Фестиваль весёлых и находчивых состоялся в Докшицком районе (+фото)

У намінацыі “Лепшы вакал” адзначана  каманда “Калабкі” Сітцаўскай СШ.

У намінацыі “Лепшы вакал” адзначана
каманда “Калабкі” Сітцаўскай СШ.

Першакрасавіцкая субота. У глядацкай зале ККЗ “Іскра” няма свабодных месцаў. Гэта прыхільнікі жартаў і гумару па традыцыі сабраліся на своеасаблівую смехатэрапію: у шаснаццаты раз адбыўся раённы фестываль школьнай сатыры і гумару.

“З навуковага пункту гледжання”, – так гучала тэма музычнага фрыстайла, які прадстаўлялі восем каманд. Пакуль юныя гумарысты рыхтаваліся да выхаду на сцэну, вядучы – вучань СШ № 2 г. Докшыцы Аляксандр Падбярэзскі – яшчэ раз нагадаў гледачам пра карысць смеху.

Якія толькі жарты не сыпаліся з вуснаў выступоўцаў у гэты дзень! Моладзь прыдумвала новую расшыфроўку абрэвіятуры КВЗ, смяялася над сваімі звычкамі і паводзінамі, гумарыла пра школу і настаўнікаў. Крулеўшчынскія вучні паабяцалі разнесці фестываль па акрузе, як вятранку па дзіцячым садзе. Сітцаўскія раскрылі сакрэт з’яўлення сучаснага скандальнага танцавальнага стылю “твёрк”. Стала вядома, што ў Параф’янаве больш за ўсіх радуюцца з’яўленню Wi-Fi бабулі, зарэгістраваныя ў сац­сеці “Аднакласнікі”. Трапнымі і дасціпнымі былі жарты вучняў абедзвюх гарадскіх школ. Докшыцкія юнакі і дзяўчаты ў сваіх выступленнях выкарыстоўвалі папулярныя музычныя кампазіцыі, згадвалі вядомых блогераў, рэпераў, а таксама, кажучы на моладзевым слэнгу, флэксілі (танцавалі) і рофлілі (рагаталі).

Пакуль журы падводзіла вынікі фестывалю, добры настрой гледачоў падтрымлівалі юныя артысты раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.

І вось каманды ўзняліся на сцэну ў чаканні развязкі інтрыгі. Але журы сёлета вырашыла не адзначаць пераможныя месцы, а назваць кожную каманду лепшай у якойсьці намінацыі. Дыпломы капітанам уручыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Кучыц, якая падзякавала за моцны запал весялосці, энергіі і добрага настрою не толькі ўдзельнікам каманд, але і тым, хто дапамагаў ім у падрыхтоўцы да фестывалю. У выніку пераможцай у намінацыі “Творчае самавыяўленне і актыўная пазіцыя ў прапагандзе гумару” стала каманда Бягомльскай СШ “13+”. “Вернасць традыцыям КВЗ” – “Смайл” (Параф’янаўская СШ). “Пошук і творчы падыход” – “Укантакце” (Тумілавіцкая ДССШ). “Музыкальнасць і эмацыянальны настрой” – “Фэнсі” (Крулеўшчынская СШ). “Згуртаванасць і камандны дух” – “Дэбош” (СШ № 2 г. Докшыцы). “Стыль і майстэрства” – “Звычайныя людзі” (Парплішчанская СШ). “Самабытнасць і арыгінальны падыход” – “Калабкі” (Сітцаўская СШ). “Артыстызм і мастацкае ўвасабленне вобраза” – “Крэйзі” (СШ № 1 г. Докшыцы).

Адкрыццём года прызнана крулеўшчынская каманда. За лепшы вакал узнагароду атрымалі сітцаўскія калабкі, а за лепшы жарт – каманда СШ № 1 г. Докшыцы. За лепшую акцёрскую работу адзначылі Данііла Кучыца з Сітцаўскай СШ. “Міс КВЗ-2017” назвалі вучаніцу Параф’янаўскай школы Юлію Круковіч, званне “Містар КВЗ-2017” прысвоена Антону Барыле з СШ № 1 г. Докшыцы.

Акрамя дыпломаў, кожная каманда атрымала салодкія прызы, якія ўручыла першы сакратара РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук.

Тэкст і фота Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Один комментарий для “Фестиваль весёлых и находчивых состоялся в Докшицком районе (+фото)

  • 05.04.2017 в 1:55 пп
    Permalink

    Фотографии высокого качества! Много интересных снимков

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *