Десятилетний юбилей отпраздновала вокальная студия «Тоника» (+фото)

Здымак 1

Здымак 1

Дзесяцігадовы юбілей адзначыла ўзорная вакальная студыя “Тоніка” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Яе кіраўнік Таццяна Суднік – апантаны, працалюбівы, творчы чалавек, знаёмства з якім для многіх юных спевакоў стала першай прыступкай у чароўны свет музыкі.

Пачатак

Усё пачалося са з’яўлення на свет у Гомельскім раддоме маленькай дзяўчынкі – Танечкі Панцялеевай, першым словам якой было не традыцыйнае “агу”, а звонкая нотка “ля”. Родныя і блізкія адразу вызначылі: “Будзе спявачкай”. Валодаючы выдатным слыхам, Таня з дзяцінства настолькі захапілася музыкай, што і сумненняў не ўзнікала, куды паступаць пасля школы. Яе бацька быў ваенным, таму сям’я часта мяняла месца сваёй “дыслакацыі”. Школу дзяўчына заканчвала ў Дуброўна. Потым стала студэнткай Полацкага педагагічнага вучылішча. Пакуль набывала адукацыю, сям’я Панцялеевых зноў змяніла месца жыхарства: бацьку па службе перавялі ў Докшыцы. Невялічкі гарадок стаў для Таццяны другой радзімай: тут пачала працаваць, сустрэла сваё каханне, нарадзіла слаўных дзетак.

“Вакалка”

Амаль адразу, як малады педагог уладкавалася настаўнікам музыкі ў Докшыцкую СШ № 1, яна сабрала вакол сябе таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Так з’явілася школьная вакальная група. Перспектыўную настаўніцу прыкмеціла дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Тэрэза Урбан, якая прапанавала стварыць падобны гурт у сябе. Адразу прыйшлі каля пятнаццаці здольных вучняў пачатковых класаў. Назву “Тоніка” прапанавала Таццяна. Гэта – музычны тэрмін, які з грэчаскай мовы перакладаецца, як тон, гук.

На цяперашні час у вакальнай студыі займаецца трыццаць чалавек: малодшая і старэйшая групы, а таксама квартэт дзетак сярэдняга ўзросту. Як і дзесяць гадоў таму, Таццяна Ігараўна і сёння сцвярджае, што музычны слых у малых можна развіць. Галоўнае, каб было жаданне. Рабіць пад прымусам – не ў яе правілах. Напэўна таму, дзеці з задавальненнем спяшаюцца на яе заняткі, дзе ніколі не чуюць слова “не”. Кіраўнік рашучая на ўсялякія творчыя эксперыменты. Гэтым яна матывуе да дзеяння. Вынікам адказнай работы над сабой, над сваімі здольнасцямі з’яўляюцца шматлікія перамогі на творчых абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Дыплом удзельніка фіналу тэлеконкурсу “Сузор’е надзей” у Дыяны Чабанян, ІІ месца на абласным фестывалі піянерскай песні “Квітней, Радзіма Беларусь!” у Аляксандры Радзевіч, ІІ месца ў вакальнай групы ў абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!”, некалькі перамог у адкрытым конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Залатая ліра” – і вось у 2014 годзе вакальная група “Тоніка” атрымлівае званне “ўзорная”. Гэта яшчэ больш згуртавала ўдзельнікаў “вакалкі”, заахвоціла да стварэння новых праектаў, удзелу ў новых конкурсах.

Усе на юбілей

Здымак 2

Здымак 2

Шматлікія ідэі братэрскага саюза, а інакш вакальную групу і не назавеш, заўсёды знаходзяць падтрымку ў навакольных людзей. Адгукаюцца ўсе – і супрацоўнікі Таццяны Ігараўны, і бацькі дзяцей, і былыя ўдзельнікі “Тонікі”. Вось і ў падрыхтоўцы да юбілейнага канцэрту не было абыякавых. Сцэнарый мерапрыемства падрыхтавала выпускніца “Тонікі” Аляксандра Радзевіч, якая і была вядучай. Ёй дапамагаў адзінаццацікласнік СШ № 1 г. Докшыцы Іван Скурат. Свае музычныя нумары падрыхтавалі былыя ўдзельніцы калектыву: Крысціна Мандрук, Вераніка Ганус, Інэса Багдасаран, Вольга Махонь, Наталля Навойчык і Ганна Кашчэева. Вядомая майстрыха Наталля Канцавая здзівіла і ўразіла не толькі падрыхтаванымі сцэнічнымі касцюмамі артыстаў, але і сваімі вакальнымі здольнасцямі. Разам з малодшым саставам студыі яна выканала песню “Кошка беспородная”, чым вызвала бурныя апладысменты гледачоў. З заміраннем сэрца слухалі ўсе выступленне былой вучаніцы Таццяны Ігараўны, выкладчыка кафедры народна-песеннай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Веранікі Раманенкавай (здымак 1). Удалымі атрымаліся нумары ў сумесным выкананні былых і сённяшніх вакалістак. Трапяткім і пяшчотным стала выступленне дзяцей разам з бацькамі, падчас якога ў якасці артысткі выйшла і Таццяна Суднік. Амаль кожная песня суправаджалася танцамі. Прыемным падарункам для “Тонікі” стала выступленне харэаграфічнага калектыву “Сюрпрыз”. Дзяліліся сваім талентам з гледачамі цяперашнія вакалісты студыі – Ульяна Палячонак, Марыя Шылкова, Андрэй Шаклюцкі, Лізавета Кароткая, Алеся Сіндрэвіч, Валянціна Кароткіна. Фінальным акордам была песня ў выкананні ўсіх удзельнікаў канцэрта (здымак 2).
Пажадаем жа ўзорнай вакальнай студыі “Тоніка” новых зорак, новых перамог, росквіту і верных сяброў.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *