Докшицкий Дом ремёсел приглашает на «Зимнюю сказку» (+фото)

img_8997Вам надакучылі цёмныя зімовыя вечары? Сумна і хочацца зарадзіцца пазітывам? Паспрабуйце колератэрапію. Толькі самыя цёплыя эмоцыі, добры настрой, а для кагосьці і падказка для карыснага баўлення часу чакаюць наведвальнікаў справаздачнай выставы работ майстроў раённага Дома рамёстваў і народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў “Докша” “Зімовая казка”, што адкрылася на мінулым тыдні ў выставачнай зале па вул. Горкага. Тут прадстаўлена каля шасцідзесяці твораў не толькі прафесіяналаў сваёй справы, але і іх здольных вучняў. Выкананыя ў розных тэхніках работы прымушаюць спыніцца ў віры сучаснасці, натоліцца прыгажосцю пейзажаў, нацюрмортаў, уразіцца вытанчанасцю зробленых з прыроднага матэрыялу кветак і акуратных шыўкоў. Як, напрыклад, у творах вядомай сямейнай пары, майстроў клуба “Докша” Гарбачовых. Вольга Мікалаеўна шмат гадоў займаецца лапікавым шыццём (здымак 1), а Віктар Іванавіч – рэзчык па дрэве з “залатымі рукамі”. З задавальненнем пераймаюць у настаўніка вопыт па разьбе пенсіянеры Міхаіл Зінін, Ірына Салаўёва, а таксама школьнікі Уладзіслаў Хардзін і Андрэй Кукуля.

Работы ў стылі “лапікавае шыццё” прадстаўлены і яшчэ адным творчым сямейным дуэтам – майстрам Наталляй Канцавой і яе дачкой Таццянай Стадольнік, да таго ж Наталля Іванаўна вывязвае мудрагелістыя карункі.

Здымак 1

Здымак 1

Здымак 2

Здымак 2

Вышытыя крыжыкам пейзажы Ядвігі Маліноўскай здалёк падаюцца сапраўднымі жывапіснымі карцінамі, выкананымі алеем. Таксама ў тэхніцы вышыўкі прадстаўлены на выставе дэбютныя работы Наталлі Камінскай і Марыны Парцянка. Вельмі яркімі атрымаліся “Птушкі з рабінай” Марыі Глінскай (здымак 2).

Напэўна, самым цікавым, блізкім па духу кожнаму беларусу, а таму і такім распаўсюджаным з’яўляецца для майстроў і наведвальнікаў Дома рамёстваў народнае рамяство “саломапляценне”. Шматлікія пано з кветкамі, жывёлінамі, а таксама кошыкі і скарбонкі прадставілі на выставе Раіса Шыталь, Таццяна Марціновіч, Іна Карпека, Ганна Гамановіч. А які прыгожы атрымаўся з саломкі певень у выкананні Алены Таляронак! (здымак 3). Не адстаюць ад сваіх настаўнікаў Арцём Шчуцкі, Аляксандр Карабкоў і Руслан Мельнік – яны добра ведаюць, як “ажывіць” у руках высахлую сцяблінку.

Здымак 3

Здымак 3

Здымак 4

Здымак 4

 

Упрыгожваюць выставачную залу кошыкі са стужак, а таксама жывапіс гуаш­шу, выкананыя Наталляй Яцкоўскай. А вось Людміла Ючкавіч захапілася вырабамі з новага матэрыялу фоамірана (пластычнай замшы): кветкі з яго цяжка адрозніць ад сапраўдных (здымак 4). Акрамя гэтага, Людміла Васільеўна прафесійна вяжа пруткамі і шыдэлкам, што таксама можна ўбачыць на выставе.

Сурвэткі ў тэхніцы вязання прапанавала Марыя Качаткова. Таксама сурвэткі, работы ў тэхніцы лапікавага шыцця і тканыя ручнікі прадставіла майстар Наталля Пятровіч.
Іна Карпека і Саламея Кунцэвіч па-майстэрску апрацоўваюць скуру, што можна пабачыць з выстаўленых імі пано і штучных твораў (кветкі, дубок і нават жарабя).
Выстава “Зімовая казка” чакае наведвальнікаў з аўторка па суботу. Працаваць яна будзе да 28 лютага.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *