Светлана Пачковская — лучший работник связи Докшицкого района

img_0615“Добры дзень, “Белтэлекам”, бюро рамонту, слухаю Вас,” – менавіта з гэтай фразы пачынаецца працоўны дзень электрамеханіка лінейных збудаванняў электрасувязі і абаненцкіх устройстваў Святланы Пачкоўскай.
– За дзень бывае да пяцідзесяці зваротаў па розных пытаннях, – удакладняе спецыяліст. – Не працуе тэлефон, перашкоды ў трансляцыі інтэрактыўнага тэлебачання, слабы сігнал byfly і многія іншыя праблемы нашых абанентаў стараемся вырашыць у кароткі тэрмін. Усе звароты па меры паступлення я адрасую брыгадзе электраманцёраў. А паломкі бываюць розныя. Вельмі прыемна, калі большасць з тых, хто звяртаецца да нас, разумее, што ў адну хвіліну да ўсіх адразу дайсці немагчыма.
Работу сваю люблю і іншай нават не ўяўляю. У большасці, напэўна, з-за працы ў дружным, з’яднаным калектыве. Упэўнена, што мае калегі заўсёды дапамогуць у цяжкую хвіліну, падбадзёраць і разам са мной парадуюцца якомусьці поспеху. Ці не гэта сапраўднае сяброўства? Наш карпаратыўных дух мы заўсёды падтрымліваем у сумесных адпачынках на прыродзе, а таксама падрыхтоўцы і ўдзеле ў розных раённых спартыўных і творчых конкурсах. Асабіста я – прыхільніца турзлётаў.
Родам Святлана з вёскі Мацеяўцы. Пасля заканчэння СШ № 2 г. Докшыцы атрымала прафесію бухгалтара ў Полацкім аграрна-эканамічным каледжы. Раённы вузел электрасувязі стаў першым месцам працы: сюды яна ўладкавалася аператарам сувязі ў 1999 годзе. Яе стаж у РВЭС – 18 гадоў. За гэты час змяняліся тэхналогіі перадачы тэле- і радыёсігналу, а таму невыпадкова па-новаму называлася і працоўнае месца маладой жанчыны.
Цяпер у абавязкі электрамеханіка лінейных збудаванняў электрасувязі і абаненцкіх устройстваў уваходзіць не толькі прыём заказаў і тэсціраванне ліній электрасувязі. Святлана вядзе разлікі з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, трымае на кантролі дэбіторскую запазычанасць і многае іншае.
– Вось і спатрэбіліся азы бухгалтэрыі, – усміхаецца яна. – Але больш, канечне, праца звязана з людзьмі. Бывае, што цэлы дзень на тэлефоне: так нагаворышся, што дома хочацца памаўчаць.
Пасля працоўнага дня Святлану чакаюць любімы муж і дачка Вольга. Сын Віктар – студэнт, дома бывае зрэдку, калі толькі на выхадныя. Калі ж сям’я збіраецца разам, то найлепшы сумесны адпачынак – выезд на прыроду. Любоў да прыгажосці выяўляецца яшчэ ў адным захапленні маладой жанчыны – кветках, якіх поўна і ў доме, і на тэрыторыі ля яго.
Мінулы год для Святланы Пачкоўскай адзначаны прызнаннем яе як высокакласнага спецыяліста ў сваёй сферы, пра што гаворыць званне “Лепшы работнік сувязі”.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *