Главный бухгалтер из Бегомльского лесхоза Галина Автушко умеет видеть за цифрами производство

dsc_-469Галіна Аўтушка (на здымку) 18 гадоў працуе галоўным бухгалтарам аднаго з лепшых лясгасаў у вобласці ды і рэспубліцы – Бягомльскага. Усяго ж галіне прысвяціла 22 гады, пра ніводзін з якіх ніколі не шкадавала. Толькі мары былі зусім пра іншае, а лёс больш мудры за чалавечыя мары, і за гэта яму Галіна Фёдараўна ўдзячная.

Яе дзяцінства, напоўненае пяшчотнай любоўю бацькоў і арэолам абароны, які зыходзіў ад брата Фёдара, прайшло на Параф’янаўшчыне. Тата быў кінамеханікам, мама – медсястрой. І маленькая Галіна з самага дзяцінства марыла пра прафесію ўрача.
– Памятаю, што дзверы ў нашу хату практычна не зачыняліся. Да мамы ўвесь час звярталіся людзі па медыцынскую параду, а то і каб выканала якую маніпуляцыю. Я назірала за ўсім гэтым і пакрысе вучылася сама. Выцягнуць стрэмку ці забін­таваць збітае калена сябрам магла без праблем. А яшчэ мела, як кажуць сучасным псіхалагічным тэрмінам, “сіндром выдатніцы”: вучылася добра, мама нават прасіла, каб адышла ўжо ад тых урокаў адпачыць, пачатую справу даводзіла да канца, а ўжо потым бралася за іншую. У школе была камсоргам, спявала, танцавала, сябравала нават з самымі хуліганістымі дзецьмі і пры гэтым уяўляла сябе толькі ўрачом. Але мае планы змяніла адна размова са старэйшым братам, які таксама марыў пра медыцыну. Калі ён паступіў у медінстытут і праз колькі часу прыехаў дадому, даў мне наказ: “У медінстытут лепш не ідзі, бо аб’ём інфармацыі велізарны, і ты са сваёй гіперадказнасцю і патрабавальнасцю проста згарыш за вучобай”.
Галіна прыслухалася да парады і пасля дзесяцігодкі накіравалася набываць эканамічную спецыяльнасць. Затым прыехала на працу ў Бягомль, дзе пятнаццаць гадоў аддала гандлю, працуючы эканамістам у спажывецкай кааперацыі. Калі пачалося ўзбуйненне і гэту ўстанову ў пасёлку зачынілі, прыйшлося змяніць сферу дзейнасці.
– Сваім першым дарадчыкам у незнаёмай на той час лясной гаспадарцы лічыла і заўжды буду лічыць былога галоўнага бухгалтара Еўдакію Сварцэвіч. Тры гады яна апякала мяне як дачку і ўводзіла ў прафесію. Была чалавекам вялікай душы. Добрым словам заўжды згадваю былога дырэктара Віктара Казлоўскага. Пад яго кіраўніцтвам лясгас рабіў першыя крокі да той магутнасці, якая ёсць сёння. Годна працягваць пачатае і паспяхова запускаць новыя праекты давялося сённяшняму кіраўніку Аляксею Пракопаву. І, паверце, тыя, хто пачынаў са мной і значна раней, высока цэняць здабытае. А выражаецца гэта не толькі ў стабільнай, дастойнай аплаце працы, але і ў тых камфортных умовах працы, якія створаны за апошняе дзесяцігоддзе на прадпрыемстве і ў лясніцтвах.
…Седзячы ў сучасным утульным кабінеце за сталом са стосамі папер, яна пільна ўглядаецца ў лічбы, на хвілінку задумваецца, рука звыкла цягнецца да калькулятара, раз за разам штосьці складае і аднімае і, упэўніўшыся ў выніку, набівае лічбы на клавіятуры ў электронны дакумент. Потым гэты працэс паўтараецца з новымі і новымі старонкамі. Так, здавалася б, можна было апі­саць работу галоўнага бухгалтара прадпрыемства, але гэта будзе павярхоўна. Бо за звыклымі, да механізму адладжанымі дзеяннямі прыхаваны галоўны сакрэт паспяховай працы на пасадзе Галіны Аўтушка. Ён просты і складаны адначасова: за лічбамі трэба бачыць вытворчасць. Лічбы – гэта не нямая канстатацыя фактаў. Усе яны павінны гаварыць пра працэсы, якія схаваны за сухімі справаздачамі. Ніхто не застрахаваны ад памылкі, а таму, калі ў выніковай лічбе штосьці засмуціла, абавязкова трэба пераправерыць. А можа гэта званочак-папярэджанне, каб прадухіліць большую недарэчнасць. Гэту ісціну яна стараецца данесці да паўтара дзясятка бухгалтараў, якія сёння працуюць на розных участках прадпрыемства.
…Сённяшняя гераіня не стэрэатыпны бухгалтар толькі з лічбавым складам мыслення. У ёй удала злучаюцца прафесіянал-фінансіст і чалавек творчага складу мыслення: на мінулагоднім конкурсе “Таленты Бягомльшчыны” выдатна чытала гумарыстычны маналог, спявала ў дуэце з дачушкай-падлеткам. У вольныя хвілінкі Галіна Фёдараўна з радасцю бярэцца за вязанне, вырошчвае мноства вулічных кветак і пакаёвых раслін, эксперыментуе ў кулінарыі.
– Што да асабістага, без цені пафасу магу сказаць, што большую частку майго жыцця пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў чырвоным колерам гараць словы вядомай песні А. Градскага: “Чтоб тебя на Земле не теряли, постарайся себя не терять”. Гэтаму вучу сваю дачушку Галю.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *