Памятник жертвам войны возвели в Бегомле

IMG_0788Напярэдадні святкавання Дня гарпасёлка Бягомль на мясцовых могілках адбылося адкрыццё помніка загінулым ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гэту падзею па праве можна лічыць фактам устанаўлення гістарычнай справядлівасці. Справа ў тым, што помнік ахвярам вайны на гэтым месцы некалі ўжо быў. Аднак у 60-я гады яго дэманціравалі, а на месцы спачыну засталася толькі аснова пастамента.
Гэты факт вельмі непакоіў старшыню сельвыканкама Мікалая Трахініна, ды і людзі раз-пораз выказваліся, што так быць не павінна.
Спраў у кіраўніка самага вялікага сельсавета нямала, аднак было прынята рашэнне, што трэба знайсці сілы, сродкі і час, каб на могілках з’явіўся новы помнік.
Эскіз Мікалай Аляксеевіч прыдумаў сам, а вось яго ўвасабленнем папрасіў заняцца мясцовага майстра Пятра Батуру. Пётр Дзмітрыевіч, чалавек шчырай душы і вялікага сэрца, на прапанову адгукнуўся адразу.
Справа стаяла яшчэ за адным пытаннем: дзе браць сродкі, бо патрэбна было не толькі вырабіць помнік, але і прывесці ў належны стан тэрыторыю вакол будучага памятнага месца. Што тут утойваць, за пэўны час родзічы пахаваных паблізу нацягалі туды смецця, ды і магутныя дрэвы трэба было спілаваць.
Па словах Мікалая Трахініна, на адным з пасяджэнняў сельвыканкама ідэя стварэння помніка была агучана перад мясцовымі кіраўнікамі. Многія арганізацыі і іх калектывы аказалі значную дапамогу. Адгукнуліся і некалькі ўраджэнцаў Бягомля, якія зараз пражываюць у іншых мясцовасцях, але штогод наведваюць малую радзіму.
Работы па добраўпарадкаванні стартавалі ў чэрвені, працавалі, лічы, у цэйтноце, бо надта хацелася адкрыццё помніка правесці акурат да Дня гарпасёлка. Вялікую дапамогу аказалі мясцовыя дапаможная школа-інтэрнат, участак РУП ЖКГ, а таксама ПМК-52, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі Фонд Міру”.
Былі выкліканы альпіністы, каб выдаліць больш за дзясятак старых дрэў, прыбрана і звезена смецце. Нарэшце ўзвялі помнік. Ён чатырохгранны ў аснове, з макаўкай сімвалічнага купала, якую вянчае крыж. З кожнага боку купала абразы Ісуса Хрыста, Багародзіцы, Ефрасінні Полацкай і Мікалая Цудатворца.
Вядомы прозвішчы 107 ахвяр фашызму, якія будуць занесены на памятныя дошкі. Зараз адна з іх ужо выраблена і прымацавана да адной з граней помніка. Гэтыя работы будуць працягвацца.
У мінулую пятніцу, падчас цырымоніі адкрыцця, на якой прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў гарпасёлка, грамадскасць, была выказана надзея, што гэтае месца стане знакавым для ўсіх тых нашчадкаў, чые родзічы былі забіты ці загінулі без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пасля асвячэння помніка айцец Валерый Цімкоў прапанаваў асвячэнне магілак у памятныя дні пачынаць менавіта з гэтага месца.
…Калі давядзецца ехаць па трасе Віцебск – Мінск, перад Бягомлем гляньце ўдалячынь на пагост. Праз рэдкія дрэвы ўбачыце залацісты водблеск на ўзвышэнні. Гэта паблісквае купал помніка ахвярам вайны – даніна павагі не толькі тым, чые прозвішчы вядомыя, але і кожнай невядомай ахвяры фашызму. Вельмі дастойная даніна. І аўтары яе – нашчадкі пераможцаў.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *