференция (+ фото)

Здымак 1

Здымак 1

Штогод напярэдадні 1 верасня лепшыя прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці раёна збіраюцца на жнівеньскае пасяджэнне, каб падвесці вынікі работы сістэмы адукацыі за мінулы год і на іх падставе вылучыць галоўныя напрамкі дзейнасці ў новым навучальным годзе. 

Суботнім ранкам кінаканцэртная зала “Іскра” сустракала тых, хто з году ў год вядзе хлопчыкаў і дзяўчынак па краіне ведаў. Лепшым доказам карпатлівай работы і адданасці сваёй справе настаўнікаў была выстава, на якой прадставілі дасягненні вучняў не толькі ў вучобе, але і ў спорце, і ў творчасці. Перад тым, як разгледзець асноўныя пытанні канферэнцыі, па традыцыі, апладысментамі віталі ветэранаў педагагічнай працы, якія прысутнічалі ў зале. Пасля адбылося знаёмства з маладымі спецыялістамі. Сёлета іх адзінаццаць (здымак 1).
– Настаўнік – высокая місія, – трымаў слова ад пачынаючых педагогаў выпускнік ДУА “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава” Раман Калугін. – Мы павінны натхняць вучняў на вучобу і памятаць, што кожны з нас не толькі захавальнік ведаў, але і ўзор для пераймання.
Ад ветэранаў педагагічнай працы з прывітальным словам выступіла былы дырэктар Валкалацкай СШ Н.П. Падляшчук, якая за сваю шматгадовую дзейнасць адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” (здымак 2):

Здымак 2

Здымак 2

– Галоўнае, быць упэўненымі ў сваіх сілах. Памятайце, што больш цяжка навучыць прыстойнасці, чэснасці, праўдзівасці. Любіце сваю працу, сваіх дзяцей. У добры шлях!
У сваёй справаздачы начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Парцянка падвёў вынікі работы за 2014-2015 вучэбны год і вызначыў асноўныя напрамкі развіцця сістэмы адукацыі раёна ў новым навучальным годзе. Яны былі падмацаваны выступленнямі ўдзельнікаў канферэнцыі, у якіх агучваліся тэмы: работа з адоранымі дзецьмі, экалагічная культура выхавання, захаванне і ўмацаванне здароўя хлопчыкаў і дзяўчынак, падрыхтоўка спартыўнага рэзерву вучняў раёна, стварэнне ўмоў для развіцця дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі.
Па традыцыі, на мерапрыемстве ўшаноўвалі лепшых педагогаў раёна. Ім уручылі ўзнагароды раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў аддзела адукацыі, спорту і турызму і Упраўлення адукацыі аблвыканкама. Ганаровай граматай Упраўлення спорту і турызму аблвыканкама быў узнагароджаны дырэктар дзяржаўнай спецыялізаванай спартыўнай установы “Докшыцкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа” Уладзімір Каляга. Пасведчаннем аб узнагароджанні трэцяй прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адароных навучэнцаў і студэнтаў узнагароджана настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Докшыцы” Валянціна Бальшунова.
Завяршылася канферэнцыя канцэртам, падрыхтаваным навучэнцамі Цэнтра дзяцей і моладзі.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

no images were found

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *