Татьяна Головач в ответе за юридическую безопасность РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник»

img_3779Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і прававой работы РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Таццяна Галавач з той кагорты людзей, якія на любой пасадзе імкнуцца ве­даць пра справу усё да дробязей, таму яна бывае на кожным участку свайго прадпрыемства, каб разумець працэс знутры. Мы пагутарылі з кампетэнтным спецыялістам адной з буйнейшых арганізацый раёна пра новы аддзел камунгаса, выбар справы жыцця, крыху закранулі асабістае. У цэлым склаўся партрэт сучаснага спецыяліста, які добра разумее, як трэба ставіцца да справы, каб яна была выніковай.

Выбар прафесіі

Дзяўчына з Барсукоў была малодшай дачкой у сям’і. Але ўжо з дзяцінства яе маці Ганна Шыбут (цудоўны школьны кухар, пра талент якога раённая газета расказвала неаднойчы), заўважала, што Таня хуткая ў любой даручанай справе.

А яшчэ ў дзяўчыны было надзвычай абвострана пачуццё справядлівасці і, бачачы, што кагосьці крыўдзяць дарэмна, яна не магла змаўчаць.

– У Полацкі тэхнікум на юрыдычны факультэт паступала мэтанакіравана, бо лічыла і лічу, што прафесійна абара­няць правы – гэта справа, з якой я спраўлюся, – расказвае Таццяна Галавач.

Пасля вучобы яна трапіла на працу ў самае буйное сельгаспрадпрыемства раёна – ААТ “Таргуны”. І вызначае дзесяць гадоў, якія адпрацавала ў арганізацыі, найлепшым часам станаўлення, сваёй прафесійнай і жыццё­вай школай:

– Не скажу, што ўсё было гладка адразу. Часта ўзнікалі спрэчныя сітуацыі, толькі я зразумела галоўны складнік юрыдычнай справы: няма падставы – пытанне не ўздымай, але, калі твае дзеянні пацвярджаюць заканадаўчыя акты і нормы, адстойвай сваю праўду смела і да канца, – разважае сённяшні начальнік аддзела камунгаса і працягвае:

– Вельмі люблю вучыцца, таму, калі, ужо працуючы, атрымлівала вышэйшую адукацыю, успрымала гэта не як дадатковы цяжар, а як цікавы шлях да новай інфармацыі, якая абавязкова будзе карыснай. Упэўнена, што ніякія веды лішнімі ў жыцці не бываюць.

Дзень сённяшні

– У нашым аддзеле працуе чатыры чалавекі, – расказвае Таццяна Генадзьеўна. – Маё галоўнае патрабаванне да іх: веды і сістэмнасць, структурнасць работы. Сёння існуе шэраг дапаможных праграм, якія дазваляюць апрацаваць вялікі аб’ём інфармацыі за кароткі тэрмін, і мая пазіцыя адназначная – гэтым грэх не карыстацца. На сённяшні дзень мы вядзём не толькі кадравыя пытанні, але і поўнае юрыдычнае суправаджэнне прадпрыемства: змяншэнне дэбіторскай запазычанасці, пытанні прыватызацыі жылля і неплацельшчыкаў, выкананне патрабаванняў Дэкрэта № 18 і шэраг іншых спецыфічных момантаў дзейнасці шматгаліновай арганізацыі. На рахунку нашага аддзела шмат судовых спраў паспяхова даведзеных да фіналу. Імкнуся пабываць на кожным участку, каб на свае вочы ўбачыць, як працуе і выглядае тэхніка, якую збіраемся змяніць на новую, як функцыянуе кацельная, куды набывалася дадатковае абсталяванне і шмат чаго іншага.

Камунальнікі на раённых спаборніцтвах заўжды славяцца сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Таццяна і ў гэтым падтрымлівае калектыў: можа згуляць у тэніс і ўмела аддаць пас у валейбольнай камандзе. А на абласным галіновым конкурсе чытальнікаў яна ўвогуле стала пераможцай, за што была адзначана на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі.

І асабістае

Таццяна Галавач – працаголік. Яе сям’я – а гэта муж і сынок – прызвычаіліся да гэтага факта.

– Нягледзячы на тое, што львіную долю часу праводжу на рабоце, мае родныя – галоўная каштоўнасць. Вялікі дзякуй мужу, што ён прымае мяне такой, якая я ёсць: часам занадта шумнай і актыўнай. Наш саюз пабудаваны на супрацьлегласці. Дзеля родных жыву, ім адданая і крыўдзіць іх не дазволю нікому. А работа – гэта маё другое жыццё. Ніколі не ўспрымала працу як павіннасць, бо яна дае столькі шанцаў для асабістага развіцця, што гэтым нельга не скарыстацца.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *