Мюзикл Докшицкой детской школы искусств состоялся в первый день католических Коляд (+фото)

IMG_3539 IMG_3519Усё часцей здараецца чуць, што, маўляў, няма ўжо той казачнай навагодняй атмасферы, як раней, людзі развучыліся адзначаць святы, весяліцца, нават тэлеперадачы сталі аднастайнымі і сумнымі. Але стварыць сабе радасць кожнаму пад сілу. Упэўнена, што, нягледзячы на ўжо другі Новы год без снегу, без марозіка, карагоду сняжынак, гэта зрабіў той, хто на першы дзень каталіцкіх Каляд пабываў на мюзікле Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў “Казкі старога ліхтара”.

На вуліцы дождж і слата, а на сцэне ажыў родны і любімы гарадскі зімовы пейзаж, які стварылі цудоўныя рукі настаўніцы выяўленчага мастацтва Кацярыны Казлоўскай. Казачная атмасфера дзеяння, якое адбывалася на сцэне, зачаравала не толькі дзяцей, але і дарослых. Гледзячы на шыкоўныя касцюмы чароўнага Ліхтара, велічнай каралевы Зімы, рознакаляровай Карамелькі, гаротніцы Льдзінкі, сябровак Кошак, зладзеек Варон, Феі, Чараўніка і іншых знаёмых герояў, якія прыходзяць да людзей з навагодняй казкі, немагчыма было не паверыць у яе.

Прыгажосць дзеянню, як і належыць у мюзікле, надавалі музычныя нумары ў выкананні ансамбля гітарыстаў, узорнага аркестра баянаў, салістаў, выхаванцаў харэаграфічнага аддзялення.

Пастаноўка, касцюмы, музыка, выканаўчае майстэрства – усё было на вышыні. Для гэтага дружны калектыў школы мастацтваў працаваў не адзін тыдзень. Самай жа прыемнай нечаканасцю быў сцэнічны тандэм настаўнікаў і вучняў.

Сёння падарожнічаюць у казку-мюзікл дзеткі-інваліды. Для іх юныя артысты разам са сваімі настаўнікамі паўтараюць спектакль у кінаканцэртнай зале “Іскра”.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота Я. Малевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *