День Победы отпраздновали в Докшицах (+ фото)

DSCN2921 IMG_7950 IMG_9536Раніца 9 Мая. Яркае веснавое сонца лашчыць зямлю, і яна адгукаецца белай кіпенню садоў, чырванню цюльпанаў, ізумруднай зелянінай. Шчабятанне птушак дапаўняе мелодыі знаёмых песень ваеннай пары, якія радыётрансляцыя разносіць над горадам. На яго цэнтральнай вуліцы паціху пачынаюць збірацца прыбраныя гараджане, госці і галоўныя героі свята – ветэраны. Усе віншуюць адзін аднаго, а ветэраны ўспамінаюць, што 71 год таму гэты дзень выдаўся таксама цёплым і сонечным.

Урачыстасць пачалася з ускладання кветак на мемарыяльным комплексе “Праклён фашызму” ў Шунеўцы, дзе ў цырымоніі прымалі ўдзел старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук і старшыня райсавета дэпутатаў В.У. Сівіцкая. Адначасова даніна павагі прадстаўнікамі ветэранскіх арганізацый, грамадскасці горада, працоўных калектываў, духавенствам была аддадзена іншым святым для кожнага жыхара раёна месцам. Кветкі былі ўскладзены да помнікаў воінам 277-й стралковай дывізіі, “Ахвярам фашызму”, воінам-інтэрнацыяналістам і да іншых памятных месцаў.

На плошчы Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога адбыўся ўрачысты мітынг.

Шчыра з Днём Перамогі павіншаваў усіх прысутных старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук:

– Гэта вялікае свята ў сэрцы кожнага чалавека выклікае асаблівы гонар за перамогу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і ў той жа час горыч за тыя страты, якія панесла кожная беларуская сям’я. Вельмі вялікай цаной дасталася мірнае светлае неба, пад якім мы сёння жывём: загінуў кожны трэці жыхар Віцебскай вобласці, былі спалены больш за сто вёсак Докшыцкага раёна. Памяць пра гэтыя ахвяры павінна жыць вечна. Вось таму наша краіна сёння надае вялікую ўвагу ўмацаванню міру і добрасуседства.

Ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны да прысутных звярнуўся Валянцін Якушэўскі. Са словам ад маладога пакалення выступіла член моладзевай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў, вучаніца 11 “А” класа СШ № 2 г. Докшыцы Вераніка Далжук.

Пасля ўскладання кветак пад гукі духавога аркестра святочная калона рушыла на цэнтральную плошчу, дзе ўсіх чакала святочная канцэртная праграма. Самадзейныя артысты з дапамогай мастацтва здолелі перадаць дух гераізму і самаахвярнасці, трагедыі і страт, перамогі і радасці, якімі жылі нашы прадзеды чатыры доўгія ваенныя гады.

Свята Перамогі – гэта не толькі ўспаміны пра мінулае, гэта яшчэ і радасць ад сённяшняга мірнага дня. Цікавыя забавы і спартыўныя гульні на свежым паветры былі арганізаваны для дзяцей: адны круцілі халахуп ці гойсалі на роліках, другія малявалі ці выраблялі папяровыя кветкі перамогі. Прыцягвалі ўвагу творчыя выставы Дома рамёстваў, Цэнтра дзяцей і моладзі, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама Парплішчанскага дома культуры. Працавалі гандлёвыя рады.

Вечарам урачыстасць прадоўжылася канцэртам “З Днём Перамогі”, які завяршыўся святочным салютам.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *