Пекарь Докшицкого хлебозавода Валентина Стефаньян считает свою профессию важной и нужной

Пекар Докшыцкага хлебазавода Валянціна Стэфаньян выгружае з печы чарговую партыю хлебных боханаў.

Пекар Докшыцкага хлебазавода Валянціна Стэфаньян выгружае з печы чарговую партыю хлебных боханаў.

Колькі гадоў таму кінуўся ў вочы ў адной з рэспубліканскіх газет артыкул пра вынікі рознага роду сацыялагічных апытанняў, праведзеных сярод гараджан і вяскоўцаў. У дзясятку-лідар, паводле аднаго апытання, сярод найбольш прыемных водараў трапіў водар толькі што спечанага хлеба. Ды і адным з сімвалаў дамашняй утульнасці і дабрабыту з’яўляецца зноў жа пах свежай выпечкі. Ну а выраз «Хлеб – усяму галава» даўно ўжо стаў прапісной ісцінай.

Ці думала раней Валянціна Стэфаньян, па прафесіі закройшчыца верхняга адзення, якая сямнаццаць гадоў адпрацавала ў КУПБА “Бытавік”, што давядзецца род дзейнасці памяняць і заняцца зусім іншай справай? Кажа, не, але жыццёвыя абставіны склаліся так, што дзевяць гадоў таму жанчына стала пекарам на Докшыцкім хлебазаводзе.
Да сваёй суразмоўцы найперш звяртаюся з пытаннем, як пачуваецца яна ў гэтай “цёплай і духмянай” прафесіі.

– Добра, камфортна, упэўнена, – адказвае Валянціна Генадзеўна. – Разумею яе важнасць і значнасць, а вось лёгкай наз­ваць не магу.

Мяркуйце самі. Завод працуе няспынна, у тры змены. Выходзіць на працу даводзіцца ў розны час: з 8.00 да 16.00, або з 16.00 да 00.00, або з 00.00 да 8.00. За восем гадзін прысесці хоць на колькі хвілінак рэдка ўдаецца. Якім чынам распланавана праца? Закладзенае машыністам у пла́ткі цеста ставіцца ў расстоечную шафу, а ўжо пекару неабходна за ім сачыць. За адзін заход у печ загружаюцца 144 боханы ржанога хлеба. На загрузку і выгрузку гатовай прадукцыі адводзіцца па дзесяць хвілін. Выпякаецца хлеб сорак хвілін. Такім чынам, за змену атрымліваецца восем заходаў і адпаведна выпякаюцца 1152 хлебныя караваі. Пакуль хлеб пячэцца, майстру адпачыць зноў-такі не выпадае: за гэты час трэба “пасадзіць” у печ 142 батоны, папярэдне зрабіўшы на іх нарэзку, а праз дваццаць пяць хвілін дастаць і акуратна скласці іх, гарачыя, румяныя, з апетытнай хрумсткай скарыначкай. Толькі паспявай упраўляцца!

– Упраўляецца – лепш і быць не можа, – характарызуе работніцу начальнік вытворча-тэхнічнай лабараторыі Святлана Чурко. – Працавітая, адказная, надзейная, і чалавек харошы.
Сапраўды, мяккі, ціхі голас, усмешка, ветлівасць і прыязнасць Валянціны Генадзеўны самым найлепшым чынам выклікаюць сімпатыю і прыхільнасць. А яе прафесійныя якасці таксама не засталіся незаўважанымі: ва ўрачыстай абстаноўцы, на свяце работнікаў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці раёна, падзяку за добрасумленную працу і грашовую прэмію ўручыў жанчыне старшыня райвыканкама Алег Пінчук.

– У нас, на хлебазаводзе, кожны заслугоўвае добрых слоў, кожны сумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, – гаворыць Валянціна Стэфаньян. – Інакш нельга: тут не залянуешся і не схалтурыш, бо ўсе працэсы звязаны паміж сабою і ўсё, як бачыце, распісана па хвілінах.

У вядомай кінакарціне “Салодкая жанчына” гераіня Наталлі Гундаравай, якая працавала на кандытарскай фабрыцы, ад салодкіх пачастункаў заўжды адмаўлялася і з усмешкай казала: “Дзякуй, я больш селядзец люблю”. Не магла не пацікавіцца ў танклявай, лёгкай, як дзяўчо, Валянціны, як яна адносіцца да булачак.

– Пяку дома, бывае, – смяецца. – Але сама надта не налягаю.

Чым захапляецца ў вольны час? Развядзеннем кветак. Дом патанае ў рознакаляровых петуніях і бальзамінах. Гэта хобі жанчыны раздзяляе і аказвае вялікую дапамогу муж Іван, вадзіцель і электраманцёр РЭС. У чым найбольшая радасць? У дочках, разумніцах і прыгажунях.

Калі чалавеку цёпла і на рабоце, і дома, дык што яшчэ патрэбна для шчасця?

Тэкст і фота Алены НЕСЦЯРОНАК.

Даведка. Платка – палатняная форма для цеста.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *