Международный день детства отпраздновали в Докшицах (+фото)

IMG_1902У сонечны дзень 1 чэрвеня ў райцэнтры на плошчы Палявога вырасла чароўная кветачка-вясёлка. Яна, як сімвал дзяцінства, лета і канікулаў, стала галоўнай гераіняй свята, якое ладзілася да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Кветку песцілі і бераглі казачныя героі: Фея і Клоўн. А першымі іх памочнікамі сталі, канечне, хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх сабралася шмат на мерапрыемства. Але ж якая казка без адмоўных герояў? Непаслухмяная Пэппі і вядомая шкодніца Баба-Яга ўсяляк стараліся нашкодзіць дзіцячай радасці і весялосці, а таму паспрабавалі сапсаваць чароўную кветку. Толькі шчырыя ўсмешкі, сяброўства, пяшчота, дабрыня малечы і яе актыўны ўдзел у шматлікіх праграмных конкурсах перамагалі варожыя намеры.

А вакол панавала цудоўная атмасфера: для дзяцей і іх бацькоў былі арганізаваны шматлікія забавы, разгорнуты тэматычныя пляцоўкі. На казачна-гульнявой палянцы ўсіх весялілі клоўны Макаронка і Ірыска. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем скакалі ў класікі разам з Чырвоным Капелюшом і ігралі ў вялізныя шашкі з Шахматнай каралевай, лавілі “рыбку” і малявалі на асфальце. Дом рамёстваў прапанаваў майстар-класы па саломапляценні, кераміцы і разьбе па дрэве. Загадчыца Вітуніцкай бібліятэкі Алена Мільчэўская ўпрыгожвала ахвотных акварэльнымі татушкамі. Звонкія галасы і смех даносіліся з батута, які стаяў у цяньку дрэў і карыстаўся вялікім попытам. Дзеці з цікаўнасцю знаёміліся з тым, як працуе лялечны тэатр – “Докшыцкая батлейка Патупчыка”, нават самі паказвалі і расказвалі казкі. Сваю пляцоўку разгарнулі супрацоўнікі райаддзела МНС – на ёй малеча з задавальненнем спрабавала сябе ў ролі пажарнага. Каб здаволіць смагу ў такі спякотны летні дзянёк і падсілкавацца райста зладзіла міні-кафэ пад адкрытым небам.

Пакуль галоўныя героі свята – дзеці – перабягалі ад забавы да забавы, дарослыя з замілаваннем захапляліся выступленнем юных артыстаў з Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага, раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама ГЦК.

* * *

У Міжнародны дзень абароны дзяцей работнікі Парплішчанскага СДК запрасілі мясцовых жыхароў у “Краіну дзяцінства”. Гульнямі, забавамі, віктарынамі, песнямі і танцамі яны стварылі сапраўднае свята для хлопчыкаў і дзяўчынак са школьнага лагера і дзіцячага садка. Асаблівы жартаўлівы настрой падтрымлівалі казачныя героі: Бураціна, у ролю якога ўжылася Дар’я Таляронак, Ліса Аліса (загадчыца СДК Алена Камінская) і Кот Базіліо (бібліятэкар Святлана Атрахімовіч). Сваё самадзейнае майстэрства дарылі прысутным юныя ўдзельнікі мерапрыемства – Анжаліка Бурэнь, Кацярына Крук, Андрэй Камінскі, Вераніка Закрэўская, Валерыя Яцкоўская, Віялета Казак, Алена Вайцяшонак. З роляй вядучай добра справілася Наталля Яцкоўская.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *