В Докшицком районе можно окунуться в «живую воду»

Сачыць за адраджэннем шляху да крыніцы з гаючай вадой у вёсцы Буй, што ў Крыпульскім сельсавеце, рэдакцыя пачала яшчэ ў 2014 годзе.

44image2 Гэты край здаўна славіўся сваімі крыніцамі з чысцюткай і смачнай вадой. Ідэя стварыць месца, дзе падарожныя і мясцовыя жыхары маглі б акунуцца ў купель і набраць вадзіцы, узнікла яшчэ падчас будаўніцтва Свята-Пятра-Паўлаўскай царквы ў Паўднёвым Гняздзілаве. І праз колькі гадоў справа была распачата.

Трэба сказаць, што падтрымалі яе і прадстаўнікі мясцовага духавенства, і свецкай улады, што ні магло не падштурхнуць да адказнай рэакцыі насельніцтва сельсавета.
Неаднаразова праводзіліся суботнікі па добраўпарадкаванні на месцы будучай купелі і сядзібы, якая перададзена спадчыннікамі для абуладкавання ў Буі дома паломніка.
Жыхары Крыпуль, Бярозаўкі, Гняздзілава, Мацееўцаў і іншых вёсачак сельсавета і ўвогуле раёна па магчымасці ахвяравалі сродкі на будаўніцтва купелі. Прыклаў свае ўмелыя рукі да гэтай справы майстар па дрэве Юрый Арлоў. З мясцовай гаспадаркі для правядзення земляных работ была выдзелена тэхніка. Усе гэтыя намаганні далі вынік.
Напярэдадні праваслаўнага свята Пятра і Паўла, пасля вячэрняй службы ў аднайменным храме, у Буй рушыла працэсія вернікаў. Ужо на месцы са словамі божай малітвы протаіерэй Віктар Гмір асвяціў купель і крынічку побач з ёй. Гэтым жа часам многія вернікі акуналіся ў асвечаную ваду і, па іх жа прызнанні, адчувалі небывалую палёгку. Дадому яны панеслі слоікі з буйскай вадзіцай, якая доўгі час не страчвае свайго смаку.
Крыпульчан можна павіншаваць з тым, што першая значная прыступка да ўшанавання роднага краю і яго адметнасцяў зроблена. На думку старшыні сельвыканкама Міхаіла Акуняўца, вельмі б добра было каля купелі і крыніцы абуладкаваць яшчэ альтанку для падарожных, а таксама паставіць арэлі, горку для дзяцей. Патрабуюць значных фізічных і матэрыяльных унёскаў і далейшыя будаўнічыя работы ў доме паломніка. Будзем спадзявацца, што мясцовыя жыхары і далей з асаблівай шчырасцю паставяцца да добрай справы.
Мы часта шукаем таямнічыя і запаведныя маршруты ў іншых вёсках, пасёлках, гарадах і краінах, забываючыся пра тое, што родныя мясціны ўваходзяць у турыстычную скарбонку і маюць моцнае духоўнае прыцягненне для падарожных. І тады бярэ гордасць за землякоў, якім хапіла мудрасці і ахвярнасці стварыць годнае месца на сваёй радзіме. Ці стане вёсачка Буй кропкай на турысцкай карце Беларусі, пакажа час. Але перадумовы для гэтага – відавочныя.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *