Лучшие гармонисты живут на Докшиччине (+ ФОТО)

У нядзелю ў аграгарадку Таргуны адбылося свята нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае”. Невыпадкова яго прымеркавалі да вялікай праваслаўнай Тройцы. Кажуць, што гарантыя і падмурак будучыні – гэта веданне мінулага, памяць пра яго. Свята ў Таргунах, быццам на машыне часу, перанесла ўсіх, хто на яго завітаў, у тыя далёкія старадаўнія дні, калі нашы продкі адзначалі Пяцідзясятніцу. На пачатку мерапрыемства з віншавальнымі словамі і пажаданнямі добрага настрою і адпачынку звярнуўся да прысутных старшыня Тумілавіцкага сельсавета Дзям’ян Варанковіч.

IMG_3358

На пяцідзясяты дзень, або на сёмы тыдзень пасля Вялікадня, хрысціяне адзначаюць Тройцу, ці, як кажуць у народзе, Сёмуху. Гэта свята адзначалася ў гонар спаслання Святога Духа на апосталаў, пасля чаго ім суджана было несці ў народ праўду пра вучэнне Ісуса Хрыста і хрысціянскую рэлігію. Менавіта Бог-бацька, Бог-сын і Святы Дух утвараюць Святую Тройцу, трыадзінства, якое прызнаецца ў хрысціянскім свеце як пачатак усіх пачаткаў. Згодна з народным календаром, абрадавы комплекс траецкіх свят адзначаецца на працягу амаль двух тыдняў. У суботу перад Тройцаю спраўляюць траечныя (духаўскія, летнія) Дзяды. У гэты ж дзень упрыгожваюць зелянінай хату. Гэты звычай у народзе называюць “вешаць май”. Пазней засохлыя галінкі здымаюць і спальваюць на купальскіх вогнішчах або ўторкваюць пад страхою хлява і захоўваюць да восені як сродак ад навальнічных пажараў і буры. 

Асноўнай падзеяй для продкаў у траецкія дні быў кірмаш, на які адусюль з’язджаліся народныя майстры, спевакі, музыканты. Вось і на плошчы ля таргуноўскай крамы разгарнулі свае гандлёвыя рады гаспадары і гаспадынькі амаль з усяго раёна. Прысмакаў было на любы густ: і сала, і марынаваная гародніна, і кампоты з садавіны і ягад. А колькі салодкай выпечкі прыгатавалі докшыцкія кулінары! Прыемна спатольвалі смагу ў чэрвеньскі гарачы дзень квасок ды морсік.
Ніць часу моцна трымаюць у сваіх умелых руках докшыцкія майстры. Работы ў розных відах народнай творчасці прадставіў на кірмашы раённы Дом рамёстваў. Вышываныя карціны прывезла сюды майстрыха з Крулеўшчыны Алеся Брыльянтава. Майстар-клас па выразанні лыжкі паказаў самавучка Леанід Свірко з Маргавіцы. А якія вытанчаныя рэчы з каляровых атласных стужак атрымліваюцца ў Кацярына Курцэвіч з Крыкуноў! Весела і карысна бавіла час тутэйшая дзятва, для якой гульнявую пляцоўку арганізавалі работнікі Парплішчанскага СДК. Змейкай цягнулася чарга і да цукровай ваты з папкорнам, якімі ўжо традыцыйна на раённых святах частуе клуб пчаляроў “Залатая пчолка”.
Аматары народнай музыкі размесціліся ля імправізаванай сцэны: усе з нецярплівасцю чакалі ўдзельнікаў раённага агляду-конкурсу “Грай, гармонік”. Згодна з умовамі музычнага спаборніцтва выканаўцы-інструменталісты павінны былі выканаць па два рознахарактарныя творы. Выбраць лепшага з лепшых даверылі кампетэнтнаму журы, у складзе якога былі сапраўдныя прафесіяналы: Іван Курдзека, Аляксандр Букаты і Юлія Свірко.
Удзельнікі – адораныя, таленавітыя музыканты, добра вядомыя ў мястэчках, дзе жывуць. Кожнага з іх прысутныя сустракалі апладысментамі, а некаторыя кідаліся ў скокі, пачуўшы любімыя гукі полькі ды вальса. Асаблівай увагай быў адзначаны местачкоўцамі зямляк Алег Радзевіч. Малады хлопец разам з самым старэйшым удзельнікам конкурсу Віктарам Лібозам з вёскі Казлы Крулеўшчынскага с/с атрымалі памятныя падарункі.
Трэцяе месца было прысуджана музыканту-самавучцы, кіраўніку клуба “Залатая пчолка” з Пруднікаў Міхаілу Радзюку. Другое – у Віктара Каросціка з вёскі Параф’янава Сітцаўскага с/с. Лепшым гарманістам прызнаны Іосіф Альхімёнак, удзельнік вакальнага гурта “Чабарок”, які дзейнічае ў Барсукоўскім СДК.
Добры настрой стваралі на свяце салісты Таргуноўскага СДК: Валянціна Малюжанец, Ала Краўчонак, Святлана Васюковіч, Крысціна Малюжанец, Лізавета Ліоненка, Дар’я Ранкоўская. З задавальненнем прысутныя падпявалі і танцавалі пад знаёмыя мелодыі ў выкананні народнага ансамбля народнай музыкі “Раніца”.
– Конкурс “Грай, гармонік” стане брэндам аграгарадка Таргуны, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Інга Журомская. – Сёлетні Год культуры дасць старт шматлікім народным святам на Докшыччыне. Такія мерапрыемствы запланаваны ў кожным сельскім Савеце раёна.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *