Семья Шинкевичей из Докшиц строится на взаимопонимании и любви

IMG_0424Адным з самых шчаслівых дзён у сваім жыцці Вольга Шынкевіч лічыць той, калі на прыёме доктар сказаў: “Віншую, у вас будзе дзіця”. Пачуцці, якія перапоўнілі яе тады, немагчыма перадаць словамі. Радасная навіна напаткала мужа і жонку праз год пасля вяселля. Сёння сям’я Шынкевічаў з Докшыц адзначае сёмую гадавіну шлюбу і ўжо выхоўвае траіх дзетак.

– Кажуць, што сапраўдны мужчына за сваё жыццё павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць сына, – разважае Вольга. – А вось для жанчыны галоўнае – стаць маці. Яшчэ ў дзяцінстве, гуляючы з пупсамі, уяўляла будучае дарослае жыццё. Прыйшоў час – сустрэла каханне ў асобе Сашы. Неяк хутка мы зразумелі, што створаны адзін для другога. Для мяне ён стаў тым сапраўдным мужчынам, з якім можна і будаваць, і саджаць сад, і, самае галоўнае, нараджаць дзяцей.

Старэйшая дачка Святланка сёлета пайшла ў першы клас, яе сястрычцы Машы – чатыры годзікі. Дзяўчынкі вельмі любяць танцаваць, таму займаюцца ў дзіцячай школе мастацтваў. Творчы патэнцыял ім перадалі бацькі, якія ў свой час ігралі ў спектаклях Докшыцкага народнага тэатра. Вольга па сённяшні дзень прымае ўдзел у конкурсах мастацкай самадзейнасці. Акрамя гэтага, яна з’яўляецца прыхільніцай здаровага ладу жыцця: выступае ў складзе каманды Докшыцкага раёна газазабеспячэння ў розных спаборніцтвах. Зараз маці траіх дзяцей знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за маленькім Ягоркам, але гэта не перашкодзіла не так даўно заняць першае месца ў раённым спаборніцтве па шахматах. Дарэчы, на інтэлектуальнай гульні Вольга была з аднагадовым сыночкам, які ціхенька назіраў за тым, што адбывалася, і зусім не капрызіў.

Часта маладая маці разам з дзецьмі ўдзельнічае ў святочных ранішніках. Вось і гэтымі днямі яна іграла разам са старэйшай дачушкай у інтэрмедыі да свята маці, якое падрыхтавалі ў школе.

Сям’я Шынкевічаў будуецца на ўзаемапаразуменні і любові. Дзяўчынкі з задавальненнем дапамагаюць матулі ў розных хатніх справах: Машанька любіць выціраць пыл і мыць падлогу, Святланка – гатаваць. Па словах бацькоў, абедзве – добрыя нянькі для маленькага браціка.

– Я шчаслівая ўтрайне, – усміхаецца Вольга. – Самае прыемнае для мяне – гэта чуць у нашым доме звонкія дзіцячыя галасы.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *