В Докшицком районе идёт борьба за урожай

IMG_7118Вось і дачакаліся мы пасля сезону дажджоў першых сонечных дзянькоў. І калі для некаторых наступае пара адпачынку з летнімі забавамі, то для працаўнікоў сельскай гаспадаркі пачынаецца пара самая адказная і напружаная – уборка ўраджаю.
У ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” з зажынкамі не сталі марудзіць ні хвіліны: яшчэ на мінулым тыдні выйшлі ў поле камбайны. У панядзелак жа, 25 ліпеня, іх працавала ажно дзесяць: чатыры – на полі за вёскай Целяшы, куды мы наведаліся, шэсць – каля Юркаўшчыны. Апошні, адзінаццаты, планавалася вывесці ў аўторак.
– 786 тон ячменю намалацілі за два дні, – распавядае намеснік дырэктара гаспадаркі Андрэй Янчак. – На рахунку камбайнераў Вячаслава Кавалёнка, Яўгена Машко, Яўгена Ярмаковіча ўжо больш чым па сто тон. І ўраджайнасць для сёлетняга года нядрэнная – 31 ц/га. На адвозцы тут задзейнічаны два магутныя МАЗы-15755. Адзін такі МАЗ забірае пяць бункераў – гэта прыкладна 25 тон зерня. Эканомія паліва каласальная. На іх працуюць вадзіцелі Вадзім Калантай і Валерый Корсак. Валерый у нас лідар, перавёз 250 тон збожжа. Усяго ж МАЗаў у нас пяць, яшчэ адзін падключылі з райпаліва. Камбайны не прастойваюць ні хвілінкі.
Любуемся карцінай жніва, і неяк хораша і цёпла становіцца ад гэтага сузі­рання на душы. Раўнюткае неабсяжнае поле, залітае сонечным святлом, у лёгкай дымцы ад выпарэнняў вільгаці. Буслы, заўсёдныя спадарожнікі хлебаробаў, нетаропка мераюць крокамі ніву ў пошуках здабычы. Камбайны ідуць адзін за адным, далёка чутны іх супакойны гул. Залацісты паток зерня сыплецца з бункера… Адвечная, ні з чым не параўнальная радасць хлебаробаў: ёсць ураджай, будзем з хлебам!
Гэта, зразумела, эмоцыі старонняга назіральніка. Самім жа механізатарам, трэба думаць, няма часу любавацца краявідамі. 3800 гектараў збожжавых і зернебабовых пасеяна ў гаспадарцы, адзначае Андрэй Генрыхавіч, і, акрамя гэтага, яшчэ 920 гектараў яравога рапсу. Тут не да лірыкі: кожная хвілінка дарагая. На суседнім полі шэсць прэсаў “рулоняць” салому, якая хуткімі тэмпамі вывозіцца. Марудзіць у гэтай справе таксама нельга: пайшла ў рост падсеяная канюшына.
На поўную моц працуюць дзве цалкам укамплектаваныя сушылкі. Азімы рапс ужо ўбраны цалкам на плошчы 194 гектары і поўнасцю высушаны. 540 тон гэтай каштоўнай маслянічнай культуры – 8 мільёнаў недэнамінаваных рублёў у сярэднім цана за тону – намалацілі, і ўраджайнасць выдатная – 29 ц/га. Віцебскаму МЭЗ рэалізавалі 125 тон, астатні пакуль што на складзе: шукаюцца выгадныя пакупнікі.
– Стараемся, каб нідзе не было прастояў, незалежна ад таго, якое надвор’е. Вось у пятніцу жаць было немагчыма, дык вазілі сянаж, закладвалі траншэю ў Свірках: кармы лішнімі не бываюць. З дня на дзень плануем пераход на ўборку жыта.
На дарозе паказаўся аўтамабіль – прывезлі гарачыя абеды. Дарэчы, харчаванне ў аграсэрвісе трохразовае. Сняданак у 10 гадзін, бо працаваць пачынаюць у 7 і да абеду можна здорава прагаладацца. А яшчэ падвячорак, які выдаецца, калі можна так сказаць, сухпайком. Яго можна з’есці ў любы час, як душа пажадае. Два кухары працуюць у сталовай, і на харчаванне ў працаўнікоў нараканняў няма: смачна, сытна, своечасова.
Намеснік дырэктара паведамляе, што адзін з камбайнераў, Яўген Машко, святкуе на хлебнай ніве свой юбілейны дзень нараджэння – 45 гадоў. З гэтай нагоды дазваляем сабе на некалькі хвілінак спыніць камбайн з сямейным экіпажам (разам з Яўгенам працуе яго сын Сяргей), каб павіншаваць юбіляра. Можна сказаць, што Яўген – старэйшы Сярожаў брат: так лёгка і пружыніста выскаквае ён з кабіны камбайна, так шырока і весела, па-юнацку, усміхаецца. Яшчэ парачку гадоў “скідвае” механізатару кепка, па-заліхвацку надзетая казырком назад (на здымку).
Самы “малады” ў гаспадарцы камбайн у Яўгена. Працуе ён на ім разам з сынам чацвёрты год, і ўсе мінулыя гады быў “тысячнікам”. Увогуле, Машко тут ужо цэлая дынастыя: адзін брат Яўгена таксама механізатар, другі – жывёлавод, сын Сяргей, выпускнік Пастаўскага каледжа, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка. Як тут не палюбіць было яму працу хлебароба, калі з маленства перад вачыма прыклад бацькі. Яўген жа яшчэ і на КВК працуе, і на МТЗ-82, і паспявае дагледзець усю даручаную яму тэхніку як мае быць. Шчыра віншуем руплівага працаўніка і жадаем моцнага здароўя, усіх жыццёвых даброт і, канешне, новых працоўных поспехаў. А пра тое, як ідуць справы на жніве ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, без сумненняў, будзем пісаць яшчэ не раз: для гэтага ёсць усе падставы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *