Мерапрыемства, прысвечанае 120-годдзю Кандрата Крапівы, адбылося ў ГЦК г. Докшыцы (+ здымкі)

IMG_7504Раённая бібліятэка правяла мерапрыемства з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння выбітнога беларускага сатырыка і байкапісца – Кандрата Крапівы. Паглыбіцца ў творчасць пісьменніка, паэта, драматурга, перакладчыка гледачоў запрасілі ў ГЦК г. Докшыцы 19 красавіка.

“Дыпламаваны баран”, “Ганарысты парсюк”, “Мандат”, “Абраза”, “Я – пякучка-крапіва” і многія іншыя гумарыстычныя байкі аўтара гучалі ў гэты дзень са сцэны. Іх цудоўна прачыталі бібліятэкары Кацярына Іваньковіч з Несцераўшчыны, Анжэла Верхаводка з Бягомля, Раіса Вярцінская з Гарадзішча, Ала Гаўрыловіч з Янкоў, Святлана Атрахімовіч з Порплішча, Наталля Каралевіч з Таргуноў. Нікога не пакінула абыякавым выступленне пенсіянеркі Людмілы Лісіца са Станіслаўцаў. Апладысменты не змаўкалі і пасля байкі “З “барышом”, і пасля інсцэніроўкі “Дзед і баба”, разыграць сюжэт якой Людміле Анатольеўне дапамаглі яе зямлячкі – бібліятэкар Тамара Русаковіч і сацработнік Таісія Несцяронак. У ролі дзвюх кумачак выдатна глядзеліся бібліятэкар Людміла Пярэдня і дырэктар СДК Вольга Радзюк-Сідзіна з Пруднік (на здымку).

Урывак з п’есы “Брама неўміручасці” паставілі бібліятэкар Наталля Літвінава і мастацкі кіраўнік СДК Жана Штоль з Сітцаў.

Былі на літаратурным свяце і тыя, хто сам піша гумарыстычна-іранічныя вершы. Мастацкі кіраўнік Бярозаўскага СДК Ганна Машко шчыра падзялілася вершаванай гісторыяй, падгледжанай у рэальным жыцці. Свае творчыя здольнасці ўдала прадэманстравалі прадстаўніцы літаратурнага аб’яднання “Крыніцы”, якое дзейнічае пры рэдакцыі, Алена Шавель і Ірына Сясіцкая з Докшыц, Марыя Януш з Крулеўшчыны і Ганна Сінякова з Таргуноў.

Мерапрыемства прайшло на вельмі пазітыўнай ноце. Многія яго гледачы не прамінулі магчымасці падзяліцца эмоцыямі, падзякаваць арганізатарам і зазначыць, што творы аўтара і сёння не страцілі злабадзённасці і актуальнасці.

Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

Ён кожнаму з нас падарыў “акуляры”, каб бачылі свет смешным

Літаратурны вечар “Смеху ачышчальная сіла”, прысвечаны 120-й гадавіне з дня нараджэння Кандрата Крапівы, прайшоў у Валкалацкай сярэдняй школе. Яго разам з вучнямі падрыхтавалі і правялі загадчыца Гарадзішчанскай сельскай бібліятэкі Раіса Вярцінская і настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Янкавіч.

Праграма вечара была вельмі насычанай. Звесткі пра жыццё і творчасць байкапісца суправаджаліся фота- і відэаслайдамі. Удзельнікі не толькі чыталі вершы і байкі паэта, але і інсцэніравалі многае з прачытанага. Адбыліся прэзентацыя кнігі “Загадкі дзеда Кандрата”, агляд драматычных твораў Крапівы, які падрыхтавала загадчыца Валкалацкай сельскай бібліятэкі Антаніна Невярковіч, знаёмства з прафесійнай дзейнасцю паэта, з тым, як ушаноўваецца яго памяць у роднай Беларусі і за яе межамі.

Самы актыўны ўдзел у гэтым цікавым мерапрыемстве прынялі Ульяна Янковіч, Паліна Літвін, Юрый Чырвоны, Ганна Кацейка, Сяргей Падрэз, Мікіта Парневіч, Дар’я Шумель.
Мінае час, многае з таго, што выклікала гнеў і абурэнне сатырыка, знікла. Але і ў наш час сустракаюцца дыпламаваныя бараны, ганарыстыя парсюкі, гарлахвацкія ды махальнікі івановы. Таму і не трацяць свайго значэння творы К. Крапівы – такі вынік зрабілі напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *