В Докшицком районе людям, которые оказались в трудной жизненной ситуации, идут навстречу

naparnik-pic700-700x467-73401Закончыўся тэрмін выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў за 2015 год па Дэкрэце № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Выплата збору ажыццяўляецца на падставе паведамлення падатковай інспекцыі. Людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ідуць насустрач. Атрымаўшы паведамленне, чалавек мае права прадставіць дакументы або тлумачэнні, якія могуць вызваліць яго ад выплаты збору. Для гэтага яму трэба звярнуцца ў “адно акно” райвыканкама і напісаць заяву. Пры сабе ў абавязковым парадку трэба мець дакумент, які пацвярджае асобу, даведку са звесткамі аб даходах самога грамадзяніна і членаў яго сям’і, якія з ім сумесна пражываюць за 12 месяцаў, што папярэднічалі месяцу падачы заявы. Пажадана яшчэ мець дакументы, якія б пацвярджалі і “цяжкае становішча” асобы.

Як паведамілі ў “адным акне” райвыканкама, на сённяшні дзень 20 чалавек звярнуліся з просьбай аб вызваленні ад збору. Пададзеныя заявы трапляюць у камісію пры райвыканкаме па разглядзе заяў грамадзян аб прадстаўленні льгот па выплаце рэспубліканскіх і мясцовых падаткаў, якія поўнасцю выплачваюцца ў мясцовы бюджэт.

– Кожную канкрэтную сітуацыю разглядаем з пазіцыі чалавечнасці. Пры прыняцці рашэння ўлічваюцца стан здароўя чалавека, наяўнасць утрыманцаў,
матэрыяльна-бытавыя ўмовы, у якіх пражывае заяўнік, і іншыя абставіны, – тлумачыць старшыня згаданай камісіі Вацлаў Андрыеўскі. – Каб раза­брацца аб’ектыўна з кожнай сітуацыяй і высветліць, дзе сапраўды драма, а дзе звычайная “ліпа”, намаганняў трэба прыкласці нямала. На працэдуру гэтага кшталту адводзіцца 15 дзён, калі патрэбны дадатковыя ўдакладненні, тэрмін падаўжаецца да месяца. Па дзевяці зваротах на сёння прыняты рашэнні. Чатыры чалавекі поўнасцю, адзін часткова вызвалены ад выплаты збору па стане здароўя. Задаволены зварот мужчыны, які даглядае старэнькую маці. Бабуля мае патрэбу не толькі ў доглядзе, але і ў кантролі за паводзінамі. Часткова вызвалены ад выплаты збору грамадзянін, які даглядаў маці, пакуль яна была на бальнічным лісце па прычыне пералому. Разам з тым адмовілі мужчыне, які не працуе больш за дзесяць гадоў быццам бы таму, што даглядае бацьку. Але ж дакументаў, якія б пацвярджалі тое, што стары мае патрэбу ў доглядзе, ён не мае. Адмову атрымаў і яшчэ адзін грамадзянін, які не змог прадставіць дакументаў, якія б пацвердзілі яго цяжкае становішча.

Дарэчы, медыцынскія прычыны з’яўляюцца аднымі з галоўных, з-за якіх грамадзяне просяць вызваліць іх ад выплаты падатку на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Але, яшчэ раз падкрэсліваю, кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *