«Работать нужно там, где живёшь», — считает ИП из Докшицкого района

ЛешаХто з нас хаця б раз за сваё жыццё пачынаў рамонт? Пэўна многія. А хто даводзіў справу да канца? Іх значна менш. Шчаслівыя тыя, хто можа зрабіць яго ўласнымі рукамі. У большасці ж выпадкаў прыходзіцца давяраць родныя сцены спецыялістам.

Знайсці добрых майстраў па рамонце, якія б ад пачатку і да апошняга штрыха зрабілі ўсё дыхтоўна і акуратна, – сапраўдная ўдача. Іх тэлефоны стараюцца не губляць, перадаюць знаёмым і сябрам. Прынцып сарафаннага радыё іграе ў гэтай справе вялікую ролю. Герой гэтага артыкула – Аляксей Карніловіч (на здымку) – імкнецца стаць менавіта такім майстрам.

Маладому мужчыне няма яшчэ і трыццаці, а за плячыма ўжо багаты вопыт рознага роду (і кошту!) рамонтаў.

Аляксей – ураджэнец нашага раёна. Па яго ж прызнанні, на ўроках зорак не хапаў, аднак, калі трэба было што зрабіць у доме, стараўся спраўляцца сваімі рукамі. Пасля школы ён мэтанакіравана рашыў атрымаць рабочую спецыяльнасць, бо добра ўсведамляў, што з ёй без кавалка хлеба не застанецца. Скончыў Полацкае прафтэхвучылішча і са спецыяльнасцю сталяра-станочніка накіраваўся ў сталіцу. “Пад крыло” юнака ўзяў родны дзядзька, які працаваў у фірме, што займалася еўрарамонтамі. З цягам часу Аляксей з памочніка перарос у майстра. Гэта надало яму ўпэўненасці і ўзмацніла пачуццё адказнасці за канчатковы вынік работы.

Праз колькі гадоў юнак накіраваўся за доўгім рублём у суседку-Расію, як на той час рабілі многія. Паездзіў па гарадах, зноў жа набраўся вопыту і жыццёвай мудрасці. Заказчыкі трапляліся розныя: і з капрызамі, і такія, што кожны крок правяралі праз Інтэрнэт, начытаўшыся артыкулаў аб рамонце, і, наадварот, кліенты шчырыя і ўдзячныя. Аляксей усвядоміў падчас гэтага вопыту тое, што людзі давяраюць табе сваё жыллё, плацяць грошы і спадзяюцца на выдатны вынік, а таму іх нельга падводзіць. Не здолееш выканаць патрабаванні — лепш парай іншага майстра. А калі ўзяўся за справу, не лянуйся і растлумач заказчыку, што ты робіш і чаму так, а не інакш.

Усе гэтыя вандроўніцтвы дазволілі зразумець хлопцу, што вопыт-вопытам, а лепш няма нідзе, чым дома. У размове некалькі разоў паўтарае: “Працаваць трэба там, дзе жывеш.”
Аляксей вярнуўся на малую радзіму. Стварыў сям’ю. Жыллё выдзеліла ААТ “Таргуны”, дзе Яна, жонка Аляксея, працавала па размеркаванні. Зараз яна ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за першынцам. Аляксей жа вырашыў працягваць займацца любімай справай у нашым раёне. Ён зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і зараз напрацоўвае кліентскую базу. Работы можа выконваць самыя розныя: устанаўліваць дзверы, вокны, усталёўваць нацяжныя столі, укладваць ламінат, лінолеум і іншае пакрыццё на падлогу, выраўноўваць сцены і іншае. Пры гэтым ёсць у майстра адна асаблівасць: ён вельмі любіць працаваць з самым сучасным інструментам. Стараецца набываць яго правераных марак і стары змяняць на больш дасканалы. Аляксей лічыць, што пры сённяшніх магчымасцях выдатны інструмент – гэта добрае ўкладанне сродкаў у першую чаргу на карысць імя майстра. Да таго ж малады мужчына не гоніцца толькі за вялікімі заказамі. Ён добра ўсведамляе, што трэба камусьці выконваць і невялікія рамонтныя работы, з-за адноснай таннасці якіх многія ад іх адмаўляюцца. У маладога прадпрымальніка шмат планаў. Ці стануць яны ўяўнымі – пакажа час. А пакуль – шчаслівага старту!

Наталля НАВІЦКАЯ.

Комментарии:

3 комментариев для “«Работать нужно там, где живёшь», — считает ИП из Докшицкого района

  • 06.04.2016 в 12:47 пп
    Permalink

    Подскажите пожалуйста телефон этого парнишки

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *