Докшицкая детская школа искусств отметила полувековой юбилей (+фото)

 У мінулую пятніцу Докшыцкая дзіцячая школа мастацтваў адсвяткавала свой 50-гадовы юбілей. Пачалося свята ўрачыстым мітынгам. На плошчы ля школы сабраліся дакшычане, каб стаць сведкамі важнай падзеі, у час якой адбылося прысваенне ўстанове імя Несцера Сакалоўскага – нашага паважанага земляка, вядомага беларускага кампазітара, хармейстра, фалькларыста, аўтара гімна Беларусі. Была адкрыта памятная дошка, якая велічна ўпрыгожыла фасад школы мастацтваў. Ганаровая місія была ўскладзена на навучэнцаў ДШМ – дыпламантаў рэспубліканскіх і абласных конкурсаў Вікторыю Крыкун і Дзмітрыя Пракаповіча (на здымку).  IMG_0779            Далей свята мела працяг у ККЗ “Іскра”. З прывітальным словам да юбіляраў звярнуўся старшыня райвыканкама Алег Пінчук, які адзначыў пэўныя поспехі ўстановы ў эстэтычным выхаванні юнага пакалення, уклад у развіццё і прапаганду нацыянальнай культуры. Ён уручыў калектыву Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта. Да віншавальных слоў кіраўніка раёна далучыўся благачынны протаіерэй Георгій Мялешка. Ён падзякаваў калектыву за дапамогу ў стварэнні царкоўнага хору, за цеснае супрацоўніцтва з нядзельнай школай Свята-Пакроўскага прыходу. Алег Пінчук і Георгій Мялешка ўручылі юбілярам каштоўны і вельмі патрэбны падарунак – лічбавае фартэпіяна. Дырэктару ДШМ Вользе Сушко і настаўніцы па класе баяна Святлане Гарабец былі ўручаны Падзякі раённага выканаўчага камітэта. Граматай раённага выканаўчага камітэта ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння быў узнагароджаны ўдзельнік ветэранскага хору “Залатыя гады” І.І. Камінскі. З цёплымі віншаваннямі звярнуліся да настаўнікаў і выхаванцаў намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інга Журомская. Калектыў школы мастацтваў быў адзначаны Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Граматы ад галоўнага ўпраўлення атрымалі настаўніца па класе тэарэтычных і харавых дысцыплін Вольга Кішулька і настаўніца па класе тэарэтычных дысцыплін Вольга Жаўткевіч. За актыўную і добрасумленную работу прафсаюзнай арганізацыі граматай Докшыцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры была ўзнагароджана Вольга Сушко. Былых калег шчыра віталі ветэраны працы, ад імя якіх слова трымаў былы дырэктар школы Уладзімір Карпінскі. IMG_1026 Раздзяліць радасць свята да яго гаспадароў завіталі шматлікія сябры: кіраўніцтва гарадскіх і Парплішчанскай сярэдніх школ, Цэнтра дзяцей і моладзі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту, ВУ «Віцебскторф», Бягомльскай і Крулеўшчынскай ДШМ. Рэдакцыя раённай газеты павіншавала сваіх добрых суседзяў жартоўнымі прыпеўкамі пад акампанемент вядомых музыкантаў Уладзіміра Пусташылы і Івана Курдзекі. Цудоўныя падарункі атрымала школа ад былой вучаніцы школы мастацтваў, выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Веранікі Раманенкавай. Яна сабрала творы Несцера Сакалоўскага ў зборнік, які і ўручыла юбілярам. Дырэктар салона музычных інструментаў “Muzzone” кампаніі “Белкультпраект”, наша зямлячка Вольга Махонь падарыла электраакустычныя прыборы. Калектыў удзячны таксама індывідуальнаму прадпрымальніку З.З. Скачко і дырэктару ПМК-52 А.М. Трахініну за дабрачынную дапамогу школе – гэта выраб памятнай дошкі і набыццё абутку для ансамбля барабаншчыц. На працягу ўсёй урачыстасці свае мастацкія здольнасці гледачам дарылі настаўнікі і выхаванцы Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Несцера Сакалоўскага.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *