Финал фестиваля «Молодёжь за здоровый образ жизни» прошёл в Докшицах (+ фото)

IMG_2658Фінал ХІ раённага фестывалю “Моладзь за здаровы лад жыцця” сабраў у кінаканцэртнай зале “Іскра” шмат прыхільнікаў фізкультуры і спорту. Усе былі ў чаканні сапраўднага шоу: свае здольнасці ў акрабатыцы, гімнастыцы і танцах павінны былі прадэманстраваць удзельнікі конкурсу на лепшую школьную каманду па чырлідынгу. Гэты сучасны від спорту апошнім часам упэўнена заваёўвае аўдыторыю. У фінале фестывалю прынялі ўдзел дзесяць каманд са школ раёна. Кожная ўразіла гледачоў не толькі сваёй спартыўнай падрыхтоўкай, але і выбарам касцюмаў і музычных кампазіцый. Балельшчыкі, пачуўшы любімыя песні, гучна падпявалі і падтрымлівалі выступоўцаў апладысментамі. У выніку пераможцай была абрана каманда “Юнацтва” з Бягомльскай СШ (на здымку). Другое месца атрымалі вучні з Бярэзінскай ДССШ і Барсукоўскай СШ, трэцяе – Крулеўшчынскай і Парплішчанскай сярэдніх школ.

Таксама ў рамках мерапрыемства прайшлі конкурсы паэтычных твораў на тэму “Выбірай жыццё” і агітацыйных улётак “Быць здаровым — здорава!”, а таксама відэаролікаў і мультымедыйных прэзентацый “Здароўе – наш выбар!”, пераможцы якіх атрымалі на свяце дыпломы. Так, лепшымі юнымі паэтамі сталі Лізавета Міхмель з Крулеўшчынскай СШ, Аляксандра Закрэўская з Бягомльскай і Лізавета Парцянка з СШ № 1 г. Докшыцы. Сярод аўтараў агітацыйных улётак пераможцамі названы Надзея Сушко з Сітцаўскай СШ, Крысціна Сварцэвіч з Параф’янаўскай і Павел Глазко і Ілья Якубовіч з Бягомльскай СШ. Лепшыя відэаролікі і прэзентацыі атрымаліся ў Максіма Вальтэра з Валкалацкай СШ, Кірыла Каляды з Сітцаўскай і Антона Каралёнка з Парплішчанскай СШ. За дапамогу і педагагічную падтрымку вучняў, якія ўдзельнічаюць у дзіцячых грамадскіх аб’яднаннях, Граматамі абласнога Савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” былі ўзнагароджаны педагогі-арганізатары: Святлана Габруковіч з Параф’янаўскай СШ, Мая Ючкавіч з Сітцаўскай і Ірына Карчэўская з Крулеўшчынскай СШ.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *